Пры мігрэні не спадзявайся на каву
"Гемікранія" (у перакладзе з грэчаскай мовы — "палова галавы"), або мігрэнь — адно з самых распаўсюджаных неўралагічных захворванняў. Пры ім галаўныя болі нярэдка суправаджаюцца парушэннямі зроку, святла- і гукабояззю, млоснасцю і ванітамі.
Паводле статыстыкі, ад мігрэні пакутуюць, у асноўным, людзі ва ўзросце 18—35 гадоў, прычым жанчыны ў тры разы часцей, чым мужчыны. А частата і сіла прыступаў напрамую залежыць ад іх вагі: сярод хворых на цяжкія формы мігрэні каля 70 % пацыентаў маюць дыягназ "атлусценне" і ў сувязі з гэтым надзвычай незадаволеныя сваёй знешнасцю.
Каб прадухіліць чарговы прыступ, можна звярнуцца да лекаў. Эфектыўныя таксама гамеапатыя і метады рэфлексатэрапіі (класічная акупунктура, шыяцу і г.д.).
Пускавым механізмам гэтай хваробы можа з'явіцца пэўны пах. Аднак з дапамогай пахаў мігрэнь можна і вылечыць — водаратэрапія пры правільным прымяненні дае вельмі добрыя вынікі (водаракурыльні, ванны, масаж з выкарыстаннем эфірных алеяў, інгаляцыі, расціранні).
Рэакцыя на пахі ва ўсіх індывідуальная, таму трэба правільна падабраць алеі для канкрэтнага чалавека. Пры мігрэні выкарыстоўваюцца такія эфірныя алеі, як маяран, герань, лімон, гваздзіка, базілік, рамонак, эўкаліпт, размарын, хвоя, лаванда, мята, ружа, іланг-іланг.
Разнастайны і моцны ўплыў аказвае на чалавека колер. Пры мігрэні рэкамендуюцца колеры сіне-зялёнай гамы.
Каб зрабіць прыступы больш рэдкімі і слабымі, а то і зусім перамагчы хваробу:
Абмяжуйце ўжыванне прадуктаў (сыры, вяндліну, арэхі, сасіскі, шакалад, кока-колу, каву, алкаголь — асабліва сухія віны, шампанскае, піва) і медыкаментаў (нітрагліцэрыны, антыгістамінных прэпаратаў, гарманальных супрацьзачаткавых сродкаў і інш.), якія стымулююць утварэнне ў клетках галаўнога мозга сератаніну, а апошні спрыяе спазму сасудаў.
Пазбягайце фізічнай і разумовай стомленасці, стрэсавых сітуацый, душных і накураных памяшканняў. Забяспечце сабе спакойны і дастаткова працяглы сон. Не грэбуйце рэжымам дня і дыетай, фізічнымі практыкаваннямі, рэгулярнымі прагулкамі на свежым паветры.
Падчас прыступу не спадзявайцеся на каву: ад кафеіну сасуды спачатку рэзка звужаюцца, а потым пашыраюцца — і боль успыхвае з новай сілай. Не злоўжывайце каньяком: 50 г могуць выратаваць, а 100 г — толькі пагоршыць становішча. Памятайце: сасударасшыральныя і абязбольвальныя прэпараты пры мігрэні не рэкамендуюцца.
Падрыхтавала Вольга КУЛІНКОВІЧ.ДАРЭЧЫ
Аўстралійскія навукоўцы, правёўшы ўсебаковыя даследаванні на тэму мігрэні, прыйшлі да высновы: гэта захворванне — нервова-сасудзістая рэакцыя арганізма, якую можна інтэрпрэтаваць як надзвычай чуткі механізм, што абараняе мозг ад занадта рэзкіх змен унутраных і знешніх раздражняльнікаў. Боль быццам бы кампенсуе тыя адчуванні, якія чалавек не ў стане або не хоча выявіць па розных падставах: сямейных, прафесійных, сяброўскіх і г.д. Мігрэнь узнікае і тады, калі арганізм патрабуе адпачынку. Атрымліваецца, што, прымушаючы нас пакутаваць, мігрэнь прыносіць і карысць, ахоўваючы арганізм ад залішняга ціску і драматызму жыццёвых абставінаў.