Дзяўчынка — будучая мама

Источник материала:  

У сям'і расце дзяўчынка. Бацькі радуюцца яе першым крокам і першым словам, купляюць лялькі, вучаць гуляць у дочкі-маці. Міне не так шмат гадоў, і дзяўчынка захоча стаць мамай па-сапраўднаму. Толькі вось атрымліваецца гэта далёка не ва ўсіх. На сённяшні дзень доля абсалютна здаровых маладых жанчын складае не больш за 6—8 %. Акушэры-гінеколагі сцвярджаюць, што жаночае рэпрадукцыйнае здароўе на 80 % залежыць ад таго, на што хварэла і як лячылася ў дзяцінстве будучая мама.

Дзяўчынка — будучая мамаМамам у нататнік

За год да пачатку менструацый адбываецца скачок росту, калі за 10—12 месяцаў дзяўчынка прыбаўляе да 8 сантыметраў. А вось рэзкая прыбаўка ў вазе павінна насцярожыць. Калі дачка ў пубертатны перыяд (перыяд палавога выспявання) моцна паправілася, у яе з'явіліся "расцяжкі" на клубах, жываце і грудзях, гэта прыкмета сіндрому полікістозных яечнікаў — захворвання, якое з'яўляецца адной з самых распаўсюджаных прычын бясплоднасці.

Многія дзяўчаткі ў 12—13 гадоў ператвараюцца ў "брыдкіх качанят". Твар "квітнее" прышчамі, скура і валасы становяцца тлустымі, вырастаюць валаскі ў нетыповых месцах (на грудзях, на твары). Усё гэта таксама не касметычныя, а медыцынскія праблемы. Не пакідайце без увагі і скаргі дачкі на балючыя менструацыі. Нярэдка ў пубертатным перыядзе ў дзяўчатак узнікаюць і матачныя крывацёкі, якія ў большасці выпадкаў справакаваны стрэсам. Своечасовы зварот да дзіцячага гінеколага дапаможа захаваць будучае рэпрадукцыйнае здароўе дачкі.

Такія "дарослыя" дзіцячыя хваробы

Паводле назіранняў спецыялістаў, ад 15 да 25 працэнтаў дзяўчатак дашкольнага ўзросту і дзяўчатак-падлеткаў, якія яшчэ не дасягнулі паўналецця, пакутуюць ад розных гінекалагічных паталогій. Гэта і запаленчыя захворванні палавых органаў, і кісты, і міёмы, і парушэнні менструальнага цыкла (затрымкі або поўная адсутнасць месячных). Іх трэба своечасова выяўляць і лячыць.

Урачы супраць гламуру

Даўганогая красуня на вокладцы глянцавага часопіса... Магчыма, ваша дачка ўяўляе сябе менавіта такой. Перашкодай на шляху да ідэала становяцца бабуліны баршчы і катлеты, і дзяўчынка адмаўляецца ад паўнавартаснага харчавання. Паводле звестак медыкаў, якія займаюцца лячэннем нервовай анарэксіі (псіхічнага захворвання, пры якім дзяўчаты нармальнай камплекцыі адмаўляюцца ад ежы, каб пахудзець), нярэдка іх пацыенткі абмяжоўваюць свой дзённы рацыён яблыкам і бутэлькай кефіру. Між тым, каб пачалася менструацыя, неабходна, каб дзяўчынка важыла 45—47 кг.

Вагу менш за 45 кг некаторыя вучоныя называюць менструальнай, або крытычнай масай цела. Пры такой масе рэпрадукцыйная сістэма (г. зн. органы цела, якія ўдзельнічаюць у працэсе зачацця, выношвання і нараджэння дзіцяці) вяртаецца да функцыянавання на больш нізкім, нясталым узроўні, замаруджваецца ўтварэнне і выпрацоўка гармонаў гіпофізам і яечнікамі, змяншаюцца памеры маткі і малочных залозаў. Чым даўжэй адсутнічаюць менструацыі, тым цяжэй зноў "запусціць" рэпрадукцыйную сістэму. Далёка не заўсёды ўсё заканчваецца паспяхова. Спыненне менструацый, выкліканае рэзкім зніжэннем вагі, можа садзейнічаць у будучыні развіццю бясплоднасці.

Калі варта звярнуцца да дзіцячага гінеколага?

  Вас што-небудзь хвалюе ў будове вонкавых палавых органаў дзяўчынкі.

  Вельмі ранняе, да 8 гадоў, або вельмі позняе, пасля 13 гадоў, з'яўленне другасных палавых прыкметаў.

  Адсутнасць менструацыі ў 14—15 гадоў.

  Нерэгулярны цыкл з інтэрваламі больш за 1—2 месяцы, працягласць менструацыі больш за 7 дзён, балючыя менструацыі.

  Болі ўнізе жывата, сверб, незвычайныя выдзяленні.

  Атлусценне або дэфіцыт вагі, расцяжкі на скуры, вугры, асіметрыя малочных залозаў.

Падрыхтавала Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ.

←Дородовой отпуск планируется увеличить на 14 дней

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика