Двое жанатых мінчан асуджаны на 7 і 5 гадоў пазбаўлення волі за групавое згвалтаванне
03.06.2010 15:56
—
ЧП
Да сямі і пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму судом Мінскага раёна прыгавораны двое рабочых сталічнага прадпрыемства.
БелаПАН
Яны прызнаныя вінаватымі ў згвалтаванні групай асоб з прымяненнем гвалту і пагрозай яго прымянення (ч. 2 арт. 166 КК).
Прысуд быў абвешчаны 17 мая і яшчэ не ўвайшоў у законную сілу.
Як паведамілі ў пракуратуры Мінскага раёна, вечарам 24 лістапада 2009 года 35‑гадовы і 40‑гадовы мінчане, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, гвалтоўна вывезлі з Мінска ў вёску ў Мінскім раёне 32‑гадовую жыхарку сталіцы і ў дачным доме аднаго з іх згвалтавалі. Пасля гэтага пацярпелай удалося ўцячы да суседзяў і выклікаць міліцыю. Абвінавачаныя сваёй віны не прызналі, заяўляючы, што мінчанка — прастытутка, добраахвотна села да іх у машыну і агаворвае іх, бо з ёю не расплаціліся за паслугі.
Сцвярджэнне абвінавачаных пра тое, што пацярпелая з’яўляецца прастытуткай, на кваліфікацыю іх дзеянняў не паўплывала, бо судом было ўстаноўлена, што жанчына не жадала ўступаць у палавую сувязь з ніводным з іх і рабіла спробы пазбегнуць гвалту.Абодва абвінавачаныя жанатыя, у аднаго — непаўналетняе дзіця.
БелаПАН