На будоўлі ў Добрушскім раёне загінуў 30‑гадовы рабочы
Мужчына працаваў у камунальным даччыным будаўнічым унітарным прадпрыемстве «Добрушская перасоўная механізаваная калона № 95», якое займаецца будаўніцтвам аднакватэрных жылых дамоў сядзібнага тыпу ў вёсцы Кузьмінічы.
Паводле інфармацыі прэс‑сакратара, прычынай падзення панэлі стаў разрыў драцяных петляў. У крана, які належыць Добрушскай ПМК‑95, аказаліся няспраўнымі прыборы бяспекі. Апошняе абследаванне крана праводзілася ў красавіку 2004 года, а ў лютым 2008‑га яго эксплуатацыя была забаронена інспектарам Гомельскага абласнога ўпраўлення Дзяржпрамнагляду. Высветлілася таксама, што загінулы не меў пасведчання стропальшчыка.
Такім чынам, як мяркуюць, прычынамі няшчаснага выпадку стала парушэнне правілаў вытворчасці работ кранамі, эксплуатацыя забароненага абсталявання і допуск да працы неатэставанага персаналу.
Абставіны няшчаснага выпадку расследуе Добрушская раённая пракуратура.
Алена Германовіч, БелаПАН