Старасць як хранічнае захворванне

Источник материала:  

Старэнне — гэта паступовыя і малазаўважныя змяненні ў структуры і функцыях розных сістэм. Гэтыя змяненні прыводзяць да скарачэння рэзервовых магчымасцяў арганізма, набліжаюцца да парогу дысфункцыі. Да нейкага часу, пакуль арганізм не сутыкнуўся з істотным стрэсарным уздзеяннем, спрацоўваюць абарончыя механізмы. Але ў шэрагу выпадкаў зрыў прыводзіць да развіцця захворвання.

Разам з тым нават у вельмі старых людзей скарачэнні рэзервовых магчымасцяў не варта лічыць непазбежнымі, і ўзроставыя змяненні ў органах і сістэмах могуць развівацца з рознай хуткасцю, адзначае загадчык клініка-дыягнастычнай лабараторыі 18-й гарадской паліклінікі г. Мінска Таццяна СТРАЛЬЦОВА. Так, у коснай сістэме яны праяўляюцца рана, але працякаюць павольна, у той час, як у некаторых структурах цэнтральнай нервовай сістэмы доўга не выяўляюцца, але пазней развіваюцца вельмі хутка.

Старэнне характарызуецца змяненнямі шэрагу фізіялагічных паказчыкаў арганізма. Найбольш выражанымі і тыповымі лічацца наступныя (у параўнанні з узроўнем гэтых паказчыкаў у 30 гадоў (100 працэнтаў):

 зніжэнне максімальнага ўжывання кіслароду — на 63 працэнты;

 зніжэнне максімальнай ёмістасці лёгкіх — на 60 працэнтаў;

 зніжэнне сардэчнага выкіду — на 30 працэнтаў;

 зніжэнне ўтрымання вады ў арганізме — на 20 працэнтаў;

 зніжэнне ўзроўню асноўнага абмену — на 18 працэнтаў;

 зніжэнне хуткасці правядзення нервовых імпульсаў — на 5 працэнтаў.

Найбольшы дыскамфорт выклікаюць парушэнні рухальнай функцыі, стрававання, зроку і слыху.

У структуры захваральнасці на 1-м месцы — хваробы сістэмы кровазвароту, на 2-м — нервовай сістэмы і органаў пачуццяў, на 3-м — органаў дыхання, далей — органаў стрававання і новаўтварэнні.

Захваральнасць пажылых мае і пэўныя асаблівасці — гэта найперш множнасць і хранізацыя паталогіі. У сярэднім у кожнага мужчыны ва ўзросце пасля 60 гадоў дыягнастуецца 4 захворванні, у жанчын таго ж узросту — 5. Кожныя наступныя 10 гадоў да іх дадаюцца яшчэ 1-2 хваробы.

Захворванне ў пажылых і старых нярэдка мае сцёртую клінічную карціну нават пры абвастрэнні. У асобных выпадках полімарфізм клінічных праяў абумоўлены спалучэннем некалькіх паталагічных працэсаў, цячэнне якіх часам можа быць замаскіраваным. Вострыя захворванні нярэдка становяцца субхранічнымі, а цяжкасць паражэння арганізма часта не мае выражанай сімптаматыкі. Таму неабходна не толькі дабівацца змянення ў паляпшэнні цячэння захворвання, але і паляпшаць якасць жыцця пажылога чалавека, дакладна ацэньваць яго магчымасці.

Святлана БАРЫСЕНКА.

 

 

←Биологическую страховку можно получить уже сейчас

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика