Фотадынамічная тэрапія дапамагае вылечыць рак скуры ў 85-90% выпадкаў

Источник материала:  
03.02.2011 11:04 — Новости Здоровья

Фотадынамічная тэрапія дапамагае вылечыць рак скуры ў 85-90% выпадкаў


Сусветная арганізацыя аховы здароўя вызначыла 2011 год як год папярэджання развіцця анкалагічных захворванняў.

На сённяшні дзень традыцыйныя метады лячэння анкахворых не могуць цалкам задаволіць патрабаванні клінічнай практыкі. Гэта і прымушае спецыялістаў усяго свету шукаць новыя шляхі ў дыягностыцы і лячэнні пацыентаў са злаякаснымі пухлінамі. Адным з такіх метадаў з'яўляецца фотадынамічная тэрапія. Свой сур'ёзны ўклад у гэты накірунак зрабілі і беларускія медыкі.

Ужо 15 гадоў на РУП "Белмедпрэпараты" працуе ўласнае навукова-даследчае падраздзяленне, вынікам работы якога стала стварэнне і засваенне ў вытворчасці шэрагу ўнікальных інавацыйных лекавых сродкаў для прымянення ў розных галінах медыцыны, у тым ліку і ў анкалогіі.

Сярод арыгінальных лекавых прэпаратаў, створаных і выпускаемых РУП "Белмедпрэпараты", асобае месца займае фотасэнсібілізатар "Фаталон", які прызначаны для лячэння анкалагічных захворванняў новым сучасным метадам фотадынамічнай тэрапіі.

— Прымяненне гэтага метаду патрабуе наяўнасці шэрагу складальнікаў, — падкрэслівае намеснік генеральнага дырэктара па пытаннях інавацыйнага развіцця РУП "Белмедпрэпараты", кандыдат медыцынскіх навук Таццяна Трухачова. — Сярод гэтых складальнікаў павінны быць эфектыўныя лекавыя сродкі і крыніца святла — лазер, які дазваляе правесці лячэбны сеанс. Таксама важная наяўнасць высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія дасканала валодаюць тэхналогіяй фотадынамічнай тэрапіі. Сёння ў рэспубліцы ўсё гэта ёсць. Нашым прадпрыемствам вырабляецца фотасэнсібілізатар "Фаталон". Навукова-вытворчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "ЛЭМТ" стварае сучасныя, высакаякасныя, бяспечныя, сартыфікаваныя лазеры. У краіне ёсць і навукоўцы, якія распрацавалі і засвоілі ў сваіх клініках метад фотадынамічнай тэрапіі для лячэння шэрагу анкалагічных захворванняў, а таксама для іх прафілактыкі.

Прэпарат "Фаталон" атрымаў шэраг патэнтаў як на склад вынаходніцтва, так і на спосабы яго прымянення. Работа па стварэнні "Фаталона" выконвалася прадпрыемствам у цесным супрацоўніцтве з вядучымі арганізацыямі сістэмы аховы здароўя Беларусі, а таксама з асноўнымі клінічнымі цэнтрамі Расіі.

— Першыя даследаванні пачаліся ў 1999—2000 гг., — расказвае начальнік лабараторыі фармакалогіі і таксікалогіі РУП "Белмедпрэпараты" Сяргей Шляхцін. — І ўжо тады было даказана, што прымяненне гэтай методыкі ў хворых з пухлінамі скуры і слізістых абалонак, пераважна вонкавай лакалізацыі, дазваляе дасягнуць у 85-90% выпадкаў практычна поўнага вылячэння.

Вынікі гэтых даследаванняў з'явіліся падставай для афіцыйнай рэгістрацыі дазволу да шырокага клінічнага прымянення лекавага сродку "Фаталон" і метаду фотадынамічнай тэрапіі. У тыя ж гады на базе інстытута анкалогіі быў створаны першы і пакуль адзіны ў рэспубліцы кабінет фотадынамічнай тэрапіі.

Далейшыя даследаванні даказалі, што метад можа выкарыстоўвацца пры лячэнні такіх новаўтварэнняў, як рак лёгкага, дэсімінаваных формах меланомы, захворваннях страўнікава-кішачнага тракту, мочавыдзяляльных шляхоў. Прычым даследаванні паказалі высокую эфектыўнасць методыкі, а самае галоўнае — бяспеку прымянення.

У 2008—2009 гг. у РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі пачалі праводзіцца работы па вывучэнні эфектыўнасці фотадынамічнай тэрапіі пры лячэнні перадракавых захворванняў. Размова ідзе пра захворванні шыйкі маткі ў жанчын, як правіла, дзетароднага ўзросту. Вынікі лячэння гэтым метадам дазволілі дасягнуць вылячэння хворых у 92% выпадкаў.

У тыя ж гады праводзіліся буйныя даследаванні па лячэнні такога цяжкага злаякаснага новаўтварэння, як пухліна галаўнога мозга. У выніку прымянення гэтая методыка дазволіла павысіць выжывальнасць пацыентаў пасля праведзенага лячэння, палепшыць іх якасць жыцця ў пасляаперацыйным перыядзе.

Вынікі даследчых работ, якія прадстаўлялі спецыялісты нашай рэспублікі на шматлікіх кангрэсах і сімпозіумах, прысвечаных лячэнню анказахворванняў, неаднаразова атрымлівалі высокія адзнакі сусветнай медыцынскай грамадскасці. У прыватнасці, летась на Сусветным кангрэсе па фотадынамічнай тэрапіі, які праходзіў у Сіэтле, даклад нашых спецыялістаў быў прызнаны лепшым навуковым паведамленнем кангрэса. А на 13-м фармацэўтычным форуме ў Сеуле прадпрыемства "Белмедпрэпараты" было ўдастоена вышэйшай узнагароды форума за распрацоўку шэрагу супрацьпухлінных сродкаў (у прыватнасці, прэпарата "Фаталон") і праведзеныя медыка-біялагічныя даследаванні, накіраваныя на барацьбу са злаякаснымі новаўтварэннямі. 
 

←Весна от Prada. Сегодня на Velvet.by

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика