Ёсць iшэмiя — няма эрэкцыi
Сёння ў еўрапейскiх краiнах, у тым лiку i нашай, пачынаецца Тыдзень уралогii. На думку арганiзатараў мерапрыемства, якое праводзiцца ўжо шосты год, гэта — не для медыкаў. Для насельнiцтва.
Уролагi кажуць, што ўралагiчныя праблемы здольныя моцна паўплываць на якасць жыцця чалавека. Вiдавочна, не кожнаму спатрэбiцца, скажам, перасадка сэрца, а вось з праблемай мочавыдзялення сутыкаецца на працягу жыцця кожная жанчына, не кажучы ўжо пра распаўсюджанасць i разнастайнасць уралагiчных праблем, здольных пагоршыць жыццё любога мужчыны.
Паводле слоў дацэнта кафедры нефралогii i ўралогii Беларускай медыцынскай акадэмii паслядыпломнай адукацыi, старшынi Беларускай асацыяцыi ўролагаў Мiкалая ДОСТЫ, ёсць тры "блокi" ўралагiчных праблем. У адным разглядаюцца такiя захворваннi, як рак прастаты, дабраякасная гiперплазiя прастаты i прастатыт. Другi "блок" — эрэктыльныя расстройствы, парушэннi палавой функцыi. Трэцi — праблемы мочавыдзялення.
Паводле айчыннай статыстыкi, дзесьцi ў 50 са 100 тысяч мужчын нашай краiны выяўляецца рак прастаты. У Еўропе размова iдзе пра 120 чалавек, у ЗША — 150. Па меркаваннi айчынных уролагаў, верагодна, захваральнасць у нас сапраўды нiжэйшая, чым у развiтых краiнах, аднак наўрад цi настолькi. Каб атрымаць рэальную карцiну, неабходна забяспечыць скрынiнг раку прастаты, што паспрыяе росту выпадкаў ранняга выяўлення захворвання. Што да дабраякаснай гiперплазii прастаты, то пэўныя сiмптомы з боку мочавыдзяляльных шляхоў, выклiканыя менавiта дабраякаснай гiперплазiяй, маюць у Беларусi каля 200 тысяч мужчын. Лiчыцца, што ў кожнага трэцяга мужчыны пасля 50 гадоў ёсць названыя сiмптомы. Нарэшце, ад прастатыту пасля 30 гадоў пакутуюць ад 14 да 40 працэнтаў мужчын у розных краiнах.
Iстотнай праблемай сярод мужчын працаздольнага ўзросту з'яўляецца эрэктыльная дысфункцыя, ад якой у свеце пакутуе каля 150 мiльёнаў. У нашай краiне адпаведнай статыстыкi няма. Паводле слоў Мiкалая Досты, да 2025 года колькасць мужчын, якiя будуць пакутаваць ад падобных расстройстваў, падвоiцца. Нярэдка мужчыны, якiя саромеюцца звяртацца да спецыялiста з такой праблемай, сутыкаюцца не толькi з абмежаваннем рэпрадуктыўных здольнасцяў, але i найгоршым чынам уплываюць на працягласць свайго жыцця. Дастаткова сказаць, што 100 працэнтаў мужчын з iшэмiчнай хваробай сэрца маюць парушэннi эрэктыльнай функцыi (паколькi эрэкцыя, як вядома, — гэта добрыя сасуды). Заўважана i адваротная сувязь: палова мужчын з расстройствамi эрэкцыi маюць i сасудзiстыя парушэннi. У такiх выпадках прызначаецца спецыяльная, штодзённая лекавая тэрапiя. Нятанная, аднак настойлiвасць у лячэннi прыносiць плён: у паловы пацыентаў не толькi аднаўляецца эрэкцыя, але i паляпшаецца кровазварот.
Асобная тэма — расстройствы мочавыдзялення ў жанчын. Мужчыны ад такiх парушэнняў пакутуюць рэдка. Ад таго ж нетрымання мачы — каля 12 працэнтаў мужчын ва ўзросце пасля 60. 5—10 працэнтаў прааперыраваных па прычыне таго ж раку прастаты сутыкаюцца з тым, што мача пачынае iсцi, як кажуць уролагi, "транзiтам". Праўда, нашы спецыялiсты ўжо выконваюць у такiх выпадках унiкальныя аперацыi, здольныя зрабiць мужчыну "сухiм".
Жанчыны павiнны мець на ўвазе, што пад дыягназам цыстыту тэрапеўты нярэдка прапускаюць шэраг нюансаў, якiя даюць падобныя сiмптомы. "Банальны" цыстыт — запаленне слiзiстай мачавога пузыра — мае месца, калi антыбiётыкi, якiя прызначыў тэрапеўт або ўролаг, дапамаглi на працягу тыдня. Калi гэтага не адбылося, урач павiнен пашукаць iншую прычыну. Так, напрыклад, 30—35 працэнтаў жанчын ва ўзросце ад 20 да 50 гадоў пакутуюць ад гiперактыўнага мачавога пузыра. Гэтай праблеме можна дапамагчы — лекавым, хiрургiчным, iншымi метадамi.
Сёння ў рэспублiцы працуе 375 уролагаў. Суадносiны колькасцi спецыялiстаў на 100 тысяч насельнiцтва ў нас прыкладна такiя ж, як у Балгарыi, Венгрыi, Галандыi. Мiкалай Доста кажа, што сёння пры жаданнi можна трапiць да ўролага — у палiклiнiках, абласных бальнiцах, Рэспублiканскiм навукова-практычным цэнтры "Уралогiя i андралогiя" на базе 4-й мiнскай гарадской бальнiцы, камерцыйных цэнтрах. Каб атрымаць высокаквалiфiкаваную дапамогу, не трэба ехаць у замежжа. Нашы ўролагi пастаянна вучацца, часта бываюць за мяжой i здольныя належным чынам дапамагчы. Гэта першае, пра што павiнна нагадаць сабе насельнiцтва на Тыднi ўралогii.
Святлана БАРЫСЕНКА.
Каментарыяў: 0 Даслаць каментарый |