Татальную праверку дзяцей на Манту адменяць
Пра гэта на прэс‑канферэнцыі 7 красавіка паведаміла загадчыца аддзялення імунапрафілактыкі Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ірына Глінская.
«Сёння абмяркоўваецца магчымасць у наступным годзе змяніць тактыку правядзення гэтага абследавання. Якой яна будзе, зараз ідуць абмеркаванні. Магчыма, абследаванне будзе праводзіцца толькі ў групах рызыкі або для асобнай узроставай катэгорыі», — паведаміла Глінская.
Разам з тым яна зазначыла, што «да канца гэтага года сітуацыя не зменіцца, усе дзеці пройдуць абследаванне на рэакцыю Манту, як гэта належыць, адзін раз на год».
Пытанне аб новай тактыцы правядзення абследаванняў на рэакцыю Манту абмяркоўваецца ва ўсіх краінах СНД і ў шэрагу краін Еўропы, паведаміла спецыяліст.
Проба Манту — даследаванне напружанасці імунітэту да ўзбуджальніка сухотаў з дапамогай ацэнкі рэакцыі на спецыяльны прэпарат мікабактэрый туберкулін. Праводзіцца ў дзяцей і падлеткаў для дыягностыкі сухотаў.