Ці варта карыстацца "хатняй" касметыкай
Ці варта карыстацца "хатняй" касметыкай
— Ці гэта праблема? Што б ты рабіла, калі б тых цудадзейных сродкаў увогуле не было? — не разумеюць майго абурэння некаторыя знаёмыя.
І сапраўды, жылі ж некалі даўно жанчыны без магчымасці набыць у краме касметыку. Некаторыя і сёння карыстаюцца маскамі, ласьёнамі і крэмамі, зробленымі на ўласнай кухні. Маўляў, паколькі тое, што наносіцца на твар, можна з'есці — значыць, яно карыснае і лепшае за "хімію", якую няведама з чаго робяць. Вядома, памаду ці туш у хатніх умовах не прыгатуеш, а вось рэцэпты сродкаў для догляду складанасці не выклікаюць. Што ж, чаму б не паспрабаваць?
Пазнай свой твар
У інтэрнэце можна знайсці процьму рэцэптаў, якія абяцаюць цудоўныя пераўтварэнні валасам, пазногцям і скуры. Кара дубу, рамонак, бульба, яйкі, шкіпінар, мёд, маянэз, ягады і гародніна... З усёй неверагоднай колькасці рэцэптаў, якую перагледзела, чуць даводзілася толькі пра карысць кольцаў агуркоў на вачах і маскі з клубніц. Гэта калі ягады размазваюцца па твары па прычыне немагчымасці іх з'есці. Так мне здавалася. Суседка Ганна сумніўныя разважанні разбіла імгненна:
— Клубніцы скуру вельмі добра адбельваюць, а вось агуркі, калі іх пачысціць, нацерці і зрабіць маску для твару, можна выкарыстоўваць замест ласьёну для ачышчэння. Эфект падобны: адчуванне свежасці і лёгкасці. А яшчэ можна зерне аўса зварыць і адварам мыць рукі. Каб былі мяккімі і дагледжанымі.
Дык што, і сапраўды магчыма даглядаць скуру, выкарыстоўваючы толькі народныя сродкі? Першы рэцэпт, які вырашана было апрабаваць, малочная маска для твару. Эфект заманлівы: маска ачысціць скуру і зробіць лепшым колер твару.
Адчуваючы сябе ці то старасвецкім аптэкарам, ці то нейкім "няправільным" кулінарам, я пачала расціраць тварог з алеем, як і было напісана. Пасля патрабавалася дадаць лыжку цёплага малака і крыху солі. Атрымалася тлустая маса, якая доўга не хацела рабіцца аднароднай. Менавіта яе патрэбна было пратрымаць на сваім твары бліжэйшыя пятнаццаць хвілін, пасля чаго змыць цёплай гарбатай. Трэба сказаць, аўтары рэцэпту зусім не зманілі: скура пасля маскі стала вельмі мяккай і свежай. І гэта пасля першага ж выкарыстання!
Поспех акрыліў, таму захацелася паспрабаваць штосьці яшчэ. "Змяшайце бялок аднаго яйка з лыжкай алею" — раіў наступны рэцэпт. Што ж, нічога складанага. Такая сумесь прызначалася для скуры твару і шыі. З патрэбных пятнаццаці хвілін уздзеяння я вытрымала недзе палову: ужо праз дзве хвіліны скура пачала непрыемна свярбець, таму рэкамендацыю змыць маску ватным тампонам, змочаным лімонным сокам, я не выканала, а пабегла ў ванны пакой, толькі б хутчэй гэтае ўсё проста змыць.
Каб надаць скуры твару адчуванне свежасці, народныя рэцэпты раяць выкарыстоўваць маскі з агуркамі, пятрушкай, лімонам і гароднінай. Цікавасць выклікаў сродак з чырвоным бураком. Для гэтай маскі патрабаваліся яшчэ кабачкі і капуста, але асноўным інгрэдыентам усё ж быў бурак. Згодна з рэцэптам, уся гэтая гародніна здрабняецца ў кашу і наносіцца як маска. Змыць чырвань, якая можа перайсці на скуру з бурака, можна лімонным сокам. У рэцэпце сцвярджалася, што гэта зусім не праблема, а эфект ад сродку цудоўны, так што не грэх і рызыкнуць. І ўсё ж, нават на перспектыву, пахадзіць дзень-другі з чырвоным тварам я не адважылася.
Рукі з водарам аліўе
Рукі мае аказаліся самымі шматпакутнымі ўдзельнікамі эксперыменту. Для падтрымання іх прыгажосці была абрана маска з бульбы, малака і аліўкавага алею. Карацей, звычайнае пюрэ. І выгляд, і спосаб прыгатавання ідэнтычныя. Няшчасці пачаліся ўжо з таго моманту, калі варылася бульба. Парай ад кіпню апякла руку. Але паколькі эфектыўнасць ці неэфектыўнасць маскі выяўлена не была, эксперымент працягваўся далей. Патрабавалася нанесці маску на сурвэтку і пакласці на распараныя рукі, пасля чаго абгарнуць іх поліэтыленавымі пакетамі. Чакаць эфекту трэба ўсяго толькі сорак хвілін.
Шчыра скажу, з пакетамі на руках без магчымасці да чаго-небудзь дакрануцца доўга не вытрымала. Цудоўных змен з маімі рукамі таксама не адбылося. Ну, можа недатрымала?
І ўсё ж асмелілася паспрабаваць маску з морквы, якую трэба трымаць паўгадзіны, таксама седзячы ў пакетах, а да таго ж яшчэ і ў рукавіцах. Моркву нацерла без асаблівых здарэнняў. Потым яе неабходна было змяшаць з лыжкай смятаны і алеем — і ўсё, касметыка гатовая.
Пасля дзесяці хвілін уздзеяння аказалася, што морква пафарбавала пазногці ў аранжавы колер. Скура на руках таксама набыла колер нейкага нездаровага аранжавага загару, які адразу нічым не змываўся. Але цешыла надзея, што натуральны сродак не будзе трымацца тыднямі, праз дзень-два змыецца...
Відавочна, такую маску перад выхадам у свет рабіць не варта.
Выкарыстоўваць маянэз замест крэму для рук падалося вельмі дзіўным. Але ж ніколі не зразумееш здзейсненага, пакуль не атрымаеш вынікаў. Рукі, намазаныя маянэзам і апранутыя ў гумавыя пальчаткі, выглядалі смешна. Радавала, што цяпер хоць не трэба было сядзець паўгадзіны без справы: хвіліны прайшлі, маянэз змыўся, скура адчувала сябе нядрэнна. Толькі вось водар застаўся. Рукі пахлі ... салатай аліўе на навагоднім стале.
Какава для валасоў
У часы маладосці маёй бабулі дзяўчаты ў вёсцы часам мылі галаву разведзеным у вадзе попелам. Для таго, каб валасы былі паслухмянымі і ляжалі як патрэбна, адразу пасля мыцця іх змазвалі гусіным тлушчам. Казалі, вельмі дапамагала. І валасы былі ў парадку, і дзяўчаты хлопцам падабаліся.
Асмеліцца на авантуру з тлушчам я не змагла. Затое знайшоўся куды менш экзатычны спосаб догляду за валасамі без традыцыйных касметычных сродкаў. Маска з тварагу і парашку какавы павінна была зрабіць косы бліскучымі і моцнымі. Акурат тое, што абяцаюць папулярныя шампуні з рэкламы. Усё проста: тварог размешваецца з вадой, пасля чаго дадаецца какава. У выніку атрымоўваецца дзіўнага выгляду сумесь. За сорак хвілін маска робіць валасы шаўкавістымі і гладкімі. Прынамсі, так сказана ў рэцэпце.
І вось, сорак хвілін з ручніком на галаве і тварагом на валасах прайшлі. Трэба сказаць, ніякіх асаблівых цудадзейных змен заўважана не было. Да таго ж такую маску складана змываць і скура пасля яе пачувае сябе не надта прыемна. Напакутаваўшыся, ліквідуючы наступствы хатняга сродку догляду за валасамі, я вырашыла больш з імі не эксперыментаваць.
Народныя рэцэпты ізноў здзівілі: аказваецца, галаву можна мыць не толькі попелам, але і адварам крапівы, яечным жаўтком, ёгуртам, рысавым адварам і размочаным у цёплай вадзе чорным хлебам.
Толькі цяпер наўрад ці гэта захочацца зрабіць. Пасля заканчэння эксперыменту стала зразумела, што эфект ад звычайнай касметыкі калі не лепшы, то ўсё ж больш звыклы і зручны.
Цікавыя факты:
- Старажытныя егіпцяне ў якасці сродку, які спрыяе росту валасоў, выкарыстоўвалі здробнены салат-латук, які прыкладвалі да скуры галавы.
- Для гэтых жа мэт жрацы гатавалі мазі на аснове львінага тлушчу і асліных капытоў.
- Жанчыны ў Старажытнай Грэцыі рабілі цені для павекаў з аліўкавага алею і вугалю, а мёдам увільгатнялі скуру.
- Сродак, каб маляваць чорныя "стрэлкі" ля вачэй, егіпецкія прыгажуні рабілі са спаленых разам вугалю і слановай косці.
- Царыца Клеапатра адбельвала скуру спецыяльнымі мазямі з марской солі і глею.