Робаты «заваявалі» Сакалоўшчыну,

Источник материала:  
ГЭТА здарылася восенню 2008 года. Мне патэлефанавалі з аблсельхарча і сказалі, што на ферме «Лаўрукі» СВК «Сакалоўшчына» Верхнядзвінскага раёна «запускаюць» робатаў, якія будуць даіць кароў. Навіна гучала сенсацыйна, бо падобнага не было яшчэ не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы.

«Астранаўт-3»

Перш чым трапіць на запаветную ферму, якая знаходзілася за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад райцэнтра, давялося здорава папятляць па розных дарогах, асфальтаваных і грунтовых. А калі пабачыў далёка не новую жывёлагадоўчую пабудову, то і зусім падумаў: ці туды прыехаў? Але сумненні развеялі калегі-журналісты, якіх сабралася нямала. У тым ліку і карэспандэнт «Белорусской нивы» Святлана Залеская. Па пальцах адной рукі можна пералічыць карэспандэнтаў, якія б так дасканала ведалі сельскую гаспадарку.

Усім прысутным, а сабралася нямала народу, перш чым зайсці ўнутр фермы, выдалі халаты, шапачкі, лёгкія чахлы на абутак. Памяшканне, дзе знаходзіліся каровы, аказалася доўгім і прасторным. Пасярэдзіне яно было раздзелена бар’ерам, за якім і знаходзіліся робаты. Абсалютна нічога грувасткага. Сам жа робат нагадваў элегантнае плячо, пафарбаванае ў чырвоны колер.

І вось нарэшце настаў самы хвалюючы момант. У спецыяльны бокс сама зайшла карова. Імгненна аднекуль выпаўзлі мяккія шчоткі і абмылі цёплай вадой вымя жывёлы. Аднак гэта не самае дзіўнае. Асабіста для мяне было загадкай, як жа робат падключыць стаканчыкі да саскоў буронкі? Нават не кожнай даярцы гэта ўдаецца з першага разу. Дык у яе ж дзесяць пальцаў… Відаць, над гэтым задумаўся не адзін я, назіраючы за напружанымі тварамі прысутных.

Але раптам бліснуў праменьчык і — неверагоднае: стаканчыкі, як бы хто накіроўваў іх упэўненай рукой, знайшлі саскі каровы, прынялі іх і — заструменіла малако. Усяго якіх тры хвіліны — карова выдаена. Яе месца займае другая. Фантастыка!..

Але і гэта яшчэ не ўсё. Спакваля высветлілася, што робат не толькі доіць кароў, але выдае поўную інфармацыю аб іх здароўі і нават лечыць. Сапраўды казка.

А паспрыялі здзейсніцца гэтай казцы хлопцы з кампаніі «Біяком Тэхналогія». І, як гэта нярэдка бывае, у агульным натоўпе ўдзельнікаў урачыстасці «згубіліся» галоўныя героі. Яны сціпла стаялі ўбаку, спакойныя, упэўненыя за якасць сваёй работы.

— Мы ўстанавілі высокатэхналагічнае абсталяванне для даення, — патлумачыў дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю «Біяком Тэхналогія» Генадзь Гецольд. — У прыватнасці, робат трэцяга пакалення «Астранаўт-3» галандскай кампаніі «Лелі». Па ўсім свеце ёсць толькі 7 тысяч робатаў. З іх 6 тысяч — гэтай кампаніі. Нашы спецыялісты праходзілі навучанне ад трох да шасці месяцаў у Галандыі і Германіі. Што датычыцца самога робата — гэта будучае жывёлагадоўлі. Створаны механізм, які дазваляе поўнасцю раскрыць генетычны патэнцыял жывёлы. Малако, дзе зманціраваны робаты, толькі сорта «экстра». Робат акуплівае сябе за тры гады.

Чатыры гады пасля

Бываючы ў камандзіроўках, нярэдка чуў: «Ну як там робат? Не паламаўся яшчэ?», «Ці ёсць ад яго хоць якая аддача?», «Купілі дарагую цацку. Не было куды грошай дзяваць?!»

Каб даць абгрунтаваны адказ, ды і самому было цікава, наведаўся зноўку ў ААТ «Сакалоўшчына».

— Што з робатамі? — асцярожна спытаў пры сустрэчы ў дырэктара Уладзіміра Корсуна.

— Як што? — не зразумеў ён.

— Ну, робяць яшчэ?

— О, яшчэ як! — прасвятлеў твар кіраўніка. — Яны для мяне сапраўдны паратунак. Ніякіх праблем. Поўнасцю замянілі даярак на статку ў 120 галоў.

— Але ж людзі на ферме ёсць?

— Само сабой. Аператар асноўны і падменны. Два вартаўнікі: дзённы і начны. Наогул, персанал фермы скараціўся ўдвая. Ды што там гаварыць. Паехалі — паглядзім! — прапанаваў Корсун.

І вось зноў тая ж знаёмая ферма «Лаўрукі». Якраз час абедзеннай дойкі. Малако сапраўды цячэ ад апарата па трубках, аднак у памяшканні — ніводнага чалавека.

