Заслон для вірусу
Эпідэмічны ўздым грыпу і вострых рэспіраторных інфекцый у Беларусі прагназуецца сярэдняй інтэнсіўнасці.
У адпаведнасці з прагнозам Нацыянальнага цэнтра па грыпу, пачатак эпідэмічнага ўздыму захваральнасці на грып і вострыя рэспіраторныя інфекцыі (ВРІ) чакаецца ў другой палове студзеня — пачатку лютага, сярэдняй інтэнсіўнасці, з цыркуляцыяй вірусаў грыпу А (H1N1, H3N2) і В.
У прэс-службе Міністэрства аховы здароўя нагадалі, што вірус грыпу хутка гіне пад уздзеяннем сонечнага святла і звычайнай пакаёвай тэмпературы, а таксама слабых раствораў шэрага дэзынфіцыруючых рэчываў. Высыхаючы, вірус таксама страчвае сваю актыўнасць.
Вялікае значэнне ў барацьбе з грыпам мае павышэнне агульнай устойлівасці насельніцтва да гэтага віруса. Усё, што садзейнічае ўмацаванню арганізма, дапамагае і ў барацьбе супраць грыпу. А каб узмацніць супраціўляльнасць арганізма вірусу, трэба забяспечыць патрэбнасці арганізма ў вітамінах, асабліва ў вітаміне С.
Штогод, паводле статыстыкі, на грып і ВРІ хварэе кожны трэці жыхар Беларусі, рэгіструецца каля 3 млн. выпадкаў захворванняў. Прычым у агульнай структуры ўсіх хворых доля грыпу складае 9—10 працэнтаў. Сярод усіх хворых на ВРІ больш за палавіну — дзеці да 14-гадовага ўзросту.