Як паводка прайшлася па рэгіёне
Найбольш бяды яна нарабіла ў Маладзечне.
Вада на Маладзечаншчыне трымалася з 10 па 14 красавіка.
У Маладзечанскае МНС звярталіся людзі, у якіх падтапіла прыватныя дамы. Таксама званілі, калі падтапляла двары, скляпы і падвалы.
У самім Маладзечне падтапіла вуліцы Велікодную, Калядную і праезд Першамайскі.
Вада нашкодзіла і ў вёсках Вязавец, Вярхоўка, Дамашы, Сілівонаўка ды Рагазы.
Але нікога не перасялялі, не эвакуіравалі.
Нават з садовага таварыства “Будаўнікоў-81” выклікаў было няшмат. Яго падтаплівае штогод, а ў 2010 годзе вада там увогуле паднялася да вакон.
Сёлета пераважна выклікалі МНС з-за падтапленняў у дварах.
На Астравеччыне і Ашмяншчыне ўвогуле ўсё спакойна і ўзровень вады ў рэках у норме.
З Валожына ў МНС тэлефанавалі два разы. У абодвух выпадках выратавальнікі не спатрэбіліся: людзям па тэлефоне патлумачылі, як змагацца з вадой.
Перажыць паводку дапамаглі начныя маразы
Настасся РОЎДА.
Фота tio.by.