Наступствы бяздумнасці. Крэўскія трагедыі, як папярэджанне
Калі сур’ёзна, то ніякага дачынення да ўсяго гэтага паганскі бог не мае. Тое, што здарылася, - вынік звычайнай чалавечай дурасці, калі ігнаруеш нейкія агульнавядомыя прапісныя ісціны і правілы бяспекі, спадзяючыся, што бяда цябе абміне. Адключыў бы, як электрапрыборы падчас навальніцы – і ўсё было б у парадку.
Чалавечая дурасць невынішчальная і рэцыдыўная. Тое, пра што я збіраюся расказаць, перыядычна паўтараецца ў нашых мясцінах да сённяшніх дзён. Так што не будзе лішнім яшчэ раз перасцерагчы людзей ад неабдуманых учынках, бо пашкоджаныя падчас навальніцы электрапрыборы – гэта не самае страшнае, на што можна напароцца, калі быць залішне бестурботным ці самаўпэўненым.
“Наступствы дурасці” – такую назву мае кароткае паведамленне з Крэва, надрукаванае 18 жніўня 1929 года ў віленскай газеце “Nasz pszyjaciel”. У ім гаворка ідзе пра больш сур’ёзныя вынікі ігнаравання “прописных истин» на прыкладзе аднаго здарэння. У допісе фігуруе нават імя майго бацькі, але ганарыцца гэтым, шчыра кажучы, не выпадае.
У карэспандэнцыі паведамляецца, што пасучы кароў, крэўскія хлопцы Антон Былінскі, Мікалай Камінскі (мой бацька) і Ян Басюкевіч паклалі ў агонь знойдзены імі ў полі снарад. Выбух параніў Былінскага і разарваў Басюкевіча. Апошні, дастаўлены ў крэўскі шпіталь, памёр, не прыйшоўшы ў прытомнасць.
Відаць, падобныя здарэнні адбываліся ў нас у той час нярэдка, бо ў заключэнні аўтар піша: “Столькі разоў пра гэта пісалі, а дурань заўсёды робіць сваё”.
Майму бацьку было тады 13 год. Пра тое непрыемнае здарэнне ён нам ніколі не расказваў. Затое ад сваякоў Антона Былінскага, якія жылі па-суседству, удалося даведацца пра некаторыя падрабязнасці.
Знайшоўшы снарад, хлапчукі вырашылі яго разабраць. Відаць, у першую чаргу іх цікавілі алавяныя дранкулькі, якімі ён быў начынены, і за якія потым можна было б выручыць невялікія грошы. Каб снарад хутчэй паддаўся разборцы, вырашылі яго нагрэць на распаленым у адным з бліндажоў вогнішчы.
За разборку ўзяўся Антон. Астатнія двое вырашылі не рызыкаваць. Мікалай наогул выбег за бліндаж, Ян застаўся і ў выніку выбуху загінуў, Антону адарвала пальцы на руцэ. Бацька мой хоць і не пацярпеў, але яго, відаць, як найчасцей бывае ў такіх выпадках, усё жыццё грызла сумленне.
Не ведаю, як там справы з сумленнем у двух іншых бесталковых “шукальнікаў прыгод”, ужо нашых сучаснікаў, дурасць якіх прывяла да гібелі іх равесніка ў купальскую ноч 2010 года. Баюся, што адседзеўшы прызначаны ім тэрмін, гэтыя суб’екты лічаць сваю віну “акупленай.” Па сутнасці, у выніку злачынства былі дзве ахвяры: маці хлопца, што загінуў, была так засмучана заўчаснай смерцю сына, што сама праз нейкі час пакончыла з жыццём.
Пра тое здарэнне ў купальскую ноч пісалі многія газеты. Гэтыя публікацыі і ўспаміны відавочцаў дазваляюць уявіць, як тады ўсё адбылося. Значных памераў нямецкі бліндаж часоў Першай сусветнай вайны ва ўрочышчы Катлоўка заўжды быў любімым месцам адпачынку крэўскай моладзі. Пра яго ранейшае ваеннае прызначэнне мала хто задумваўся, і ён паспяхова выкарыстоўваўся “ў мірных мэтах”. Вялікая адтуліна ў столі дазваляла распальваць унутры гэтай бетоннай пабудовы касцёр і падтрымліваць яго нават у дажджлівае надвор’е.
Неаднаразова святкавала тут моладзь і Купалле. Вось і ў 2010 годзе група з адзінаццаці хлопцаў і дзяўчат ва ўзросце ад 17 да 23 гадоў вырашыла прадоўжыць традыцыю і распаліць купальскі касцёр менавіта тут.
Калі яны прыйшлі да месца, то здзівіліся, ўбачыўшы гатовыя дровы, складзеныя для кастра, заставалася толькі іх падпаліць. Прыйшла думка, што нехта іншы хацеў, але чамусьці перадумаў рабіць тут тое, што збіраліся яны самі.
Вырашылі застацца і падпалілі тыя дровы. Сядзелі, размаўлялі. І літаральна праз некалькі хвілін прагрымеў моцны ўзрыў, бліндаж напоўніўся дымам. Апамятаўшыся, з крыкамі і слязьмі ўсе кінуліся прэч. Выбегшы, заўважылі, што двое хлопцаў засталіся ўнутры. Старэйшы з групы не разгубіўся і кінуўся на дапамогу сябрам.
Адзін з хлопцаў, Дзмітрый, хоць быў моцна паранены, але знаходзіўся пры памяці. 17-гадовы Павел страціў прытомнасць. Спрабавалі аказаць яму першую дапамогу, але ўсё дарэмна. Выкліканыя са Смаргоні ўрачы хуткай дапамогі канстатавалі смерць.
Аказалася, што напярэдадні двое іншых маладых людзей, знайшоўшы ля крэўскіх могілкаў снарад часоў Першай сусветнай вайны, прынеслі яго ў бліндаж, дзе паспрабавалі ўзарваць, расклаўшы на ім касцёр. Аднак агонь адразу ж патух, і тыя двое, не рашыўшыся распаліць яго наноў, нават не прыбраўшы з-пад дроў снарад, пакінулі гэтае месца. І вось у купальскі вечар з групай маладых людзей, якія ні аб чым і не падазравалі, здарылася жудасная трагедыя...
Дарэчы, па словах старажылаў, трагедыя 1929 года, апісаная ў газеце “Nasz pszyjaciel”, адбылася ў тым самым бліндажы ў Катлоўцы.
Аляксандр КАМІНСКІ.