Агляд малочнай залозы даверым мужчынам

Источник материала:  
31.08.2010 09:15 — Новости Здоровья
Самая распаўсюджаная онкапаталогія ў жанчын — рак малочнай залозы. Колькасць выпадкаў захворвання істотна вырасла за апошнія гады, і рост гэты будзе працягвацца. Сучасная жанчына падвяргаецца велізарнай колькасці адмоўных момантаў, шкодных для малочнай залозы. Адным з такіх момантаў застаецца добра вядомы хранічны стрэс, няўменне з ім спраўляцца. Нездарма рак малочнай залозы спецыялісты яшчэ называюць "хваробай нервовых жанчын".

Падрабязней пра гэта — загадчык аддзела онкамамалогіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава, прафесар, доктар медыцынскіх навук Леанід Путырскі.

— За апошнія трыццаць гадоў стрэсавая нагрузка істотна вырасла. Мы вымушаны, так бы мовіць, шмат круціцца, напружвацца, страчваць душэўную раўнавагу. Некаторым жанчынам адмоўныя эмацыйныя ўздымы абяцаюць з'яўленне боляў у малочнай залозе літаральна на другі дзень.

Самыя розныя вонкавыя ўздзеянні ўплываюць на нашу нервовую сістэму, а яна ў сваю чаргу — на ўсе працэсы, якія адбываюцца ў арганізме, у тым ліку гарманальныя. А малочная залоза — орган, як вядома, гармоназалежны...

— Мужчыны ў больш выйгрышным становішчы?

— У моцнага полу малочная залоза знаходзіцца, так бы мовіць, у зачаткавым стане, і, значыць, не можа пакутаваць у той жа ступені. Тым не менш нельга сказаць, што малочная залоза мужчын абсалютна не рэагуе на адмоўныя фактары. Паводле статыстыкі, на кожныя 100 захварэлых жанчын прыпадае 1 мужчына. У Беларусі штогод выяўляецца дзесьці 30-35 новых выпадкаў раку малочнай залозы сярод мужчын. Больш стала выяўляцца ў іх і дабраякасных працэсаў гэтага органа.

— Стрэс мае значэнне для ўсіх лакалізацый раку, а ці ёсць моманты, уласцівыя толькі гэтаму віду анкалогіі?

— Гэта бясплоднасць, больш познія роды, меншая колькасць родаў, малая працягласць груднога выкормлівання, перарыванні цяжарнасці. Акрамя таго, мае значэнне і нерэгулярнасць менструальнага цыкла, і частыя запаленчыя захворванні, і нерэгулярнае палавое жыццё, і нізкая фізічная актыўнасць, якая якраз дазваляе спраўляцца з нервовымі перагрузкамі... З ростам колькасці актыўных жанчын, якія займаюцца спортам, павялічылася і колькасць траўмаў малочнай залозы ў іх, што таксама не на карысць апошняй... Як вучоны я спрабую разважаць і пра тое, які ўнёсак у здароўе дзяўчынкі робяць частыя ультрагукавыя даследаванні на ранніх стадыях цяжарнасці. Адзін-два разы за цяжарнасць — норма, аднак нельга лічыць гэты від дыягностыкі цалкам бясшкодным. Каласальную шкоду жаночаму здароўю наносіць і курэнне... Аднак не існуе аднаго канкрэтнага фактара, здольнага справакаваць рак любой лакалізацыі. Паломка адбываецца, калі сыходзіцца цэлы шэраг прычын.

Вывучаецца зараз у Беларусі і спадчынны фактар. Даследуюцца сем'і, дзе хварэюць, скажам, тры пакаленні жанчын. Сапраўды, мы выяўляем у іх пэўныя генетычныя паломкі. Рызыка захварэць на рак малочнай залозы складае ў такіх жанчын ад 60 да 80 працэнтаў.

— У адной замежнай перадачы расказвалася пра магчымасць выдалення здаровай залозы ў спадчынных выпадках — з мэтай прафілактыкі...

— А можа быць, наогул не варта падвяргаць сябе такому даследаванню — каб не жыць пад прэсам неадназначных ведаў?.. Думаю, большасць маладых жанчын, якія даведаюцца пра наяўнасць гена ў сябе, будуць спадзявацца ўсё ж такі на 20-40 працэнтаў, калі хвароба не надыходзіць, і наўрад ці захочуць развітацца з малочнай залозай дзеля прафілактыкі. Разам з тым, а што павінен рэкамендаваць урач жанчыне, у якой выяўлены злаякасны ген? Адна з магчымасцяў — сапраўды, выдаліць здаровую малочную залозу і паставіць пратэз. Ёсць сёння і магчымасць пэўных медыкаментозных прафілактычных прызначэнняў, схему якіх павінен распісаць урач-мамолаг ці анколаг, які займаецца менавіта малочнай залозай.

— Па сутнасці, рак малочнай залозы павінен часцей за іншыя віды раку выяўляцца на ранніх стадыях...

— За апошнія пятнаццаць гадоў у гэтым накірунку была праведзена актыўная работа. Калі раней у запушчанай стадыі выяўлялася 40 працэнтаў выпадкаў, то летась — усяго 17. Гэта вельмі сур'ёзны вынік, нягледзячы нават на тое, што нашы раннія стадыі адрозніваюцца ад замежных. Там мамаграфія дазваляе ўбачыць пухліны значна меншага памеру. Тым не менш, па ранняй дыягностыцы мы маем лепшы вынік на постсавецкай прасторы.

Дарэчы, у чэрвені я быў запрошаны ў Злучаныя Штаты, паколькі наша справаздача аб 15-гадовай рабоце па ранняй дыягностыцы раку была ўдастоена амерыканскімі вучонымі другога месца ў свеце. Мы дасягнулі вялікіх зрухаў без істотных грашовых затрат. Проста належным чынам арганізавалі адпаведную работу, у тым ліку інфармацыйную. Сустракаліся як з жаночым насельніцтвам, так і з медыкамі. І адных, і другіх навучалі асновам рэгулярнага агляду малочнай залозы. Тым самым удалося сэканоміць каласальныя грошы, паколькі раннія стадыі лечацца намнога прасцей.

Нельга, праўда, сказаць, што ў прафілактычнай рабоце можна ставіць кропку. Амерыканцы высветлілі: 85 працэнтаў жанчын, навучаных самаагляду урачом, пачынаюць глядзець за сабой. Праз год такіх застаецца палова. Глядзець за сабой пачынаюць 40 працэнтаў жанчын, якія даведваюцца пра самаагляд са СМІ. Даказана таксама, што калі жанчына глядзіць за малочнай залозай час ад часу, то сярэдні памер пухліны, які ў яе выяўляецца, не перавышае 3 см. Калі жанчыну навучыў самаагляду ўрач і яна рэгулярна прымяняе веды на практыцы, памер выяўленай пухліны — каля 2 см, а гэта, дарэчы, першая стадыя. Калі ж жанчына раз у паўгода паказваецца спецыялісту, то сярэдні памер пухліны будзе каля 1 см, а гэта ўжо азначае магчымасць захавання малочнай залозы.

— Для ранняй дыягностыкі дастаткова рэгулярнага самаагляду ці трэба яшчэ штогод праходзіць мамаграфію?

— Неабавязкова штогод праходзіць мамаграфію. Мамаграфічны скрынінг — дарагі і досыць складаны ў арганізацыйным плане від абследавання. Праўда, сёння мы арганізуем у 10 раёнах краіны пілотны праект па мамаграфічным скрынінгу раку малочнай залозы. Гадоў праз пяць падвядзём першыя вынікі...

Жанчыны павінны разумець, што галоўнае для кожнай з іх — штомесячны самаагляд і штогадовае наведванне анколага ці мамолага. Калі ва урача ўзнікнуць пэўныя падазрэнні, ён накіруе на ўльтрагук ці мамаграфію.

