Архітэктар Папруга: Хочуць цыбуліны на царкве — няхай будуюць новы храм
У каментарах да артыкула пра намеры ўсталяваць на вежах навагрудскай Барысаглебскай царквы цыбулепадобныя купалы Уладзімір Папруга піша: «У рэстаўрацыі ёсць паняцце «пазнейшых наслаенняў», да якіх, пры выкананні рэстаўрацыйных задачаў трэба ставіцца гранічна ўважліва ды максімальна шанаваць, калі яны не перашкаджаюць ўспрыняццю найважнейшых аўтэнтычных асаблівасцяў помніка, ды не ўваходзяць у супярэчнасць з імі». Архітэктар падкрэслівае, што «асабліва гэтае палажэнне актуальнае для аб’ектаў «рэстаўрацыйнага пагранічча» — то бок аб’ектаў, у аўтэнтычнае аблічча якіх былі здзейсненыя інтэрвенцыі ў эпоху да прыняцця міжнароднай супольнасцю базавых прынцыпаў абыходжання з помнікамі (якая фармальна пачалася ў канцы 18 — пачатку 19 ст. і базавыя палажэнні якой канчаткова былі сфармуляваныя Венецыянскай Хартыяй у траўні 1964 г.)».
РПЦ і «рэстаўрацыйнага пагранічча»
Безумоўна — РПЦ, калі вешала на ўсе рознастылёвыя беларускія культавыя аб’екты свае цыбуліны, каб абазначыць «кананічную» тэрыторыю (тут ня маюцца на ўвазе «цэрквы-мураўёўкі» — аўтэнтычныя аб’екты ўласна РПЦ) — у вышэйназваным працэсе выпрацоўкі рэстаўрацыйных падыходаў — ня ўдзельнічала, — піша сп. Папруга. — Таму ўся тая дзейнасць РПЦ 19 ст. і патрапіла ў катэгорыю «рэстаўрацыйнага пагранічча».
Закон па-над усім
«Цяпер сітуацыя прынцыпова іншая. Каб абараніць помнікі ад «перабудовачнае каруселі» — існуе закон, які рэгулюе дзейнасць усіх уласнікаў гісторыка-культурных аб’ектаў, што адзінае і гарантуе далейшую захаванасць помнікаў ды іх перадачу наступным пакаленням ва ўсім іх багацці аўтэнтычнасці».
«Сп. Лаўрэцкі выйшаў за межы кампетэнцыі»
«Сп. Лаўрэцкі (Генадзь Лаўрэцкі, навуковы кіраўнік аб’екта рэстаўрацыі — Барысаглебскай царквы, дацэнт кафедры «Тэорыя і гісторыя архітэктуры» БНТУ — nn.by) найбольш і грашыць тым, што абсалютна неабгрунтавана дазваляе сабе адвольную «рэстаўрацыю» ад галавы, цалкам ігнаруючы галоўны рэстаўрацыйны прынцып: рэстаўрацыя кожнага канкрэтнага помніка заканчваецца там, дзе пачынаецца здагадка.
Ён, як і РПЦ, застаўся галавою ў пачатку — сярэдзіне 19 ст., калі ўсе гэтыя цыбуліны і пачалі на беларускія помнікі вешацца. Ці мае такі чалавек права выкладаць рэстаўрацыю студэнтам? Ніякім чынам прафесійныя пытанні рэстаўрацыі не вызначаюцца заказчыкам, бо гэта адразу тады сплывае ў кіч, з бязлітасным разбурэннем самога помніка. Гэта і амаральна, і незаконна».
Не падабаецца — пабудуй сваё
«Ні святар, ні прыхаджане ня маюць права нявечыць чужыя для іх аўтэнтычныя помнікі. Калі яны ня могуць увайсці ў культурны кампраміс з аўтэнтыкай помніка гісторыі — яны павінны пакінуць яго ў супакоі, ды збудаваць хай і побач — але свой, на іх погляд «правільны» і «лепшы». Яны абралі іншы, цалкам амаральны і незаконны шлях. І, ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, павінны адмовіцца ад сваіх антызаконных дзеянняў. А Мінкультуры — уважліва прасачыць, каб помніку не было нанесена шкоды ад запланаванай уласнікам інтэрвенцыі. І зрабіць адпаведныя аргвысновы ў дачыненні да навуковага кіраўніка сп. Лаўрэцкага — калі шкода, што наносіцца помніку, вынікае з ягоных некампетэнтных дзеянняў.
Ва ўсіх выпадках трэба быць гранічна ўважлівым.
Венецыянская Хартыя — дасканалы дакумент, вынік амаль двухсотгадовага досведу чалавецтва. Безумоўна, гэты дакумент дапаўняецца іншымі напрацоўкамі, галіна развіваецца далей — але падважваць «класіку» Венецыянскай Хартыі папросту бессэнсоўна, бо яна сама па сабе ўжо есць «гісторыка-культурнай каштоўнасцю».
«Вытрымаць культурны баланс»
Вытрымаць культурны баланс — гэта высокапрафесійная задача многіх спецыялістаў, шматвектарны працэс, канчатковыя станоўчыя вынікі якога гарантаваныя толькі адным: поўным разуменнем усімі ўдзельнікамі працэсу задач, якія ставяцца, і метадаў, якімі пастаўленыя задачы могуць быць дасягнутыя. У гэтым працэсе няма места палітыканству, густаўшчыне і адміністрацыйнаму ціску, заказчыка ў тым ліку. Іначай помнікі безнадзейна страчваюцца. Гістарычны цэнтр Мінску — самы блізкі і красамоўны прыклад.
Глядзі яшчэ:
Ігар Чарняўскі: У справе царквы ў Навагрудку занадта шмат эмоцый
Сямён Печанко