Вірус поліяміэліту шукае слабыя месцы ў вакцынацыі
Уводзіць нейкія дадатковыя меры для таго, каб абараніць тэрыторыю Беларусі ад пранікнення вірусу поліяміэліту, пакуль не плануецца. Пра гэта журналісту "Звязды" паведаміла загадчыца эпідэміялагічнага аддзела Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Фісенка. Па словах спецыяліста, Беларусь была абвешчана свабоднай ад поліяміэліту тэрыторыяй яшчэ ў 2002 годзе. Гэта стала магчымым практычна стапрацэнтнаму ахопу вакцынацыяй дзіцячага насельніцтва. Прышчэпкі супраць поліяміэліту праводзяцца ў нашай краіне з сярэдзіны ХХ стагоддзя і за гэты час сфарміравалася вельмі высокая ступень абароненасці насельніцтва супраць смяротна небяспечнай інфекцыі. Аднак насцярожанасць да гэтай інфекцыі захоўваецца, і, як сведчыць прыклад Расіі, зусім недарэмна.
Як стала вядома, у Расіі былі пацверджаны два выпадкі інфіцыравання поліяміэлітам. Адзін выпадак поліяміэліту быў пацверджаны ў Маскве, а крыху раней інфекцыя была выяўлена ў Іркуцкай вобласці. У абодвух выпадках на поліяміэліт захварэлі дзевяцімесячныя дзяўчаткі, якія прыехалі разам з бацькамі з Таджыкістана. Варта нагадаць, што ў сярэдзіне красавіка ў Таджыкістане была зарэгістравана ўспышка поліяміэліту. Да гэтай успышкі апошні зарэгістраваны выпадак поліяміэліту меў месца ў Таджыкістане ў 1997 годзе. Згодна з апошнімі звесткамі, з сярэдзіны красавіка інфіцыраванне пацвердзілася ў 298 жыхароў Таджыкістана, прычым 15 захварэлых дзяцей памерлі. У сувязі з успышкай поліяміэліту ў Таджыкістане Расспажыўнагляд забараніў увоз у Расію арэхаў і сухафруктаў з гэтай краіны — менавіта гэтыя прадукты найбольш небяспечныя ў плане распаўсюджвання вірусу, паколькі спажываюцца без папярэдняй тэрмічнай апрацоўкі. А ўстойлівасць поліявірусу ў знешнім асяроддзі дастаткова высокая. Да таго ж была уведзена і часовая забарона на ўезд у Расію таджыкскіх дзяцей. Абедзве захварэлыя дзяўчынкі паспелі трапіць у Расію яшчэ да ўвядзення забароны.
Як патлумачыла Алена Фісенка, поліяміэліт — гэта вірусная інфекцыя, якая пашкоджвае нервовую сістэму і выклікае поўны параліч. Вірус трапляе у арганізм аральным шляхам і размнажаецца ў кішэчніку. Першыя праявы хваробы — высокая тэмпература, стомленасць, галаўны боль, млоснасць, рыгіднасць шыі і боль у канечнасцях. Адзін з 200 выпадкаў інфекцыі прыводзіць да незваротнага паралічу (звычайна ног). Каля 5-10 працэнтаў інфіцыраваных паміраюць у выніку спынення дыхання. Хвароба пераважна дзіцячае насельніцтва, але вакцынацыя дзяцей, якая звычайна праводзіцца ў раннім узросце, абараняе іх ад інфіцыравання на ўсё жыццё.
Дзяржаўны санітарны ўрач Расійскай Федэрацыі Генадзь Анішчанка лічыць, што наяўнасць завазных выпадкаў поліяміэліту можа ўскладніць эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне. Апошняя ўспышка поліяміэліту на тэрыторыі Расіі была зарэгістраваная ў 1996 годзе ў Чачні з-за праблем з даступнасцю вакцыны для насельніцтва.
— У расіян з прычыны вялікай тэрыторыі краіны і актыўнай працоўнай міграцыі значна больш падстаў для трывогі, чым у нас, — падзялілася сваім меркаваннем з журналістам "Звязды" Алена Фісенка. — Але і мы захоўваем пастаянную насцярожанасць. У прыватнасці, падрабязна расследуем кожны выпадак вялага паралічу, каб ні ў якім разе не прапусціць поліяміэліт. Лепшая абарона — гэта, безумоўна, вакцынацыя. Інфекцыі не даруюць агрэхаў у правядзенні імунапрафілактыкі, і ўспышка ў Таджыкістане — лепшае таму пацвярджэнне. Спыніць успышку там плануюць менавіта з дапамогай масавай вакцынацыі дзіцячага насельніцтва.
Надзея НІКАЛАЕВА.