Вынесены прыгавор мужчыну, які 20 хвілін збіваў родную маці-інваліда
Ён спыніўся толькі тады, калі жанчына запаўзла пад ложак. Эксперты-псіхіятры вызначылі, што ў той час 45-гадовы мужчына быў не ў сабе.
Усё адбылося вечарам 29 ліпеня. Сын вярнуўся з работы дамоў, дзе жыве ўдваіх з 73-гадовай маці, нецвярозым і запатрабаваў ад жанчыны вячэру. Раптам яму падалося, што маці вельмі марудна накрывае на стол. Ён пачаў крычаць на яе. Жанчына штосьці адказала, і тады сын падхапіўся і ўдарыў кулаком два разы ў твар. З носа ў яе пайшла кроў.
Жанчына мае другую ступень інваліднасці з-за хваробы суставаў. Ёй складана хадзіць ці рабіць нейкую фізічную працу. Нават нажом парэзаць хлеб – праблема. Таму яна не магла ні супраціўляцца, ні ўцячы. Жанчына проста накіравалася да дзвярэй, каб выйсці з дому.
Калі яна ўжо была на верандзе, сын дагнаў, ударыў ззаду ў спіну тры разы і загарадзіў выхад.
Маці вярнулася ў пакой, там сын піхнуў яе ззаду, і жанчына павалілася на падлогу тварам уніз у метры ад ложка. Сын пачаў збіваць яе нагамі і драўлянай ручкай матыкі па галаве, целе, руках і нагах.
Жанчына не магла падняцца, яна марудна паўзла пад ложак. Калі запаўзла, сын ужо не мог яе дастаць. Супакоіўся і пайшоў спаць.
Праз 15 хвілін жанчына пачула, што сын спіць, і вылезла. Праз два дні яна выйшла на вуліцу і папрасіла суседзяў выклікаць “хуткую дапамогу”. Яе паклалі ў бальніцу.
Эксперты-псіхіятры вызначылі, што сын быў не ў сабе, калі збіваў маці. З-за злоўжывання алкаголем ён мае расстройства псіхікі.
Суд прызначыў абвінавачанаму два гады пазбаўлення волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.
Таксама яго будуць прымусова лячыць ад расстройства псіхікі. За ім будзе назіраць доктар-псіхіятр.
Мужчыну будуць лячыць і ад хранічнага алкагалізму.
Віктар ГАТОЎКА, памочнік пракурора Вілейскага раёна.
Фота mamba.ru