Скралі грошы, каб пакінуць іх у гульнявым аўтамаце
Двое нецвярозых маладзечанцаў пятага жніўня скралі з аўтамабіля “Форд-Сіера” 140 тысяч рублёў і 90 долараў. Суд вынес ім прыгавор 15 кастрычніка, які ўжо ўступіў у законную сілу.
Маладыя людзі загадзя прыдумалі план злачынства і размеркавалі ролі. Пакуль 23-гадовы маладзечанец сачыў за абстаноўкай, 20-гадовы напарнік тым часам адкрываў заднія дзверцы машыны праз прыадчыненае акно. У бардачку ў партаманеце ён знайшоў 140 тысяч рублёў і 90 долараў.
Хлопцы памянялі долары ў абменніку, і ўсяго скрадзеных грошай атрымалася амаль 900 тысяч рублёў. З імі маладыя людзі накіраваліся ў клуб гульнявых аўтаматаў, дзе амаль усе і прагулялі. А на тое, што засталося, купілі алкаголь.
Абвінавачаныя прызналі сваю віну цалкам і грошы кіроўцу аўтамабіля вярнулі.
Суд прызначыў кожнаму з хлопцоў па году абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу (па частцы 2 артыкула 205 "Крадзеж" Крымінальнага кодэкса Беларусі).
Сяргей ГАБРУКОВІЧ, старшы памочнік пракурора Маладзечанскага раёна.
Фотаautoban.by