Зброя для спецназа

Источник материала:  
20.06.2010 14:18 — Разное
Падчас крызісу куды найперш накіроўваюцца сродкі? Зразумела, на самае неабходнае. Без чаго ў цяжкі час ніяк не абысціся.

Зброя для спецназа
Фота БЕЛТА. Вучэнні групы «Альфа».

Аднак кіраўнік дзяржавы нашай і тут пайшоў сваім адметным шляхам. Беларусь збіраецца набываць найноўшыя ўзоры ўзбраення. Яно тэрмінова патрэбна шматлікім спецпадраздзяленням. Ні з кім краіна не ваюе. І пакуль што не збіраецца. Але гэткія дробязі нікога не цікавяць. Босымі і голымі застанемся, але неверагодную вінтоўку, якой ні ў каго пакуль яшчэ няма, абавязкова купім. На зброі тут не эканомяць. Пра нашу ваяўнічасць павінен ведаць свет.

Палітыкі наіўныя перад чарговымі выбарамі ідуць звычайна ў народ. А таварышы спрактыкаваныя спяшаюцца туды, дзе можа месціцца рэальная гарантыя чарговай элегантнай перамогі. І наўрад ці адкуль-небудзь яшчэ перамога тая бачыцца так выяўна, як з базы групы «А» тутэйшага КДБ.

Прэс-служба начальніка краіны патлумачыла мэты высокага візіту — там праводзілася «совещание по вопросу совершенствования работы межведомственных государственных органов системы обеспечения безопасности Беларуси». Крыху шматслоўна і заблытана, але нічога.

Сэнс не ў тым, каб кожны разумеў, што і да чаго. Час не той. Ён вымагае дзеянняў — рашучых і імклівых. Сантыменты былых гадоў апалі, нібы восеньскае лісце. І засталася толькі голая ісціна: стабільнасць — гэта найперш спецназ. А таму і карты яму ў рукі. Дакладней, найноўшую зброю. Калі не ён абароніць ад розных непрыемнасцяў найвышэйшую ўладу, тады хто?

Аднак на той нарадзе

перадвыбарчы акцэнт быў адрынуты адразу. Якія выбары — тут сапраўдная трывога. Краіне пагражае небяспека. Каварны вораг зноў наблізіўся да нашага парога. А таму «необходимо выработать четкий механизм межведомственной координации антитеррористической деятельности силовых структур».

Штосьці неверагоднае адбываецца ў свеце. Зусім як у сорак першым. Лета, чэрвень. Люд паспаліты расслабіўся, думае пра адпачынак. А пільнае кіраўніцтва тым часам ужо інспектуе «Альфу», бо высветлілася раптам рэальная пагроза тэрарызму. «Это зло,- папярэджвае спецслужбоўцаў правіцель, — стремительно расползаясь по планете, сегодня вплотную подошло к границам нашего государства. Свидетельство тому — недавние террористические акты в Москве. Мы не имеем права ослаблять внимание к таким угрозам безопасности людей, уповая на стабильность социально-политической обстановки в Беларуси».

Гэта ж трэба — тэрарызм стаіць на мяжы. А тут нейкія недарэчныя размовы пра выбары ды яшчэ наконт магчымай змены спрадвечна-нязменнага кіраўніцтва, якое асабіста выкрыла страшэнную пагрозу краіне і адразу паспяшалася на базу самага надзейнага спецпадраздзялення. Аднак жа адкуль узяліся тэрарысты? З Літвы, з Украіны ці з Польшчы? З цьмяных намёкаў пра выбухі ў Маскве ўвогуле нічога не зразумець. Тыя выбухі грымяць там з пачатку чачэнскай вайны і да гэтага часу мясцовае кіраўніцтва чамусьці ніяк не хвалявалі. Імперскія разборкі на тых далёкіх накірунках Беларусі пагражаюць даволі ўмоўна. Ва ўсякім разе, у якасці істотнага аргумента на карысць дадатковага фінансавання спецпадраздяленняў наўрад ці могуць разглядацца. А калі не гэта, тады што?

