11‑гадовы хлопчык выратаваў сям’ю, своечасова адчуўшы пах дыму
11‑гадовы хлопчык з Калінкавічаў выратаваў сваю сям’ю, своечасова адчуўшы пах дыму.
Пажар адбыўся ноччу на 9 кастрычніка ў пяціпавярховым доме ў Калінкавічах. У 1.45 дыспетчару паступіла паведамленне аб узгаранні на першым паверсе будынка. У кватэры жыла жанчына і чацвёра яе дзяцей ад 4 гадоў да 11 гадоў.
Самой гаспадыні ў тую ноч у доме не было, яна пайшла да свайго прыяцеля, пакінуўшы дзяцей на догляд дзядзькі. Ноччу самы старэйшы дзіцёнак прачнуўся і адчуў пах дыму. Ён убачыў, што гарыць ложак, на якім спіць мужчына. Хлопчык разбудзіў яго, але дзядзька, не паклапаціўшыся пра бяспеку дзяцей, пакінуў іх у палаючай кватэры і збёг.
11‑гадовы хлопчык разбудзіў усіх дзяцей, яны разбудзілі суседзяў, і тыя выклікалі выратавальнікаў.
Супрацоўнікам МНС прыйшлося эвакуаваць 30 жыхароў пад’езда, у тым ліку 13 дзяцей.
Папярэдняя прычына пажару — неасцярожнасць падчас палення.