Акцыя
Як паведаміў спецыяліст па экалагічнай адукацыі АПБ Руслан Шайкін, асноўная мэта акцыі — далучыць людзей да назіранняў за салаўямі і ўліку гэтых птушак. Галоўным вынікам яе стане «Салаўіная карта — 2010», падрыхтаваная на падставе паведамленняў аматараў прыроды і прафесіяналаў, якую атрымаюць усе ўдзельнікі ўліку.
айкін адзначыў, што салаўі прылятаюць у Беларусь у канцы красавіка — пачатку мая. Сёлета першыя салаўі заспявалі ў Мінску 27 красавіка. Пасяляецца салавей звычайна ў вільготных месцах, дзе захавалася багатая прыродная расліннасць, густыя хмызнякі і травы.
Акцыя «Салаўіныя ночы» праводзіцца з 2007 года ў трэція выхадныя мая. Штогод удзельнікамі назіранняў і ўліку становяцца тысячы людзей, адзначыў Шайкін.
Для ўдзелу ў акцыі неабходна патэлефанаваць па нумарах у Мінску: 263‑06‑13, 263‑01‑30 і паведаміць пра месцы спеваў салаўёў. 15 і 16 мая званіць можна ў любы час сутак. Абаненты «МТС» і velcom могуць таксама адправіць інфармацыю пра месцы спеваў салаўёў SMS на нумар 0841.Сярод удзельнікаў уліку будзе разыграны палявы камплект АПБ, які ўключае бінокль, вызначальнік птушак, дыск з галасамі птушак, кепку і значок арганізацыі.
15 мая для ўсіх жадаючых у Цэнтральным батанічным садзе і Мінскім заапарку з 10.00 да 15.00 будуць арганізаваны спецыяльныя пляцоўкі для знаёмства з салаўямі. Там можна будзе паслухаць іх спевы і паспрабаваць паназіраць за гэтымі птушкамі.
Алена Спасюк, БелаПАН