Пад Мінскам упершыню ліквідавалі афрыканскую чуму
На шчасце, гэта было на вучэннях
Жыхар завулка Веснінка, што знаходзіцца ў прыватным сектары непадалёк ад "Мінск-Арэны", прыехаў з палявання і прывёз мяса дзічыны, якая была носьбітам інфекцыі афрыканскай чумы. У хуткім часе сімптомы небяспечнага захворвання сталі назірацца ў свойскай свінні, што жыла ў хляве на сядзібе паляўнічага...
...Менавіта такая "легенда" была прыдумана для аднаго з этапаў вучэнняў па грамадзянскай абароне, якія прайшлі ў Мінску. Яшчэ за паўгадзіны да пачатку так званай ліквідацыі крыніцы асабліва небяспечнага інфекцыйнага захворвання свойскіх жывёл увагу мясцовых жыхароў пачалі прыцягваць шлагбаум, які перашкаджаў праезду праз вуліцу, шыльдачкі з надпісам "Каранцін", а таксама людзі ў белых камбінезонах і рэспіратарах, абутыя ў спецыяльныя бахілы.
— А што тут такое робіцца? Я грады саджу, нічога не ведаю. Можа, труп які знайшлі? — пацікавілася жанчына, што спакойна ішла праз цяпер ужо "каранцінную зону" на аўтобусны прыпынак.
Тым часам начальнік аддзела арганізацыі забеспячэння дзяржаўнай сістэмы папярэджання надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Арцём Іваноў тлумачыць журналістам як, навошта і чаму спатрэбілася рабіць у Веснінцы каранцін:
— Вучэнні такія праводзяцца раз у пяць гадоў у кожным адміністрацыйным раёне горада Мінска ў тры этапы. Мэта іх — навучыць людзей правільна сябе паводзіць у надзвычайнай сітуацыі, а таксама скаардынаваць работу па яе ліквідацыі. Вучэнні, на якіх трэніруюцца ліквідаваць наступствы афрыканскай чумы, мы праводзім упершыню. Рэакцыя насельніцтва на такія мерапрыемствы вельмі розная. Але часцей за ўсё людзі ставяцца да гэтага спакойна.
Дарэчы, хоць афрыканская чума не можа нанесці шкоды чалавеку, смяротнасць жывёл, што на яе хварэюць, дасягае 98 —100 працэнтаў.
...Мясцовыя жыхары тым часам пазіралі з-за сваіх платоў на "свінню", якую палілі ліквідатары крыніцы афрыканскай чумы. Ролю хворай жывёліны сыграла скрыня з кардону. Аказваецца, калі б выпадак з афрыканскай чумой здарыўся на самой справе, давялося б спаліць і ўсе драўляныя часткі хлява, і спецадзенне, у якім праводзілі ліквідацыю, і свінку, вядома ж, не пашкадавалі б. Пасля ўсіх гэтых мерапрыемстваў месца, дзе зарэгістравалі выпадак захворвання, знаходзіцца на каранціне 30 дзён.
Акрамя непрыемнасцяў для гаспадароў, што трымаюць жывёлу, афрыканская чума можа прыносіць няшчасці і пэўным галінам эканомікі краіны, бо мясной прадукцыі, якая зроблена побач з зарэгістраванай крыніцай захворвання, ва ўсім свеце баяцца як агню.
Ганна ГАРУСТОВІЧ.