З-за пякоткі — на аперацыю?

Источник материала:  

Самымі распаўсюджанымі сярод хвароб страўнікава-кішачнага тракту застаюцца гастрыт, язвавая хвароба, халецыстыт, панкрэатыт, аднак у апошняе дзесяцігоддзе вучоныя немалую ўвагу пачалі надаваць захворванню з больш грувасткай назвай. Грыжа страваводнай адтуліны дыяфрагмы праяўляецца на пачатку максімум пякоткай. Праўда, з пякоткай знаёмыя ўсе, з грыжай — толькі пэўная колькасць. Розніца ў тым, што ў апошніх на фоне пякоткі паступова развіваюцца сур'ёзныя праблемы ў рабоце "геаграфічна" блізкіх да страваводу лёгкіх і сэрца. Такога пацыента некалі доўга і безвынікова ратавалі ад арытміі або парушэння дыхання. Калі ж і ўдавалася паставіць правільны дыягназ, узнікалі іншыя цяжкасці. Тэрапеўтычнае лячэнне магло быць бясконцым і з пераменным поспехам: спынялася тэрапія — вярталіся непрыемныя сімптомы. Хірургічнае ж лячэнне ажыццяўлялася праз вялікі траўматычны разрэз. Больш за тое, нават праз гэты разрэз цяжка было падысці да месца правядзення ўмяшання. Таму падобныя аперацыі былі адзінкавымі. У апошнія гады сітуацыя з дыягностыкай і лячэннем грыжы страваводнай адтуліны дыяфрагмы змянілася, аб чым расказвае загадчык хірургічнага аддзялення Мінскай гарадской клінічнай бальніцы №6, доктар медыцынскіх навук Мікалай СІВЕЦ.

З-за пякоткі — на аперацыю?— Літаральна тры гады таму дзякуючы ўкараненню новых тэхналогій, выкарыстанню малатраўматычнага эндаскапічнага метаду вядзення аперацый стала магчымым дапамагаць хворым, якасць жыцця якіх сур'ёзна падрывае грыжа страваводнай адтуліны дыяфрагмы. Толькі ў нашым аддзяленні аператыўнае ўмяшанне па прычыне грыжы стрававода праведзена больш як 40 пацыентам. У сярэднім размова ідзе пра 2-3 аперацыі ў месяц. Даволі часта пацыенты пераносяць умяшанне адначасова і на мышцах дыяфрагмы, і па прычыне жоўцекаменнай хваробы. Такія аперацыі больш працяглыя, аднак менш як праз тыдзень пацыенты выпісваюцца дадому. Высокатэхналагічныя і малатраўматычныя ўмяшанні на дыяфрагме і страваводзе выконваюцца, акрамя нашай клінікі, у даволі абмежаванай колькасці лячэбных устаноў.

— А як трэба разумець малую траўматычнасць?

— Хірург робіць не разрэз, а некалькі праколаў, праз якія ўводзяцца спецыяльныя трубкі, відэакамера і працоўны інструмент. У міжсценні мы выдзяляем стрававод, верхні аддзел страўніка і ўшываем мышцы дыяфрагмы, звужаем грыжавыя вароты да нармальнага стану. Пасля гэтага яшчэ выконваецца пластыка — фарміруецца спецыяльная муфта, якая будзе, па-першае, выконваць функцыю клапаннага механізма паміж страваводам і страўнікам, а па-другое, будзе процідзейнічаць паўторнаму траплянню страўніка з брушной поласці ў міжсценне, вышэй за дыяфрагму, дзе знаходзяцца лёгкія і сэрца.

— Якім чынам з'яўляецца грыжа? Чаму мышцы дыяфрагмы пачынаюць слабець?

— Адзінай прычыны тут няма. Могуць мець значэнне анатамічныя асаблівасці — закладка мышачнага апарату падчас фарміравання арганізма. З другога боку, важны лад жыцця. Значэнне мае, напрыклад, цяжкая фізічная праца, асабліва пад'ём цяжару на фоне анатамічнай слабасці мышачнага апарату дыяфрагмы. Раптоўнае павышэнне ўнутрыбрушнога ціску будзе спрыяць страваводнай грыжы. Расслабленне мышцаў, павелічэнне грыжавых варот і перамяшчэнне верхняй трэці страўніка ў міжсценне, у сваю чаргу, перашкаджае нармальнай рабоце сэрца і лёгкіх.

Па сутнасці, грыжа страваводу ўтвараецца ў выніку дэфекту дыяфрагмы, адтуліна якой павялічваецца больш за норму і такім чынам верхні аддзел страўніка пераходзіць у брушную поласць. Гэтая сітуацыя суправаджаецца галоўным клінічным сімптомам — пякоткай, якая можа ўзнікаць у тым ліку ў становішчы лежачы. Кіслае змесціва страўніка закідваецца пры гэтым у шчолачнае асяроддзе стрававода, а значыць, паступова развіваецца эзафагіт — запаленне слізістай стрававода.

— Алкаголь і тытунь могуць спрыяць расслабленню мышцаў дыяфрагмы?

— Напрамую ні станоўчага, ні адмоўнага ўздзеяння не аказваецца. Аднак чалавек, які злоўжывае алкаголем, можа быць схільным да пераядання, паколькі, будучы пад градусам, людзі губляюць кантроль над колькасцю ўжытай ежы. З другога боку, і проста той, хто пераядае, павінен разумець, што нельга бясконца закідваць у сябе прадукты. Арганізм уладкаваны так, што яму патрэбны час на апрацоўку пэўнай порцыі, перадачу яе ў кішэчнік. Пры пераяданні страўнік перапаўняецца, ежа не паспявае перапрацоўвацца. У такім выглядзе яна трапляе ў тонкі кішэчнік, дзе, зноў жа, мікрафлора аказваецца не падрыхтаванай да такога аб'ёму, і ў галаўны мозг паступае сігнал аб запавольванні гэтага руху. Такім чынам, ежа даўжэй знаходзіцца ў страўніку, што, у сваю чаргу, аказвае непатрэбны ціск на мышцы дыяфрагмы.

— Праяўляюцца гэтыя непрыемнасці толькі адным сімптомам — пякоткай... Аднак пякотка з'яўляецца асноўным сімптомам і гастраэзафагеяльнай рэфлюкснай хваробы. Ці не азначае гэта, што яны прыходзяць парай?

— Сапраўды, тут атрымліваецца цікавая рэч. Адны вучоныя перакананыя, што гастраэзафагеяльная рэфлюксная хвароба прыводзіць да грыжы страваводнага аддзела, а другія — што з'яўленне грыжы правакуе развіццё рэфлюкснай хваробы. Наогул запаленне слізістай стрававода — гэта ёсць праява гастраэзафагеяльнай рэфлюкснай хваробы.

— Як часта сустракаецца гэтае захворванне?

— Грыжы страваводнай адтуліны дыяфрагмы сустракаюцца, паводле статыстыкі, у 3-30 працэнтах выпадкаў сярод захворванняў страўнікава-кішачнага тракту. Яны адзначаюцца ў 50 працэнтаў гастраэнтэралагічных хворых ва ўзросце пасля 60 гадоў і выяўляюцца ў 2 працэнтаў хворых, якія прайшлі рэнтгеналагічнае даследаванне пры хваробах органаў страўнікава-кішачнага тракту.

— Як выстаўляецца дыягназ грыжы страваводнай адтуліны дыяфрагмы?

— У любой дыягностыцы самае важнае — клінічныя праявы захворвання. У кожнага доктара ёсць пэўны набор ведаў, клінічнае мысленне... Наступны крок — фібраэзафагагастрадуадэнаскапія і рэнтгеналагічнае абследаванне стрававода і страўніка. Далей можна прымяняць спецыяльныя метады даследавання — напрыклад, эзафагаманаметрыю, якая дазваляе мераць ціск страваводнага жому.

— Якія ўскладненні могуць напаткаць хворага з грыжай стрававода?

— Калі слізістая стрававода пастаянна раздражняецца кіслатой, то развіваюцца мясцовыя праявы: спачатку запаленне слізістай, затым эрозія, якая далей можа перайсці ў стрававод Барэта, — а гэта ўжо перадрак, які пераходзіць у рак.

Наш стрававод, як, дарэчы, і страўнік, — органы рухомыя. Таму нават у здаровага чалавека калі вада і ежа рухаюцца па страваводзе, то фізіялагічна падцягваюць страўнік. Калі ж дыяфрагма мае адтуліну, большую за нармальную, то страўнік падцягваецца больш, чым трэба. І такім чынам перашкаджае нармальнай рабоце лёгкіх і сэрца. Парушаецца дыханне — хворы проста задыхаецца, з'яўляецца неабгрунтаваная арытмія, задышка. У такіх сітуацыях тэрапеўты часам лечаць тое, што з'яўляецца следствам асноўнага захворвання. А на самой справе ў пэўны момант, калі ў хворага з-за хваробы пагаршаецца якасць жыцця, надыходзіць час хірургічнага лячэння.

— Без хірургіі ніяк не абысціся?

— У медыцыне нельга быць катэгарычным. Тэрапія можа быць эфектыўнай, але далёка не ва ўсіх выпадках. Калі хворы наогул не атрымлівае ніякага лячэння, непрыемныя адчуванні могуць прагрэсаваць больш імкліва. Аднак і пры тэрапеўтычным лячэнні хворы будзе адчуваць сябе лепш, але сітуацыя будзе паступова пагаршацца, паколькі лекавая тэрапія скіравана на зняцце сімптомаў, а не на ліквідацыю прычыны іх узнікнення. Пакуль хворы будзе прымаць таблеткі, пякотка не будзе турбаваць... Блакатары пратоннай помпы — сучасныя прэпараты, якія змяншаюць кіслотнасць, перашкаджаюць утварэнню эзафагіту, вельмі добрыя, але ж прычына праблемы застаецца. Чалавек не можа піць лекі ўсё жыццё, хоць бы таму, што гэта вельмі дорага.

— У якіх выпадках хвораму рэкамендуецца аперацыя?

— Паказана яна ўсім, каму паставілі дыягназ грыжы страваводнай адтуліны дыяфрагмы. Аднак прызначаецца тады, калі пацыент сам прыняў рашэнне зрабіць яе. Да звыклага жыцця пасля такой аперацыі можна вярнуцца праз 2-3 месяцы. Ужо на наступныя суткі можна піць ваду, затым ужываць вадкую ежу... Арганізм павінен адаптавацца да таго, што ўсё цяпер працуе крыху інакш. Паступова ніткі замяшчаюцца рубцовай тканкай, усё становіцца больш эластычным, і пацыент вяртаецца да нармальнага жыцця.

Святлана БАРЫСЕНКА  

Арганізм возьме сваё

— Я трымаюся такога пункту гледжання: людзі самі сабе прыдумваюць, што ім можна ўжываць, а што нельга, — кажа Мікалай Сівец. — Між тым, арганізм схільны да самарэгуляцыі. Ён "ведае", колькі яму патрэбна бялкоў, тлушчаў і вугляводаў. Калі чалавек думае, што можна пражыць на адным тваражку ці фруктах, то памыляецца. Аднойчы арганізм адпомсціць за такую аднастайнасць, паколькі яму неабходны разнастайныя рэчывы для аднаўлення і вырабу новых клетак, работы ўнутраных органаў. А ўсе неабходныя для гэтай мэты рэчывы не могуць змяшчацца ў вузкім коле прадуктаў. Чалавек павінен харчавацца разнастайна і сачыць за якасцю прадуктаў, якія ўжывае.

Для таго ж, каб прадухіліць развіццё такіх распаўсюджаных паталогій, як гастрыт і язва, у першую чаргу неабходна харчавацца рэгулярна. Арганізму ўсё роўна, што вы вырашылі сёння пасядзець на дыеце ці наогул адмовіцца ад ежы. Калі мы адчуваем смыленне пад лыжачкай, гэта значыць, саляная кіслата выпрацавалася. Мы не можам сказаць ёй "не выпрацоўвайся". Калі ж ежа не паступае своечасова, кіслата раздражняе слізістую страўніка і з'яўляюцца падставы для развіцця эрозіі і той жа язвавай хваробы. Калі мы наогул галадаем, арганізм прыстасоўваецца. Так, у таго, хто рэгулярна харчуецца, 60-70 працэнтаў ідзе на патрэбы арганізма, а 30 — утылізуецца. А ў таго, хто галадае, пачынае засвойвацца 80-90 працэнтаў ад ужытага.

 

←Парламент ФРГ принял новый закон о донорстве органов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика