Інтэрв’ю з загадчыкам інфекцыйнага аддзялення Смаргонскай раённай бальніцы: "Дыягназ “грып” пакуль нікому не ставілі..."

Источник материала:  
У Англіі гэтую хваробу калісьці называлі “influenza” (ад італьянскага “influentia” – уздзеянне) і верылі, што на яе цячэнне можа паўплываць становішча планет і зорак. Французы гэтую хваробу назвалі “gripper”, што азначае “схапіць”, або “крук”. А мы з наступленнем халадоў справядліва асцерагаемся грыпу.

За апошнія сто гадоў чалавецтва зведала чатыры значныя пандэміі гэтай хваробы. У пачатку 20 стагоддзя амаль сто мільёнаў чалавек скасіла легендарная “іспанка”. Другая пандэмія пачалася ў Кітаі ў 50-х гадах і забрала каля 4 мільёнаў жыццяў, праз 20 гадоў была ўспышка, якая пачалася ў Ганконгу, а зусім нядаўна, многія, напэўна, памятаюць, была пандэмія грыпу А H1N1.

Здаецца, сёння мы трымаем хваробу пад кантролем. І ў той жа час памятаем, што легкадумнасць у адносінах да грыпу можа стаць недаравальнай памылкай.

Аб прафілактыцы і лячэнні грыпу мы гутарым з загадчыкам інфекцыйнага аддзялення раённай бальніцы Валянцінай Сапач.

Інтэрв’ю з загадчыкам інфекцыйнага аддзялення Смаргонскай раённай бальніцы: "Дыягназ “грып” пакуль нікому не ставілі..."

- Валянціна Іосіфаўна, раскажыце, ці зарэгістраваны за апошні час выпадкі грыпу ў нашым раёне?

- Менавіта дыягназ “грып” пакуль нікому не ставілі. Адзначаецца невялікі рост вострых рэспіраторных вірусных інфекцый у параўнанні з восеньскімі месяцамі.

- А як увогуле ставіцца дыягназ “грып”? Калі чалавек можа западозрыць, што ў яго гэтае захворванне?

- Галоўныя прыкметы грыпу – гэта кашаль плюс ліхаманка. Прычым кашаль не паверхневы, а глыбокі, падобны да ларынгітнага. А ліхаманка больш за тры дні – і мы ўжо асцерагаемся ўскладненняў. Прычым сімптомы праяўляюцца ў такой паслядоўнасці: азноб, ліхаманка, тэмпература, а потым ужо бачым паражэнне дыхальных шляхоў. І гэта больш кашаль, менш насмарк і боль у горле. Увогуле, сам па сабе грып не небяспечны. Пяць дзён – і павінен прайсці. Небяспека грыпу ва ўскладненнях: сінусітах, запаленнях вуха і пнеўманіях. І перш за ўсё, небяспечная гэтая хвароба для груп рызыкі: маленькіх дзяцей, тых, хто аслаблены хранічнымі захворваннямі – астмай, дыябетам, і людзей пасля 60 гадоў. Адрозніць грып ад звычайнага рэспіраторнага захворвання практычна немагчыма па знешніх праяўленнях. Мы глядзім на карціну ў цэлым. Ацэньваем эпідабставіны. Калі адзначаецца рэзкі рост захворванняў і ў некага менавіта лабараторнымі даследаваннямі грып ужо быў выяўлены, асабліва ў сям’і ці ў калектыве. Разумееце, вірусаў вакол мноства. Але іх кожны раз ідэнтыфікаваць няма ні патрэбы, ні магчымасцей.

- Вы сказалі, што вірус грыпу можа быць пацверджаны даследаваннямі. Гэта якімі?

 - Часцей за ўсё мы абследуем тых, хто сутыкнуўся з ускладненнямі. Тады бяром мазок з насаглоткі і адпраўляем у Гродна ў вірусалагічную лабараторыю. Аналізы крыві могуць паказаць толькі антыцелы, калі пацыент ужо перахварэў. На раённым  узроўні мы пацвердзіць вірус грыпу пакуль не можам.

- Скажыце, а ў лячэнні грыпу і іншых рэспіраторных вірусных інфекцый ёсць якія-небудзь адрозненні, ці яно аднолькава сімптаматычнае?

- Сімптаматычнае. Паўпасцельны рэжым, многа вадкасці. Пры ліхаманцы – ібупрафен або парацэтамол. Баліць горла – значыць, паласкаем, выкарыстоўваем спрэі. Насмарк – лечым нос. Пры кашлі – адхарквальнае даём. Пры вірусах многія карыстаюцца рознымі імунастымулюючымі. Але яны не лечаць, а працуюць больш як прафілактычныя сродкі. Пры грыпе дапамагае толькі адзін прэпарат – асельтамівір. Ён выпускаецца яшчэ пад назвай “Таміфлю” ці “Флустоп”. Але, паўтараю, дапамагае толькі пры грыпе групы А, пры ВРЗ асельтамівір неэфектыўны. Калі да ўскладненняў не дайшло, то ніякіх антыбіётыкаў. На вірусы яны не ўздзейнічаюць. Антыбіётыкі мы прызначаем, калі сімптаматычнае лячэнне не дае вынікаў, стан хворага пагаршаецца, нарастае задышка. Не пашкодзяць пры грыпе сродкі для імунітэту – вітаміны, натуральныя біядабаўкі.

- Чалавек, які захварэў на грып, наколькі будзе заразны для іншых людзей?

- Больш за ўсё шансаў заразіцца ад хворага ў першыя дні, калі вірус набірае сілу. Калі чалавек чхае ці кашляе, ён распаўсюджвае вірусы на адлегласць да трох метраў, пры размове – прыкладна на метр. Таму чхаць трэба ў сурвэтку, у крайнім выпадку, у локаць, не ў далонь.

- Як доўга вірус жыве на паверхнях?

- Не доўга, але жыве. Тут “працуе” вільготная ўборка памяшканняў, праветрыванне. На марозе вірус хутка гіне. А ўмовы адлігі для яго больш спрыяльныя. Неабходная мера прафілактыкі – частае мыццё рук. Не выцірайце далонямі нос і рот, лепш без патрэбы рукамі да твару не лезці. Нос і рот можна прамываць.

Маскі? Могуць быць і ў здаровых, але не абавязкова. А вось хвораму пра маску паклапаціцца трэба.

- Чаму нельга пераносіць грып на нагах? Гэта павялічвае рызыку ўскладненняў?

- Так. Любую ліхаманку нельга пераносіць на нагах. Калі тэмпература высокая, ламата ў суставах – ужо сіндром інтаксікацыі. Выпрацоўваюцца медыятары запалення ў крыві, якія паражаюць органы-мішэні. Я ўжо гаварыла пра ўскладненні. А самае небяспечнае з іх пасля пнеўманіі – гэта міякардыт, запаленне сардэчнай мышцы. Пры грыпе трэба адпачываць, каб ныркі былі ў цяпле, сэрца працавала без асаблівага напружання, органы дыхання забяспечваліся свежым паветрам.

- Многія людзі адмаўляюцца ад прышчэпак па прычыне таго, што вірус грыпу пастаянна змяняецца і невядома, ці патрапіць прышчэпка ў цэль. Гэта апраўдана?

- На нашай тэрыторыі “працуюць” грып В і грып А Н1N1. Вакцыны да гэтага адаптаваныя, так што прышчэпкі рабіць не толькі можна, але і патрэбна. Я не кажу, што прышчэпка – панацэя. Могуць захварэць і тыя, хто правакцынаваўся. Але пераносяць хваробу яны лягчэй, гэта факт.

- А цяпер ужо позна прывівацца ад грыпу? Ці яшчэ ёсць такая магчымасць?

- Позна. Проста не паспее сфарміравацца імунітэт. Для гэтага трэба тыдні тры, месяц. У нас вакцынацыя прайшла ў кастрычніку-лістападзе. Можна было бясплатна карыстацца вакцынай “Грыпол+”, а можна было закупіць платную, як гэта зрабіў для сваіх супрацоўнікаў “Беларусбанк”. Нагадаю, што прышчэпкі робяцца толькі здаровым людзям. Дапушчальна пасля іх лёгкае недамаганне на дзень-два, рэдка можа падняцца тэмпература. Калі ты пасля вакцынацыі захварэў па-поўнай – гэта часцей за ўсё наслаенне інфекцыі. Калі ёсць хранічныя захворванні – вакцынацыя праводзіцца толькі ў перыяд рэмісіі.

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара.


Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика