Пластыкавы посуд: зручна або небяспечна?
Здавалася б, што можа быць прасцей, чым знайсці посуд для пікніка (ды і не толькі для пікніка). Зайшоў у краму, узяў упакоўку аднаразовых пластыкавых талерак, відэльцаў і г.д. Выкарыстаў, выкінуў — вось і ўсё. Але, на жаль, харчовы пластык, з якога вырабляюць такі посуд, не такі ўжо і бяскрыўдны. З пластыкавага посуду ў прадукты харчавання могуць трапляць спецыяльныя дабаўкі, якія выкарыстоўваюць пры вырабе пластыку для даўгавечнасці матэрыялу. З’яўляючыся таксічнымі, яны і наносяць шкоду здароўю. Давайце разбяромся, які пластыкавы посуд можа быць небяспечны і чым.
Пры набыцці пластыкавага посуду ўважліва прыгледзьцеся да надпісаў на ім. Фірма‑вытворца павінна пазначыць код, назву матэрыялу, з якога выраблены тавар, а таксама — і гэта абавязковая ўмова — дакладна сферу прымянення тавару (для халодных, гарачых, сыпучых матэрыялаў, вадкасці і г.д.). На пластыкавых лыжках, відэльцах і нажах такая інфармацыя, як правіла, павінна быць пазначана на агульнай упакоўцы.
Пластыкавая азбука для спажыўца
PS — гэтыя лацінскія літары азначаюць, што ў склад посуду ўваходзіць полістырол. Менавіта таму такі харчовы пластык можна выкарыстоўваць толькі для халодных прадуктаў. Пры кантакце з гарачым, у тым ліку і пры разаграванні ежы ў мікрахвалёўцы, посуд выдзяляе таксічны стырол. Гэта ж шкоднае рэчыва пачынае выдзяляцца і пры кантакце са спіртнымі напоямі. Стырол мае ўласцівасць назапашвацца ў печані і нырках і можа прывесці да іх захворванняў, у прыватнасці да цырозу. Акрамя таго, можа абвастрыцца алергія, пацярпець нервовая сістэма. Посуд з полістыролу крохкі, вельмі лёгка ломіцца і пры кантакце з гарачым часцей за ўсё дэфармуецца.
РР — у склад посуду ўваходзіць поліпрапілен. Такі пластык можна выкарыстоўваць для гарачай ежы і напояў — ён вытрымлівае тэмпературу больш за +100 градусаў па Цэльсію. З поліпрапіленавых кубачкаў можна піць гарачую гарбату або каву, у такіх талерках можна разаграваць ежу ў мікрахвалевай печы. Але, на жаль, з алкаголем поліпрапілен таксама не сябруе. Пры кантакце з моцнымі напоямі посуд пачынае выдзяляць фармальдэгід або фенол. Гэта канцэраген, ад якога пакутуюць ныркі, печань, органы зроку. Посуд з поліпрапілену добра трымае цяпло і не ломіцца — толькі гнецца.
Трохвугольнік з 3 стрэлак — знак другаснай перапрацоўкі сыравіны. Тры стрэлкі азначаюць замкнёны цыкл: стварэнне — прымяненне — утылізацыя, г. зн. упакоўка (у нашым выпадку посуд) прыдатная для далейшай перапрацоўкі. Усярэдзіне трохвугольніка звычайна адна або дзве лічбы, якія сведчаць пра тып матэрыялу (напрыклад, 1‑19 — пластык).
Значок «кубак‑відэлец» сведчыць аб прыдатнасці пластыкавых вырабаў для кантакту з прадуктамі. Калі такі значок перакрэслены, то ежу ў іх захоўваць нельга.
Карысныя парады
Калі маркіроўкі няма ў прынцыпе, то лепш устрымацца ад набыцця падобнай прадукцыі.Спіртное з аднаразовых кубачкаў піць нельга. У любым пластыку ўтрымліваюцца таксічныя рэчывы, якія ў звычайных халодных напоях не раствараюцца, а вось у алкаголі — нават вельмі добра.
Ні ў якім разе не ўздумайце пасля пікніка спальваць аднаразовы посуд. Дым, які пры гэтым выдзяляецца з пластыку, атрутны.
Пастарайцеся пазбягаць кавярняў, дзе ежу падаюць у пластыку. Калі ўжо так атрымалася, не палянуйцеся паглядзець, ці правільна тут карыстаюцца пластыкавым посудам.
Звярніце ўвагу: у некаторых аўтаматах для разліву напояў выкарыстоўваюцца кубачкі з полістыролу. Гэта значыць, гарачую каву, капучына або гарбату з іх піць нельга.
Не забывайцеся, што спалучэнне «аднаразовы посуд» азначае: такі посуд можна выкарыстоўваць усяго толькі раз. Калі вы набылі, напрыклад, газаваную ваду ў пластыкавай бутэльцы, то пасля заканчэння напою і бутэлька павінна адправіцца ў вядро для смецця.
Не варта выкарыстоўваць яе як сасуд для захоўвання малака, квасу і г.д.Бо высокая тэмпература прадуктаў або паветра, працяглы кантакт з харчовымі прадуктамі, ультрафіялетавыя промні і кісларод садзейнічаюць «старэнню» палімерных матэрыялаў. Як вынік, з іх выдзяляюцца рэчывы, шкодныя для арганізма чалавека, якія пераходзяць у харчовыя прадукты, што захоўваюцца ў такой тары. Гэта значыць малако, кампот, квас або іншыя прадукты становяцца таксічнымі і небяспечнымі для чалавека.
Вольга Цыбульская, Звязда