Забаронены ўдар

Источник материала:  
12.06.2010 — ЧП

Ну і ну!

З "выдаленнем" на чатыры гады

Кулак, вядома, аргумент пераканаўчы, але толькі на рынгу, а не ў дачыненні да падначаленага па працы. Пра гэта суд Слонімскага раёна нагадаў цяпер ужо былому дырэктару КУП "Слонімскае прадпрыемства меліяратыўных сістэм" 49-гадоваму Сяргею Ж.

Вытворчы канфлікт кіраўніка прадпрыемства з трактарыстам С. адбыўся 2 снежня мінулага года, можна лічыць, на роўным месцы, і мог быць вырашаны выключна Працоўным кодэксам. Прычынай яго стала пераканаўчая, не зусім сціплая, але па-жыцейску недзе і зразумелая просьба С. да кіроўцы службовай аўтамашыны гэтага прадпрыемства падвезці яго па заканчэнні працоўнага дня не да аўтобуснага прыпынку, а да садка, каб забраць дзіця. Той пагадзіўся, але назаўтра заявіў дырэктару, што больш развозіць рабочых не будзе. Маўляў, у таксісты ён не наймаўся і кожнага па асобным адрасе (дахаты, да піўнога ларка альбо да дзіцячага садка) дастаўляць не згодны.

Дырэктару на такі аргумент вадзіцеля запярэчыць не было чым, а тым больш і бензін на прадпрыемстве не лішні. Але замест таго, каб у вуснай ці пісьмовай форме давесці сваё патрабаванне да калектыву па пытанні дастаўкі работнікаў з аб'ектаў, кіраўнік раззлаваўся і вырашыў патлумачыць гэта сваім падначаленым іншым спосабам. Выйшаўшы з кабінета ў калідор адміністрацыйнага будынка і сустрэўшы там аднаго з "пасажыраў", трактарыста С., ён са словамі "Што, таксі знайшлі?!" апусціў кулак таму на галаву . Такой "размовы" з начальнікам той не чакаў, не ўхіліўся і ўдарыўся патыліцай аб касяк сцяны. У вачах С. памутнела, разбалелася галава. Працаваць у той дзень ён ужо не мог і звярнуўся ў бальніцу. Там паставілі дыягназ: "удар галаўнога мозгу, кровазліццё пад мяккую мазгавую абалонку, сіняк лобна-скроневай вобласці". Эксперты аднеслі гэтыя цялесныя пашкоджанні да катэгорыі менш цяжкіх. Згодна з медыцынскім заключэннем урачэбна-кансультацыйнай камісіі, пацярпелы на працягу трох месяцаў аказаўся няздатным да працы ў якасці трактарыста.

Такім чынам, у накаўт, карыстаючыся спартыўнай тэрміналогіяй, работніка накіраваў дырэктар. І за што? За невялікую, шчыра кажучы, правіннасць. А паколькі кулачная, так бы мовіць, размова адбылася не на баксёркім рынгу, а ў адміністрацыйным будынку і выключна на вытворчую тэму, следчы, а затым і суд кваліфікавалі такія дзеянні Сяргея Ж. тэрмінамі з Крымінальнага кодэкса: наўмыснае здзяйсненне службовай асобай дзеянняў, якія яўна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, і спалучаныя з гвалтам. Суд вызначыў пакаранне па ч.3 артыкула 426 Крымінальнага кодэкса Беларусі — 4 гады ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых функцый тэрмінам на тры гады. У зале суда Сяргей Ж. быў заключаны пад варту, прыгавор уступіў у сілу.

Вячаслаў ІГНАЦІК,

старшы памочнік пракурора Гродзенскай вобласці.

←Ловушки детского городка

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика