Разумны імплантант вяртае слых глухім дзецям

Источник материала:  
18.06.2011 10:56 — Новости Здоровья

Разумны імплантант вяртае слых глухім дзецям


Больш як дзесяць гадоў таму на базе Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра отарыналарынгалогіі была праведзена першая ў нашай рэспубліцы кахлеарная імплантацыя. Гэта высокатэхналагічная аперацыя, пасля якой людзям, якія раней не чулі і не маглі размаўляць, вяртаюць такія магчымасці. За апошні час у рэспубліцы было зроблена каля 240 такіх аперацый, іх праводзяць у РНПЦ отарыналарынгалогіі і Гродзенскім медыцынскім інстытуце. 

Якія паказанні існуюць да кахлеарнай імплантацыі? З гэтага пытання пачалася наша размова з загадчыцай ЛОР-аддзялення для дарослых кансультацыйнай паліклінікі РНПЦ отарыналарынгалогіі Нінай Касцюк.

— Перш за ўсё, патрэбу ў аперацыі маюць людзі з глухатой на абодва вухі або тугавухасцю, якая не карыгіруецца слыхавымі апаратамі. Часцей за ўсё аперыруюцца дзеці з прыроджанай паталогіяй. І вельмі важна правесці ім аперацыю да трох гадоў. Чым раней прааперыравана дзіця, тым лепш у яго будзе праходзіць рэабілітацыя, тым хутчэй яно навучыцца гаварыць і зможа падрыхтавацца да школы.

— А з якога мінімальнага ўзросту можна праводзіць кахлеарную імплантацыю дзецям?

— Недзе ад года.

— Як жа ў такога маленькага вызначаюць глухату?

— Справа ў тым, што зараз па ініцыятыве РНПЦ отарыналарынгалогіі распрацавана і дзейнічае праграма "Укараненне отаакустычнай эмісіі ў раддамах". Сутнасць яе ў тым, што кожнае дзіця, якое з'явілася на свет у радзільным доме, праходзіць аўдыялагічны скрынінг. Спецыялісты з дапамогай апарата отаакустычнай эмісіі ацэньваюць слых немаўляці. Гэтая методыка дазваляе выявіць цяжкія парушэнні. Калі на скрынінгавым апараце нешта западозрылі, дзіця накіроўваюць на кансультацыю да сурдолага, праводзяцца таксама дадатковыя абследаванні. І толькі калі дакладна пацверджана, што дзіця глухое, можна думаць пра аперацыю.

— У чым сутнасць аперацыі кахлеарнай імплантацыі?

— Падчас аперацыі хірург размяшчае ва ўлітцы вуха электроннае прыстасаванне, якое дастаўляе гук у выглядзе электрычных імпульсаў да валокнаў слыхавога нерва і далей трапляе ў мозг. Вонкавая частка імплантанта ўяўляе сабой моўны працэсар з мікрафонам, падобны на слыхавы апарат, які мацуецца за вухам. Прасцей кажучы, мы фактычна маем пратэз вуха.

Але аперацыя — гэта толькі пачатак справы. Наперадзе працяглы рэабілітацыйны перыяд: паўгода-год. Імплантант падключаюць і настройваюць праз месяц пасля аперацыі, калі ўсё загаілася. Потым з маленькім пацыентам займаюцца сурдапедагогі, па спецыяльных праграмах яны вучаць гэтых дзяцей чуць і гаварыць. Бацькі таксама не павінны заставацца ўбаку. Спецыялісты навучаць іх спецыяльным практыкаванням, якія трэба выконваць з дзіцем дома. Калі ўсё рабіць правільна, вынікі пасля аперацыі добрыя.

Другая катэгорыя, якую мы аперыруем, гэта дарослыя, што позна аглухлі з-за нейкіх прычын. Дапусцім, чалавек перанёс менінгіт або ў яго была цяжкая чэрапна-мазгавая траўма і ён аглух на абодва вухі. Такі пацыент гаварыць можа, а чуць не. Вось для іх гэтая аперацыя — вялікая дапамога. Раней такіх людзей мы вучылі толькі чытаць гукі з вуснаў і ўсё. Зараз, калі ім ужыўляюць электрод, вучаць карыстацца "штучным вухам", яны нібы набываюць новае жыццё. Недзе праз паўгода ёсць вынік. Пацыенты ўжо могуць мець зносіны па тэлефоне, карыстацца сотавай сувяззю. Рэабілітацыя ў дарослых праходзіць добра і менш працягла, чым у дзяцей.

— Ці можа быць праведзена такая аперацыя дзецям глуханямым ад нараджэння, але якія ўжо выйшлі з узросту немаўлят і навучаюцца ў спецыяльных школах для глухіх?

— На жаль, мы ім вымушаны адмаўляць. Гэта позна. У 10—15 гадоў мозг ужо настроены на тое, што чалавек размаўляць не будзе. У такім узросце змяніць сітуацыю нельга.

— Як увогуле трапіць на аперацыю кахлеарнай імплантацыі? Ці з'яўляецца паслуга платнай?

— Спачатку чалавек павінен прайсці вельмі сур'ёзнае абследаванне, і толькі потым вырашаецца пытанне аб аперацыі. Бо імплантант трэба паставіць менавіта таму пацыенту, якому ён дакладна спатрэбіцца. Таму і вядзецца шматэтапны адбор. Да гэтага адбору дапускаюцца ўсе ахвотныя. Спецыяльная камісія, у складзе якой ёсць псіхолаг, сурдапедагогі, слухапратэзісты, іншыя спецыялісты, у выніку і прымае рашэнне аб аперацыі. Але ж перад гэтым робіцца вялікі аб'ём абследаванняў.

Сама аперацыя робіцца бясплатна, не плацяць пацыенты і за імплантанты. Хоць яны вельмі дарагія, каштуюць ад 16 да 35 тысяч еўра. Зразумела, многія бацькі наўрад ці могуць сабе гэта дазволіць. Існуе спецыяльная дзяржаўная праграма, у рамках якой выдзяляюцца грошы на аперацыі кахлеарнай імплантацыі. Таму і праводзіцца такі сур'ёзны адбор пацыентаў.

Карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуць вашу ўвагу на наступнае. Нам стала вядома, што нейкія людзі збіраюць па пад'ездах грошы на імплантанты для глухіх дзяцей. Але ж, паўтаруся, імплантанты ў нас ёсць у дастатковай колькасці, гэта якасная сертыфікаваная прадукцыя, і яны выдзяляюцца дзяржавай бясплатна. Іншая справа, што нехта хоча набыць больш дарагі апарат, але дзяржава рабіць гэта не абавязана. Яна выдзяляе на лячэнне тыя грошы, якія ёй па кішэні.

←На Западе спорят о пользе и вреде стресса

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика