СААЗ: Больш за палову лекаў прызначаюцца неналежным чынам

Источник материала:  
18.08.2010 09:50 — Новости Здоровья
Па ацэнках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, больш за палову ўсіх лекаў прызначаюцца, адпускаюцца ці прадаюцца неналежным чынам, а кожны другі пацыент прымае іх няправільна. Самымі распаўсюджанымі праблемамі, на думку экспертаў СААЗ, з'яўляюцца поліпрагмазія (спажыванне адначасова вялікай колькасці лекавых сродкаў), захапленне антыбіётыкамі, незахаванне схемы прыёму лекаў і праблема самалячэння.

Як паведамляецца ў інфармацыйным бюлетэні СААЗ, у многіх краінах тыя ж антыбіётыкі свабодна прадаюцца без рэцэпта, што падштурхоўвае хворых да самалячэння. Празмернае ж захапленне антыбіётыкамі, у сваю чаргу, прыводзіць да таго, што ўсё большая колькасць лекаў становяцца неэфектыўнымі пры лячэнні інфекцыйных захворванняў. Устойлівасць мікраарганізмаў да антыбіётыкаў становіцца прычынай зацяжнога працякання хваробаў, падаўжае тэрміны лячэння пацыентаў у стацыянарах і можа справакаваць нават смяротны зыход. Выдаткі, звязаныя з устойлівасцю мікраарганізмаў да антыбіётыкаў, складаюць у ЗША 4-5 мільярдаў долараў у год, а ў Еўропе яны даходзяць да 9 мільярдаў еўра.

Большасць урачоў, якія прызначаюць хворым лекавыя сродкі, атрымліваюць інфармацыю пра іх галоўным чынам ад фармацэўтычных кампаній, а не з незалежных крыніц, такіх, напрыклад, як клінічныя пратаколы лячэння. У некаторых краінах дазваляецца рэкламаваць нават лекі, якія знаходзяцца ў рэцэптурным водпуску, таму ў гэтым выпадку ўжо пацыенты нярэдка аказваюць ціск на ўрачоў з мэтай прызначэння ім лекаў, без якіх, на іх думку, ім проста не вылечыцца. Нельга скідваць з рахунку таксама і зацікаўленасць аптэчных устаноў у прыбытках ад продажу лекаў, што таксама правакуе празмернае выкарыстанне лекаў, асабліва дарагіх.

Глабальнай праблемай, на думку экспертаў СААЗ, з'яўляецца адсутнасць лекавых сродкаў для дзяцей. У дзіцячых формах выпускаецца зусім невялікая колькасць лекаў. Аднак дзеці — гэта не маленькія дарослыя, і іх арганізм рэагуе на лекі па-іншаму. Таму дзецям патрабуюцца лекі, якія адпавядаюць іх узросту, масе цела і фізіялагічнаму стану. Ідэальнымі для дзяцей, на думку медыкаў, з'яўляюцца лекі ў цвёрдай аральнай форме, якія можна прымаць цалкам, распускаць іх у розных вадкасцях ці распырскваць на харчовыя прадукты, што спрашчае іх выкарыстанне.




←Патруль с тонометром

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика