Спартыўны порах ветэранаў
На мінулым тыдні ў Петрыкаве стартавала першая раённая спартакіяда сярод ветэранаў фізічнай культуры і спорту. Спаборніцтвы яе адбыліся ў панядзелак на базе фізкультурна-аздараўленчай залы ДЮСШ.
У асноўным прызавыя месцы былі разыграны сярод мужчынскай паловы спартсменаў.
Так, у шахматных спаборніцтвах перамогу атрымаў Уладзімір Літош, які ў фінале перайграў Мікалая Мазуркевіча. У гульні за трэцяе месца Сяргей Шпак абыграў самага сталага ўдзельніка спаборніцтваў – 84-гадовага Уладзіміра Талаша.
Спаборніцтвы па шашках праходзілі па кругавой сістэме. У іх першынстваваў Мікалай Хамец. Другім быў Мікалай Мазуркевіч, трэцім – Мікалай Жукоўскі.
Цікавай апынулася барацьба ў більярдыстаў. Дзесяць удзельнікаў падзялілся на дзве падгрупы, пераможцы якіх аспрэчвалі першае месца, а ўладальнікі другога выніка змагаліся за “бронзу”.
Тут таксама не было роўных Уладзіміру Літашу, які перайграў сваіх сапернікаў у падгрупе, а затым у фінале з лікам 5:1 – Сяргея Шпака. Трэцім прызёрам у гэтых спаборніцтвах быў Мікалай Нікель, які выйграў з лікам 5:2 у Мікалая Мазуркевіча.
Спаборніцтвы па дартсе выйграў Анатоль Гусеў з вынікам 108 ачкоў. Другое месца заняў аўтар гэтых радкоў, а трэцяе – Мікалай Жукоўскі.
У спаборніцтвах па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі першае месца заняў Сяргей Елька, які выбіў 37 ачкоў з 50 магчымых. Мікалай Хамец быў другім (31 ачко), Мікалай Жукоўскі – трэцім (29).
Васіль Палтаран выйграў спаборніцтвы па настольным тэнісе. Другім тут быў Анатоль Гусеў, а трэцім – Сяргей Елька.
Па завяршэнні спартакіяды дырэктар ФСК “Ураджай” Ігар Шастапалаў уручыў прызёрам дыпломы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Пераможцы былі адзначаны прэміямі.
Ад імя ўдзельнікаў спаборніцтваў выказваю шчырую ўдзячнасць аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама за фінансавую падтрымку, ФСК “Ураджай” – за арганізацыю правядзення, старшыням Бабуніцкага і Петрыкаўскага сельвыканкамаў – за дастаўку спартсменаў на спаборніцтвы.
Дарэчы, вельмі крыўдна, што астатнія кіраўнікі праігнаравалі нашу спартакіяду, а мне падаецца, што на тэрыторыі кожнага сельскага Савета знойдзецца каму адстаяць гонар сваёй тэрыторыі на раённай спартакіядзе ветэранаў. Аматары спорту сярод 55- і 60-гадовых жанчын і мужчын адпаведна (а менавіта ад такога ўзросту запрашаліся ўдзельнікі) ёсць. Ды і час правядзення спартакіяды быў выбраны зручны для дастаўкі спартсменаў.
Спадзяюся на больш актыўны ўдзел у нашай ветэранскай спартакіядзе надалей.
Аляксей КАЮКАЛА.
Фота Арцёма ГУСЕВА.