Генеральная пракуратура заступілася за работнікаў прадпрыемства «ЛеГранд»
За парушэнні заканадаўства аб працы ў частцы парадку і тэрмінаў выплаты заработнай платы і канчатковага разліку са звольненымі работнікамі генеральны дырэктар прыватнага унітарнага прадпрыемства «ЛеГранд» прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, яму давялося выплаціць 280 тысяч рублёў.
Пра гэта паведамілі ў Генеральнай пракуратуры.
Праведзеная на прадпрыемстве пракурорская праверка паказала, што з 1 студзеня па 10 лістапада 2010 года з прадпрыемства звольнена 68 работнікаў. На момант праверкі запазычанасць перад 25 звольненымі склала амаль 99 млн. рублёў. Пры гэтым некаторым работнікам выплаты, якія належаць ад наймальніка пры звальненні, у парушэнне Працоўнага кодэкса не зроблены ў дзень звальнення.
Акрамя таго, па стане на 11 лістапада ў прыватнага прадпрыемства была запазычанасць перад работнікамі па заработнай плаце за жнівень і верасень больш за 151 млн. рублёў.
Пасля ўмяшання органаў пракуратуры ўся запазычанасць была пагашана на працягу тыдня.
700 тысяч рублёў штрафу гендырэктару «ЛеГранда» давялося выплаціць за парушэнні ў падаванні статыстычнай справаздачнасці.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН