Служачая банка ў Пінску падмяняла сапраўдныя грошы фальшыўкамі
У Пінску падчас рэвізіі ў аддзяленні аднаго з банкаў выяўлены і канфіскаваны фальшывыя грашовыя купюры: 77 — наміналам 50 тысяч рублёў, адна — 5 тысяч, шэсць — 500 рублёў Цэнтрабанка Расіі, 20 — 50 еўра, пяць — 100 еўра, сем — 500 еўра і 179 — 50 даляраў ЗША.
Як паведамілі ў МУС Беларусі, папярэдне ўстаноўлена, што фальшывыя купюры з мэтай утойвання крадзяжу падкінула спецыяліст па аперацыйна‑касавай працы аддзялення банка 37‑гадовая жыхарка вёскі Галёва. Яна затрымана.
Пры асабістым надглядзе і падчас вобыску дома ў затрыманай былі канфіскаваны фальшывыя купюры: восем — наміналам 50 тысяч рублёў, сем — 50 еўра, чатыры — 100 еўра, 14 — 50 даляраў ЗША і пяць — 100 даляраў ЗША, ліст паперы з надрукаванымі грашовымі купюрамі наміналам 50 еўра, два лісты — 50 даляраў ЗША і два цвёрдыя дыскі камп’ютэра.
Распачата справа на падставе ч. 1 арт. 221 Крымінальнага кодэкса (выраб, захоўванне або збыт падробленых грошай ці каштоўных папер).