Ці можна абараніць дзіця ад паразітаў

Источник материала:  
24.08.2011 12:07 — Новости Здоровья

Ці можна абараніць дзіця ад паразітаў


"5-гадовае дзіця заразілася глістамі... Падазраём, што віной усяму пясочніца. Паколькі педыятра на звычайным прыёме не распытаеш падрабязна пра гэтую непрыемнасць, хацелі б даведацца ад вас: як засцерагчы дзіця ад паўторнага заражэння і ці праўду кажуць, што амаль усе дзеці заражаюцца глістамі, але не ва ўсіх гэта праяўляецца?" Пра гэта пытаецца сям'я Цыбуновых з Гродзенскай вобласці. Адказвае ўчастковы ўрач-педыятр 23-й дзіцячай гарадской паліклінікі г. Мінска Таццяна Грынчук. 

— Дзеці могуць заразіцца паразітамі праз брудныя рукі, пясок, глебу і ваду. Часам заражэнне дзіцяці можа адбыцца ўнутрывантробна, паколькі прасцейшыя, бактэрыі, вірусы, кандыды і лічынкі гельмінтаў могуць пранікаць у плод праз плацэнту з токам крыві, а таксама падчас родаў праз родавыя шляхі.

Верагоднасць заражэння дзяцей дашкольнага ўзросту глістамі роўная амаль 100 працэнтам. У дзяцей гэтага ўзросту яшчэ недастаткова развітыя гігіенічныя навыкі, а пазнанне навакольнага асяроддзя ідзе пераважна праз рот. Акрамя таго, у малых слаба развітыя абарончыя механізмы супраць інвазіі: недастаткова кіслае асяроддзе страўніка, слабы імунітэт. Высокая рухальная актыўнасць дзяцей ва ўзросце 1,5-3 гадоў спрыяе таму, што яны інфіцыруюцца дома, на прагулцы, у садку пры кантакце з забруджанымі прадметамі (вулічным абуткам, падлогай, цацкамі), у месцах агульнага карыстання, на вуліцы (гуляючы ў пясочніцы або на зямлі), а таксама падчас кантактаў з жывёламі (бадзяжнымі або хатнімі, калі тыя бываюць на вуліцы). Варта адзначыць, што ў дзяцей ва ўзросце пасля 7 гадоў верагоднасць заражэння гельмінтамі не намнога меншая, чым у дашкольнікаў.

У нашай краіне найбольшае распаўсюджванне маюць такія гельмінты, як аскарыды, астрыцы і ўласаглавы.

Як дзіця можа заразіцца?


Заражэнне адбываецца пры траплянні ў арганізм яек або лічынак глістоў. Яйкі трапляюць у навакольнае асяроддзе з калам інфіцыраваных людзей і жывёл. Яны маюць мікраскапічныя памеры, вельмі ўстойлівыя да розных уздзеянняў і могуць працягла захоўваць жыццядзейнасць у глебе, на паверхні прадметаў або прадуктаў, у складках бялізны, на скуры. Трапляючы ў ротавую поласць дзіцяці, яйкі глістоў праходзяць у страўнік, дзе часткова разбураюцца ў яго агрэсіўным, кіслым асяродку і далей актывізуюцца ў кішэчніку, дзе ўмовы для развіцця дарослых асобін найбольш спрыяльныя.

Прыкметы гліснай інвазіі

8 з 10 дзяцей дашкольнага ўзросту заражаны глістамі. Прычым толькі ў кожнага трэцяга захварэлага ёсць відавочныя сімптомы. Астатнія перажываюць захворванне у скрытай форме і не праходзяць неабходную супрацьглісную тэрапію.

Клінічныя праявы гельмінтозаў больш выражаны ў дзяцей, чым у дарослых. Глісты атручваюць дзіцячы арганізм прадуктамі метабалізму і негатыўна ўплываюць на стан здароўя дзіцяці. Яно становіцца кволым, капрызным, няўважлівым. Хутка стамляецца, скардзіцца на галаўны боль. Скура становіцца бледнай, пагаршаецца апетыт, парушаецца страваванне, з'яўляюцца алергічныя рэакцыі. Верагоднасць гліснай інвазіі вельмі высокая, калі ў дзіцяці з'яўляюцца наступныя сімптомы:

1. Слінацячэнне, ванітаванне, зніжэнне апетыту або паталагічнае яго ўзмацненне, боль вакол пупка або без пэўнай лакалізацыі (боль з'яўляецца незалежна ад прыёму ежы), панос або запор, павышаная стамляльнасць, частыя галаўныя болі або галавакружэнні, бледнасць і сінява пад вачыма, павышаная ўзбуджальнасць вечарам, беспрычынныя капрызы, дрэннае засынанне і дрэнны начны сон, які суправаджаецца прачынаннем, ускрыкамі, скрыгатаннем зубоў, свербам у вобласці прамежнасці.

2. Часта паразіты прыводзяць да алергізацыі арганізма, з'яўляюцца скураныя рэакцыі ў выглядзе атапічнага дэрматыту, які з цяжкасцю паддаецца сімптаматычнай тэрапіі. Нярэдка ўзнікаюць ліхаманка, боль у мышцах і суставах, высыпкі па тыпе крапіўніцы. Пры міграцыі праз лёгкія назіраюцца кашаль, кроў у макроце, што выклікае падазрэнні на пнеўманію.

Якую шкоду наносяць паразіты арганізму?

Паколькі глісты часцей за ўсё абжываюць кішэчнік, парушаецца яго работа, ён не спраўляецца з выпрацоўкай і ўсмоктваннем вітамінаў. З'яўляецца дысбактэрыёз, які праяўляецца болем у жываце, паносам, запорам, ванітаваннем, павышэннем адчувальнасці да алергенаў.

Урачы-алерголагі сцвярджаюць, што больш за палову ўсіх алергічных рэакцый — гэта вынік існуючага або перажытага гельмінтозу.

Паразіты адмоўна ўплываюць на абарончыя сілы арганізма, што зніжае імунітэт. Гэта прыводзіць да пачашчэння вострых рэспіраторных і інфекцыйных захворванняў, зніжэння выпрацоўкі абарончых антыцелаў пры вакцынацыі дыфтэрыі, пагаршаецца фарміраванне імунітэту пры рэвакцынацыі адру і слупняку. Таксама ў такіх дзяцей часцей адзначаюцца падманныя туберкулінавыя пробы (рэакцыя Манту).

Сусветная арганізацыя аховы здароўя адзначае, што сярод прычын, здольных выклікаць другасны імунадэфіцытны стан, на першым месцы — пратазойныя і глісныя інвазіі.

Меры прафілактыкі

- Усім членам сям'і вытрымліваць правілы гігіены, імкнуцца не дапускаць блізкага кантакту дзіцяці і яго асабістых рэчаў з хатнімі жывёламі.

- На вуліцы сачыць за тым, каб дзіця не падбірала розныя прадметы, не кантактавала з жывёламі.

- Прывучаць да асабістай гігіены (мыць рукі пасля наведвання вуліцы і прыбіральні).

- Перыядычна мыць з мылам цацкі, асабліва тыя, што прыносяцца з вуліцы. Пыласосіць не толькі дываны, але і мяккую мэблю, мяккія цацкі.

- Не даваць дзіцяці нямытую гародніну або фрукты, дрэнна тэрмічна апрацаваныя мяса і рыбу. Гародніну і фрукты лепш мыць з мылам, а ягады заліваць чыстай вадой, затым яе зліваць і прамываць плады праточнай вадой.

Выявіць глісныя інвазіі досыць складана, што тлумачыцца асаблівасцямі іх жыццёвага цыклу. Улічваючы высокую эпідэміялагічную верагоднасць глісных інвазій, іх здольнасць парушаць розныя функцыі арганізма, рэкамендуецца незалежна ад вынікаў аналізаў праводзіць прафілактычна-лячэбныя супрацьглісныя курсы з улікам ускосных прыкмет паталогіі. Дзецям дашкольнага ўзросту рэкамендуецца правядзенне прафілактычных антыгельмінтных курсаў двойчы ў год — вясной і восенню (лепш за ўсё ў красавіку-маі і кастрычніку-лістападзе).

Калі глісты выяўлены ў любога з членаў сям'і, у тым ліку ў дзіцяці, неабходна пралячыць усю сям'ю. У такой сітуацыі важна ўзмацніць і гігіенічныя мерапрыемствы, напрыклад, пракіпяціць і прапрасаваць з абодвух бакоў пасцельную і асабістую бялізну.
 
←С клещами на выход

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика