У кадэцкай школе Магілёва — дзедаўшчына
Двое гадаванцаў магілёўскай кадэцкай школы асуджаныя Ленінскім судом абласнога цэнтра за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў свайму аднагрупніку.
Пацярпелага збілі за тое, што ён нібыта не падпарадкоўваўся загадам і дрэнна шыхтаваўся. Як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, медыкі ледзь выратавалі хлопца.
У яго выяўлены разрыў селязёнкі і закрытыя траўмы жывата.
«Калі ён знаходзіўся на лячэнні пасля аперацыі, ён быў настолькі запалоханы, што тлумачыў, што пашкоджаньне атрымаў, зваліўшыся з турніка. Адзін са зламысьнікаў асуджаны на тры гады пазбаўлення волі, а другі — на два гады»,
— цытуюць афіцыйныя крыніцы намесніцу пракурора Алу Кузняцову.
Магілёўская абласная кадэцкая школа сфармаваная з дзяцей‑сіротаў і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Яе стварылі ў 2002 годзе. Тут вучацца каля 150 хлопцаў.