Расследуецца справа ў дачыненні да былога старшыні Вілейскага райвыканкама
Фота з сайта minpraud.by
Расследуецца крымінальная справа ў дачыненні да былога старшыні Вілейскага райвыканкама, паведаміла нашаму выданню афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці Таццяна Беланог.Крымінальная справа ўзбуджаная Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь па частцы 3 артыкула 424 Крымінальнага кодэкса Беларусі (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненае службовай асобай, якая займае адказнае становішча).
Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы паслужылі матэрыялы праверкі па факце злоўжывання службовай асобай сваімі службовымі паўнамоцтвамі ў асабістых мэтах, якія пацягнулі прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам.
Згодна з матэрыяламі праверкі, прадстаўнік улады выкарыстаў дадзеныя па службе паўнамоцтвы для будаўніцтва дома, які належыць яму.
Падазраваны даваў незаконныя ўказанні кіраўнікам мясцовых арганізацый аб перавозцы будматэрыялаў да дома, які будуецца, выкананні там будаўніча-мантажных работ. У тым ліку з прыцягненнем работнікаў у іх працоўны час без заключэння з імі адпаведных дамоў аб аплаце аказаных паслуг і выкананых работ.
Факты злоўжывання ўладай выяўленыя ў ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў.
У межах крымінальнай справы прызначаная фінансава-эканамічная экспертыза для ўстанаўлення памеру нанесенай матэрыяльнай шкоды.
Цяпер аддзел па расследаванні злачынстваў супраць інтарэсаў службы Следчага ўпраўлення ўпраўлення Следчага камітэта ажыццяўляе збор і праверку доказаў, неабходных для высвятлення абставін па крымінальнай справе.