Офісная апазіцыя
Жыхары вёскі Шырокая сцяной усталі супраць пабудовы шкоднай вытворчасці. |
Шматлікія эксперты пішуць пра «чарговыя граблі», на якія наступае апазіцыя. Яе лідэры, як і мы з вамі, чытаем адны і тыя ж сайты, а таму бягучыя апініі палітолагаў/аналітыкаў яны таксама праглядаюць, спрабуюць дапасоўвацца. Вось толькі, чамусьці, прыходзіць новая выбарчая кампанія – лоб ізноў з гузаком, а на незалежных старонках з"яўляюцца чарговыя каментары пра «граблі». Можа, апроч экспертаў, варта прыслухацца і да шараговых беларусаў?
«Мы ж, не «бээнэфаўцы», каб нас труціць?!» -- ускліквае жанчына з-пад Ліды. У яе вёсцы Шырокая за гародамі знаходзіцца сцёкавая труба з гарадскіх ачышчальных збудаванняў, праз дарогу завод «Оптык», а праз 300 метраў мясцовыя ўлады маюць намер пабудаваць прадпрыемствы па ацынкоўцы металу.Пра гэта неяк пісала «Наша Ніва». Я туды трапіў на наступны дзень пасля візіту ў вёску карэспандэнткі найстарэйшага выдання. Адчайная рэпліка жанчыны гучала ў адрас мясцовага ідэолага. Жыхары досыць заможнага і вялікага паселішча ўвечары вымушаныя зачыняць форткі, там нельга пабачыць шпацыраў моладзі, гаворак бабулек ля падворкаў. Смурод стаіць такі, што пасля працоўнага дня вяскоўцы вымушаныя замыкацца ў сваіх хатках. А таму акрэсленне гэтай сітуацыі жыхаркай Шырокай праз параўнанне з «бэнээфаўцамі» як найлепей пасуе. Як да вяскоўцаў, так і да апазіцыі. Праз акупаванне Уладай тэрыторыі па-за офісам яны вымушаныя заставацца ў сваіх хатках. Ім праз вокны відаць «прахадныя МАЗаў». Яны бачаць: крызіс дапёк рабочым! Вось слабое месца рэжыму! Ствараецца антыкрызісная платформа, яна піярыцца як галоўная зброя на мясцовай кампаніі, адзін з кандыдатаў (і яе аўтараў) яе выкарыстоўвае як прэзідэнцкую толькі пад іншай назвай.
Аднак,
як вынікае з апошніх сацыялагічных даследаванняў праведзеных лабараторыяй Новак і ацэненай экспертамі Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў BISS -- для амаль паловы беларусаў не ўсё так кепска і няма чаго крычаць пра крызіс, а для другой – можа і кепска, але жыць можна. Выходзіць, з мэсіджам не ўгадалі. То можа, адгадаем з адзіным? Але на пачатку створым працэдуру. Ці некалькі, а пасля вырашым, якая лепшая для дзесятка кандыдатаў на адзінага. Неістотна, якую ідэалогію ён прадстаўляе, які мае рэйтынг і грамадскі даробак -- галоўнае, каб ён пасаваў гаспадарам некалькіх партыйных офісаў ды, каб на Плошчы замест Адміністрацыі не павёў да Вечнага агню. Вось толькі ўзнікае пытанне: каго павядзе?Тых 45% каму «ня ўсё так кепска» ці іншыя 45% каму «кепска, але жыць можна»? Не. Гэтыя праз аўтазакі ў дварах прадзірацца да Плошчы не будуць. Ці будуць, але ў выпадку, калі будзе упэўненасць, што на заўтра яны прачнуцца ў лепшай краіне.
На выбарах гарантыяй такога «лепшага заўтра» з"яўляецца ідэя. З яе вынікае, чаму ў беларуса будзе поўная лядоўня, на вуліцах парадак, на межах брак чэргаў, а ў гарвыканкамах спагадлівыя чыноўнікі. Іншая справа, што такую ідэю цяжка сфармуляваць, не ведаючы на чым палягае светапогляд шараговай сям"і не толькі ў Менску, але і на Лідчыне, і ў Чавусах і г.д. Як гэта зрабіць? Ва аўтарытарных рэжымах, дзе няма магчымасці для нармальнай палітычнай камунікацыі толькі праз непасрэдны кантакт. На першым этапе з ідэяй, пасля з яе носьбітамі, потым – на Плошчы – з яе галоўным рэпрэзентантам.
У Польшчы “Салідарнасць” магла ўвайсці ў кожныя дом. Яна камфортна там сябе пачувала, бо ведала пра ўсе праблемы і чаканні жыхароў гэтага дома. І яны міжволі станавіліся часткай “Салідарнасці”, часткай ідэі.
То можа час перастаць мерацца колькасцю ініцыятыўных групаў ці «спонсарскімі» кантактамі, а задумацца над ідэяй? Толькі гэтым разам паразмаўляўшы на пачатку з жыхарамі, хоць бы, той Лідчыны. Дарэчы, апроч вёскі Шырокай з такой жа праблемай там сутыкаюцца яшчэ тры суседнія вёскі.Яны знаходзяцца фактычна на мяжы з райцэнтрам, а цягам трох тыдняў змаганняў і вострых канфліктаў з мясцовымі ўладамі, туды не наведаўся ніводзін лідэр ці, прынамсі, прадстаўнік апазіцыі.
* * *
Алесь Залеўскі – вядоўца праграмаў “Белсату”.
Алесь Залеўскі