Яшчэ я хацеў бы звярнуцца да мужчын. Калі ласка, памятайце, што без блізкіх жанчын вам будзе вельмі дрэнна. Я бачыў нават моцных духам мужчын, якія апускалі рукі, калі ўсведамлялі, што застаюцца без любімай жанчыны, той, якая шмат зрабіла для іх, вызваліла ад шэрагу штодзённых клопатаў і праблем. Сачыце, калі ласка, за здароўем сваіх блізкіх і дарагіх жанчын. На жаль, вельмі рэдка якая з іх можа сказаць мамолагу, што пухліну знайшоў муж. Часцей здараецца так, што пухліна ўжо вялікіх памераў, а муж пра гэта нічога не ведае.

— Жанчына, якая намацала нейкае ўшчыльненне ў малочнай залозе, хутчэй за ўсё, адчуе страх і разгубленасць. Як часта ўсё ж такі мае месца менавіта рак?

— Па статыстыцы толькі 5-6 працэнтаў ачаговых утварэнняў, з якімі звяртаюцца жанчыны, — гэта сапраўды рак. Усё астатняе — гэта або анкалагічныя дабраякасныя працэсы, або працэсы неанкалагічныя — ачаговая мастапатыя, ліпома, фібраадэнома і г.д. Таму не трэба самой ставіць сабе дыягназ. Ідзіце да ўрача.

— Наколькі працяглым і складаным можа быць лячэнне дабраякаснага і злаякаснага працэсаў?

— Дабраякасны працэс лечыцца ва ўмовах стацыянара аднаго дня. Жанчыну прааперыравалі, і яна ў той жа ці на наступны дзень ідзе дадому. Калі мы гаворым пра рак, то на першай стадыі выдаляецца частка малочнай залозы, хоць у некаторых выпадках можа выдаляцца і ўся. Часцей за ўсё дадаецца прамянёвая тэрапія, якую можна атрымліваць у амбулаторным рэжыме. Хіміятэрапія на гэтым этапе, як правіла, не праводзіцца, хоць большасць вучоных схіляюцца да мэтазгоднасці апошняй. Чым большая стадыя, тым, зразумела, больш працяглым будзе лячэнне. У сярэднім на ранніх стадыях хіміятэрапія выконваецца раз у 21 дзень на працягу трох месяцаў (4 разы), прамянёвая тэрапія працягваецца 25 дзён.

— Наколькі высокай можа быць рызыка вяртання хваробы?

— Калі аднойчы жанчына захварэла, пралячылася і вылечылася ад раку малочнай залозы, рызыка захварэць зноў, вядома, больш высокая, чым у здаровай жанчыны. Пры наяўнасці дабраякаснага працэсу рызыка павышаецца не так моцна. У любым выпадку захворвання не трэба чакаць. Але нельга і скідваць з рахунку тое, што ў кожнай жанчыны — свая ступень рызыкі захварэць на рак, паколькі на яе ўздзейнічаюць тыя ці іншыя прычыны. Паводле амерыканскіх звестак, кожная 15-я сучасная жанчына захварэе на рак малочнай залозы і адна з 28 загіне ад яго, калі не будуць вынайдзены іншыя спосабы лячэння. У ЗША, праўда, захваральнасць на рак малочнай залозы ў два разы вышэйшая, чым у Беларусі. Значыць, у нас захварэе адна з 30-ці.

Не варта баяцца гэтых сумных лічбаў, трэба паводзіць сябе згодна з тымі рэкамендацыямі, якія даюць спецыялісты. Жанчынам, якія паправіліся аднойчы ад раку малочнай залозы, наогул ніколі не варта падвяргаць сябе актыўнаму сонечнаму абпраменьванню, не варта хадзіць у парылку, рэзка мяняць клімат. Трэба паменей нервавацца, асцерагацца прастудных і вірусных інфекцый. Нават праз дзесяць гадоў пасля вылячэння нельга забывацца на гэта. Уважліва ставіцца да сябе павінны і здаровыя жанчыны.



←Семь мифов о молоке

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика