Без ускладненняў, або Як сучасныя тэхналогіі дазваляюць цяжкахворым цяжарным не загінуць у родах

Источник материала:  

Здароўе нацыі

За сем гадоў існавання Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр "Маці і дзіця" ўкараніў цэлы шэраг высокатэхналагічных метадаў дыягностыкі і лячэння паталогій, якія ўзнікаюць падчас цяжарнасці і родаў. Некаторыя з гэтых метадаў былі пераняты з замежнага вопыту, іншыя — распрацаваны непасрэдна айчыннымі спецыялістамі. Такая работа зберагае жыццё дзецям і іх матулям. Вось чаму наша краіна сёння мае адзін з самых нізкіх, на ўзроўні развітых краін, паказчык дзіцячай і мацярынскай смяротнасці.

Сказанае вышэй не варта ўспрымаць наступным чынам: маўляў, цяпер хворым жанчынам — з самымі рознымі, звязанымі і не звязанымі з рэпрадуктыўнай функцыяй паталогіямі — стала прасцей выношваць і раджаць. Для саміх парадзіх — ніяк не прасцей, паколькі цяжарнасць сама па сабе хоць і не хвароба, аднак досыць сур'ёзнае выпрабаванне для арганізма. Як вядома, "цікавы" стан здольны не толькі абвастраць ужо вядомыя самой цяжарнай хранічныя захворванні, але і правакаваць развіццё новых. І гэтыя новыя часам могуць пагражаць не тое што здароўю, а нават жыццю дзіцяці і маці. Вось чаму акушэры-гінеколагі выступаюць за папярэдняе абследаванне і лячэнне выяўленых станаў у сямейнай пары, якая плануе колькасны рост сваёй сям'і. Вось чаму так актыўна медыкі ў цэлым прапагандуюць здаровы лад жыцця.

Без ускладненняў, або Як сучасныя тэхналогіі дазваляюць цяжкахворым цяжарным не загінуць у родах

Аднак для медыцыны, сапраўды, некаторыя рэчы становяцца магчымымі, даступнымі дзякуючы пастаяннаму развіццю навукі. Гэта развіццё "стымулююць" і аб'ектыўныя звесткі аб стане здароўя насельніцтва. Дастаткова, напрыклад, сказаць, што захваральнасць цяжарных статыстычна дакладна павялічылася з 53 працэнтаў у 1991 годзе да 64 працэнтаў у 2010-м. Хоць тут трэба мець на ўвазе і значны рост магчымасцяў медыцынскай дыягностыкі захворванняў. Колькасць цяжарнасцяў і родаў, якія працякаюць без ускладненняў, не перавышае сёння 36 працэнтаў. Словам, у медыцыны проста няма іншага выйсця, як шукаць шляхі вырашэння самых розных — і, галоўнае, усё больш распаўсюджаных — праблем са здароўем патэнцыйных і сапраўдных парадзіх. Гэта не азначае, што ўсе проціпаказанні для цяжарнасці адмяняюцца. Яны былі і застаюцца, і ўрачы ніколі не ўтойваюць ад сваіх пацыентак такую інфармацыю. Іншая рэч, ці прыслухоўваюцца апошнія да слоў спецыялістаў? Ці ўсведамляюць, што ўрачы — не богі, што цудаў у медыцыне не бывае...

А ёсць толькі працяглая, цяжкая навуковая і практычная работа канкрэтных людзей. Работа, якая дазваляе зараз сказаць аб укараненні навукова абгрунтаваных тэхналогій вядзення цяжарнасці і аказання родадапамогі жанчынам з ускладненымі, некарэктаванымі парокамі сэрца. Яны выношваюць цяжарнасць і становяцца маці больш як у 90 працэнтах выпадкаў. А яшчэ сем гадоў таму вышэйназваны дыягназ лічыўся абсалютным медыцынскім паказаннем для перарывання цяжарнасці ў раннія тэрміны.

У апошнія два гады ўдалося ўкараніць першыя ў Беларусі новыя высокатэхналагічныя, нізкатраўмуючыя метады дыягностыкі і карэкцыі паталагічных станаў плода непасрэдна ўнутры маткі. Так, пры выяўленні ў плода анеміі праводзіцца ўнутрывантробнае пераліванне крыві. Спецыяльная праграма лячэння прымяняецца і пры такой цяжкай паталогіі, як затрымка ўнутрывантробнага развіцця плода. Унутрывантробна ажыццяўляецца і лячэнне рэзус-канфліктнай цяжарнасці.

А сумесная работа вучоных РНПЦ "Маці і дзіця" і беларускіх гематолагаў дазволіла знайсці спосаб пераадолення парушэння сістэмы згусальнасці крыві ў маці: былі распрацаваны тэхналогіі дыягностыкі, прафілактыкі і лячэння тромбаэмбалічных ускладненняў у цяжарных. Прымяненне сучаснай тэрапіі, хірургічных спосабаў карэкцыі трамбозу, спецыяльнага вядзення цяжарнасці і родадапамогі дазваляюць не толькі захаваць жыццё маці, але і вынасіць цяжарнасць да тэрміну нараджэння жыццяздольнага дзіцяці.

— Парушэнні сістэмы гемастазу (згусальнасці крыві) з'яўляюцца адной з асноўных прычын развіцця тромбаэмбаліі лёгачнай артэрыі — захворвання, якое мае сур'ёзныя ўскладненні, — расказвае намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ "Маці і дзіця", доктар медыцынскіх навук, прафесар Вольга ХАРКЕВІЧ. — Да 2007 года гэтыя ўскладненні прыводзілі да гібелі і цяжарнай, і дзіцяці. Гібель магла быць абумоўлена трапляннем тромба ў магістральныя сасуды лёгкіх, што, зразумела, імгненна спыняе дыхальную і сардэчную дзейнасць. Другой прычынай смяротнасці пры гэтым захворванні з'яўлялася кровацячэнне.

Сама пацыентка можа здагадацца аб пачатку праблемы па такіх прыкметах, як частае ўтварэнне сінякоў без асаблівых прычын, насавыя кровацячэнні, кровацячэнні з дзяснаў, моцная страта крыві падчас месячных... Існуе досыць многа канкрэтных прычын (у тым ліку абумоўленых генетычна), якія спрыяюць развіццю трамбозу. Для кожнай з гэтых прычын мы распрацавалі метады прафілактыкі, якая пачынаецца яшчэ на этапе падрыхтоўкі да цяжарнасці. Мы прымяняем высокатэхналагічную медыкаментозную тэрапію, дыетатэрапію. І тут вельмі важна, каб спецыяліст, які назірае такую жанчыну, валодаў глыбокімі ведамі ў галіне асобнага раздзела акушэрства і гінекалогіі — гематалогіі. У такім выпадку эфектыўнасць нашага метаду лячэння будзе вельмі высокай.

Звыш 3 тысяч родаў у год прымаецца ў нашым цэнтры, і, на шчасце, у апошнія гады ў нас фактычна няма кровацячэнняў падчас родаў. Пераліванне крыві падчас родаў і пасляродавым перыядзе патрабуецца сёння не часцей, чым 1-2 разы ў месяц, у той час як 7-10 гадоў таму гэта было актуальным практычна штодня...

Гэтай праблемай цэнтр і асабіста прафесар Харкевіч пачалі займацца фактычна з моманту адкрыцця цэнтра ў 2004 годзе. Калі беларускія спецыялісты падзяліліся атрыманым вопытам з нямецкімі калегамі, тыя прызналі эфектыўнасць тутэйшых распрацовак і той факт, што ў барацьбе з мацярынскай смяротнасцю нашы вучоныя зрабілі сур'ёзны крок наперад. Пасля такога прызнання беларускія медыкі падзяліліся вопытам з расійскімі, украінскімі, азербайджанскімі калегамі. Справа ў тым, што далёка не любая краіна гатовая пераняць гэты вопыт, паколькі для падобнай практыкі патрабуецца вельмі добрая лабараторная база, спецыялісты, падрыхтаваныя для правядзення дыягностыкі і карэкцыі.

— З 2007 года ў нас няма выпадкаў смерці цяжарных і парадзіх па прычыне тромбаэмбалічных парушэнняў, — дадае Вольга Харкевіч. — Вось чаму мацярынская смяротнасць зараз складае літаральна 1 выпадак у год. Трэба заўважыць, што цяжарныя жанчыны, у якіх выяўляюць парушэнне згусальнасці крыві, найчасцей накіроўваюцца ў наш цэнтр, аднак сёння амаль ва ўсіх абласцях таксама ёсць магчымасці вядзення такіх цяжарных.

Святлана БАРЫСЕНКА.

←Эксперты: Раковые больные стали жить дольше

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика