Грошы, якія нельга памацаць

Источник материала:  
08.05.2010 22:10 — Разное
Якія сістэмы электронных аплат найчасцей выкарыстоўваюцца ў Беларусі?

Хоць электронныя грошы і выглядаюць для большасці людзей чымсьці загадкавым, дзейнасць гэтага фінансавага сектара ў Беларусі ўпершыню трапіла ў прававое поле даволі даўно — яшчэ ў 2003 годзе. Тагачасная пастанова Нацбанка №201 «Аб зацверджанні правілаў ажыццяўлення аперацый з электроннымі грашыма», хоць і з прынятымі ўдакладненнямі, застаецца актуальнай да гэтага часу.

Насуперак пашыранаму меркаванню, звычайныя банкаўскія карткі не з’яўляюцца электроннымі грашыма. Галоўнае ў электронных грашах тое, што банкаўскія рахункі патрэбныя толькі пры ўводзе і вывадзе грошай з сістэмы. Пры гэтым выкарыстоўваецца рахунак банка, а не кожнага асобна ўзятага карыстальніка. А вось у банкаўскіх картках кожны карыстальнік мае ўласны рахунак.

Асноўны прынцып працы электронных грошай: карыстальнік указвае ў інтэрнэце свой асабісты нумар, суму аплаты і — у залежнасці ад сістэмы — кантрольны код. Сістэма пасылае на рахунак крамы электронныя грошы з рахунка карыстальніка. Атрымальнік звяртаецца ў працэсінгавы цэнтр, каб атрымаць пацверджанне сапраўднасці грошай і квітанцыю аб аплаце. Калі грошы прымаюцца, квітанцыя дасылаецца і пакупніку. Калі кантрольны код папярэдне не выкарыстоўваўся, карыстальнік мусіць пацвердзіць аперацыю.

Істотны момант, на які шмат хто не звяртае ўвагу, — з даходаў ад электронных грошай таксама плацяцца падаткі. Праўда, у падатковым кодэксе ёсць агаворка, што падаткам не абкладаюцца падарункі, атрыманыя ад фізічных асобаў, якія не перавышаюць 17,5 мільёна рублёў.

Якую сістэму абраць?

Асноўныя плацёжныя сістэмы, якія найчасцей выкарыстоўваюць жыхары Беларусі, — EasyPay, «Яндэкс.Грошы» і WebMoney.

EasyPay

Першая, уласна беларуская сістэма — EasyPay Яна была створана Белгазпрамбанкам у лістападзе 2004 года і дзейнічае на тэрыторыі Беларусі і Расіі. Грошы на рахунак можна пакласці амаль у 3000 пунктах па ўсёй тэрыторыі краіны: у паштовых аддзяленнях, большасці банкаматаў, а таксама праз банкаўскія пераводы. Забраць свае грошы можна як наяўнымі, так і залічыць іх на рэальную банкаўскую картку. Праўда, у любым выпадку камісія складзе 2%.

Якія арганізацыі працуюць з сістэмай? Праз EasyPay можна аплаціць усе камунальныя паслугі і паслугі сувязі. Апроч таго, з электроннымі грашыма працуе большасць інтэрнэт‑крамаў. У дадатак — букмекерскія канторы, латарэі, білеты «Белавія», касметыка… Галоўны мінус — міжнародныя плацяжы сістэмай не падтрымліваюцца.

Максімальная сума плацяжу складае мільён рублёў.

«Яндэкс.Грошы»

Досыць распаўсюджаная на тэрыторыі Расіі сістэма — «Яндэкс.Грошы» Яна працуе з 2002 года. Расійскія камунальныя плацяжы беларусаў не цікавяць, але ёсць шэраг іншых карысных катэгорый. Напрыклад, білеты ў тэатр і на канцэрты, аплата ліцэнзій камп’ютарных праграм, браніраванне гатэляў і пакупка білетаў на авія‑ і аўтобусныя рэйсы.

Нязручнасць для беларусаў у аддаленасці офісаў кампаніі. Калі без дай прычыны рахунак будзе заблакаваны — а пра гэта служба бяспекі кампаніі не папярэджвае, — прыйдзецца адпраўляцца ў Маскву, каб даваць пісьмовыя тлумачэнні па выстаўленых прэтэнзіях. Такой лічыцца, напрыклад, выкарыстанне «Яндэкс.Грошай» для камерцыйнай дзейнасці.

Каб карыстацца сістэмай, прыйдзецца прызнаць сябе грамадзянінам Расіі. Па правілах паслуга прадастаўляецца толькі ім.

Камісія за здыманне грошай складае ад 2% да 5%, але за перавод грошай на беларускую картку працэнт можа быць яшчэ большым. Праблемы і з тым, каб купіць «Яндэкс‑грошы». Для гэтага трэба альбо шукаць прыватныя аб’явы ў інтэрнэце, альбо купляць іншыя інтэрнэт‑грошы, а пасля канвертаваць іх у «Яндэкс».

WebMoney

«Іншыя грошы» — гэта, напрыклад, WebMoney. Створаная ў 1997 годзе, сістэма мае больш за 10 мільёнаў зарэгістраваных карыстальнікаў. Гарантам з беларускага боку выступае «Тэхнабанк». Ён адказвае за працу WMB‑грошай. «B» у канцы слова сімвалізуе беларускі рубель і фактычна роўна яму. Такія ж падраздзяленні маюцца ў Расіі, Украіне, Узбекістане. За беларускія інтэрнэт‑рублі можна аплаціць тое ж самае, што за EasyPay — камунальныя і сувязь.

А вось WMZ — гэта ўжо аналаг даляра. Ім можна расплачвацца па ўсім свеце. Каб легальна пераўтварыць WMZ‑грошы ў наяўныя, трэба абавязкова звярнуцца ў «Тэхнабанк», перавесці суму ў WMB, і толькі пасля атрымаць эквівалент у нацыянальнай валюце. Недаверу аперацыі дадае той факт, што, па чутках, «Тэхнабанк» абавязаны даваць справаздачу аб усіх аперацыях з WebMoney ў падатковыя інспекцыі Беларусі. Таму шмат хто — у абыход закона — шукае прыватныя аб’явы накшталт «мяняю 100WMZ на $99». Каб легальна купіць WMZ, зноў‑такі трэба прайсці дзве прыступкі, адна з якіх — прамежкавая канвертацыя ў WMB.

Дарэчы, для працы з WebMoney з сайта сістэмы трэба ўсталяваць на камп’ютар спецыяльную праграму.


Яўген Васількоў

←Гісторыя бульдогаў і насарогаў

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика