Нашы на Чэмпіянаце Еўропы
З 27 па 30 красавіка ў Маскве праходзіў Адкрыты чэмпіянат Еўропы па паўэрліфтынгу па версіі WRPF.
Наш зямляк з Галубіцы Дзмітрый Літоўкін выступаў у вагавай катэгорыі да 82,5 кілаграма ў дывізіёне без экіпіроўкі і з абавязковым праходжаннем допінг-кантролю.
– Па сутнасці, гэта быў для мяне самы важны старт, – распавёў Дзмітрый. – Усе папярэднія спаборніцтвы ў гэтым паўгоддзі з’яўляліся толькі падрыхтоўкай да гэтага чэмпіянату. Не ўсе падыходы ў кожным з практыкаванняў рэалізаваліся ўдала, але ўвогуле сваім выступам задаволены і ў трохборстве атрымалася сабраць доўгачаканую для сябе суму ў 600 кілаграмаў.
У трохборстве Дзмітрый узяў срэбра, у дадатковых намінацыях быў другім у двухборстве і першым – у станавай цязе.
– Гэта не апошнія мае міжнародныя спаборніцтвы, – падзяліўся планамі Дзмітрый, – у будучыні працягну выступленні на старце міжнароднага ўзроўню, у якіх – пакажа час.
Н. ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота з архіва Д. ЛІТОЎКІНА.