Мясцовыя змагары з тэрарызмам сустрэлі правіцеля загаддзя падрыхтаваным феерычным шоў. Цагліны галавой, як было раней, не разбівалі. Адразу і рашуча пайшлі на вызваленне пэўнага адміністрацыйнага будынка, нібыта захопленага ўсё тымі ж тэрарыстамі. Які будынак мелі на ўвазе, якіх захопнікаў выцяснялі, разумелі ўсе без лішніх тлумачэнняў. Штурм прайшоў з выкарыстаннем баявых патронаў і быў настолькі паспяховым, што высокі госць асыпаў тое спецпадраздзяленне шчодрымі абяцаннямі. На базе збудуюць новы снайперскі цір на чатырыста метраў, забяспечаць найноўшай зброяй ды яшчэ пабудуюць гэтак званы «катэджны гарадок» для штурмавых трэніровак.

Між іншым, дзіўная задума. Чаму патэнцыйныя тэрарысты будуць шчаміцца менавіта ў катэджны пасёлак, зразумець цяжка. А вось інтарэс абаронцаў улады да гэткіх жа аб’ектаў калісьці ўжо акрэсліўся выразна. У двары адной сядзібы некалі даваў спектакль «Свабодны тэатр». І раптам уламілася туды адпаведнае падраздзяленне. Гледачы напачатку падумалі нават, што гэта такая рэжысёрская знаходка. І толькі калі новыя персанажы захапілі ўсіх тых гледачоў, з гаспадарамі дома і акторамі ўключна, зразумелі, што гэта сціплы унёсак дзеючай улады ў развіццё сцэнічнага мастацтва. Усё, на што ўлада тая здатная.

Аднак хто можа ведаць спецназаўскія таямніцы? Магчыма, гэткім чынам службоўцы адпрацоўвалі тактыку абароны Драздоў і вызваленне адной з тамтэйшых пабудоў ад тэатралізаванага тэрарызму. Час цяпер няпэўны, цяжкі. І ад ненадзейнага грамадства ўсяго можна чакаць. Нездарма ж гэтыя спецпадраздзяленні множацца, нібы камары на балоце. І ў памежнікаў яны ўжо ёсць. І ў міліцыянтаў. У войску — таксама. Вядома ж, ёсць яны і ў КДБ. Але іх усё яшчэ мала. І ім усё мала. Вось новая зброя тэрмінова спатрэбілася. І правіцель прамовіў між іншым: «Хорошо, что у нас есть чем воевать». З кім?..

Увесь час, дзе толькі можна, ён падкрэслівае, што Беларусь надзвычай бедная краіна. І сапраўды, за расійскі газ нечым заплаціць. Да такой дажыліся галечы, што нават у школьнікаў і бабулек адабралі ільготны праезд у аўтобусах ды трамваях. Такая вось «сацыяльна арыентаваная» дзяржава. А што зробіш — і на гэтым трэба эканоміць. У цэнтры Мінска на вуліцы Платонава з савецкага часу гібее недабудаваная руіна — шпітальны корпус. Катастрафічна не хапае месцаў у раённых шпіталях — хранічна няма на тое сродкаў. Калі ўзнікае неабходнасць хворае дзіця накіраваць на аперацыю, якую могуць выканаць толькі за мяжой, людзі самі збіраюць грошы. Хто што можа. Як падчас вайны і стыхійных бедстваў. Калі надта пашчасціць, для каго-небудзь, магчыма, патрэбная сума збярэцца. А для большасці — не. Аднак дзяржава на дапамогу тым, пакінутым, не прыйдзе. У яе іншы клопат.

Яна ўзбройвае спецназ.

←Брестский областной суд приговорил гражданку России к пятнадцати годам лишения свободы за убийство пожилой женщины

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика