Легкавік сутыкнуўся з трактарам — загінуў адзін чалавек, двое атрымалі цяжкія траўмы
Як паведаміла інспектар аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ Брэсцкай вобласці Наталля Касьянік, аварыя адбылася 20 красавіка ў 16 гадзін на вуліцы Камарова. 32‑гадовы жыхар Жабінкі, кіруючы аўтамабілем «Опель‑Кадэт», выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з трактарам «МТЗ—82» з прычэпам, які рухаўся ў сустрэчным кірунку.
У выніку ДТЗ кіроўца «Опель‑Кадэта» памёр на месцы здарэння.
Пасажырка легкавога аўтамабіля — 40‑гадовая жыхарка Жабінкі — атрымала закрытую чэрапна‑мазгавую траўму, страсенне мазгоў, шматлікія ўдары, раны і пераломы. Таксама пацярпеў трактарыст — 42‑гадовы жыхар райцэнтра. У яго закрыты пералом тазавай косці. Пацярпелыя дастаўлены ў Жабінкаўскую цэнтральную раённую бальніцу.
Трактар «МТЗ‑82» належыць аднаму з прадпрыемстваў рэгіёну.
Распачата справа па ч. 2 арт. 317 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў дарожнага руху ці эксплуатацыі транспартных сродкаў).
Як адзначыла Касьянік, сёлета гэта першае ў вобласці ДТЗ з удзелам трактара.
Ларыса Шыганава, БелаПАН