— А дзе ж аператар? — міжволі вырываецца ў мяне, і потым спахопліваюся, што пытанне недарэчнае.

— Дзе ж яму быць? Ля камп’ютара! — дырэктар адчыніў дзверы ў асобны невялікі кабінет, які знаходзіўся побач з вытворчым памяшканнем.

Юрый Садоўскі, хлопец магутнага целаскладу, уважліва вывучаў якіясьці табліцы на экране манітора. Пазнаёміліся. Аказваецца, ён быў галоўным ветурачом гаспадаркі. Абставіны прымусілі змяніць прафесію. Хаця слова «змяніць» гучыць не зусім правільна. Больш дакладна будзе — набыць яшчэ адну, бо ён фактычна ветурачом і застаўся. Усю інфармацыю, якую выдае камп’ютар пра кожную карову, яе здароў’е, прадуктыўнасць і гэтак далей, трэба прааналізаваць, а потым прыступіць пры неабходнасці да нейкіх практычных дзеянняў. А хто гэта можа зрабіць лепш за спецыяліста?

Напарнік у Юрыя, або, як гавораць, падменны, — Сяргей Смірноў, былы механізатар. Так што кампанія — чыста мужчынская.

Адна з былых даярак фермы, Леаніда Дарожка, цяпер пенсіянерка, не хавае свайго захаплення робатамі:

— Я даіла, даіла кароў. За дзень так наматаешся, што не адчуваеш ні рук, ні ног. А тут з усім лёгка спраўляецца робат. Як у казцы!

— Не толькі ў працы жывёлаводам даў палёгку робат, — працягвае гаворку галоўны заатэхнік гаспадаркі Наталля Шамшур. — Дзякуючы яму мы здолелі захаваць элітны статак. Ні для каго са спецыялістаў не сакрэт, што самыя лепшыя высокапрадуктыўныя каровы часта выбываюць праз 3—4 гады. Прымяненне робатаў дазваляе выключыць падобнае. Робат пры самым нязначным падазрэнні на масціт у каровы пасылае сігнал на камп’ютар. Ён жа і лечыць жывёл, масажыруючы вымя. У статку на ферме цяпер ёсць высокапрадуктыўныя каровы ўзростам па 7—8 год. У адваротным выпадку нам давялося б ужо амаль поўнасцю памяняць статак. Сёння адна карова каштуе 14—15 мільёнаў рублёў. Пры самых сціплых падліках спатрэбілася б на гэта 1,5 мільярда рублёў.

У нас — 2 робаты. На кожнага прыпадае па 60 кароў. Надта разумныя машыны. Самі і кароў падояць, і малако адсарціруюць. Ад хворай каровы яно ніколі не трапіць у агульны «кацёл». У выніку 97 працэнтаў малака з фермы «Лаўрукі» здадзена сортам «экстра». Кілаграм такога малака каштуе 3214 рублёў, у той час як вышэйшага — 2770. Толькі з-за гэтай розніцы мы атрымліваем дадаткова звыш 300 мільёнаў рублёў у год. Амаль у два разы большыя надоі ў параўнанні са звычайнай фермай «Лаўрукі-2», якая знаходзіцца побач. Нават у гэтыя зімовыя дні мы атрымліваем па 17,5 кілаграма малака ад каровы. За 11 месяцаў, там дзе робаты, ад каровы надоена па 6517 кілаграмаў малака, а ў «Лаўруках-2» — 3887. У цэлым за год на ферме з робатамі мяркуем выйсці на 7-тысячны надой малака. Аб такіх выніках чатыры гады таму нават і не марылі. Выхад цялят — 95 на 100 кароў. На суседняй — толькі 75 цялят. І яшчэ адзін важны момант: правільнай тэхналогіі даення кароў «вучыліся» ў робата ўсе аператары гаспадаркі! Я звяртала іх увагу: «Паглядзіце, робат не забывае вымыць вымя, спусціць першыя струменьчыкі малака...»

Напачатку думалі, што робаты пацягнуць шмат электраэнергіі. Але здарылася наадварот. За месяц яе расход склаў усяго 3700 кілават, у той час як на звычайнай з такой жа колькасцю кароў — 8200.

Значныя сумненні былі і наконт трываласці робатаў. Маўляў, электроніка, будуць выходзіць са строю. Дзе запчасткі ўзяць? Спецыялістаў?

На абслугоўванне робатаў заключана дамова з фірмай «Біяком Тэхналогія», якая іх устанаўлівала. Хлопцы прыязджаюць па-першым званку, ноч гэта ці дзень. А па-другое, няспраўнасці здараюцца рэдка і вельмі нязначныя.

— Укараненне робатаў усё-такі дысцыплінуе жывёлаводаў, — сцвярджае дырэктар Уладзімір Корсун. — Калі я толькі расказваў на сходзе аб робатах і планах устанавіць іх на адной з фермаў, з мяне некаторыя смяяліся. Маўляў, залівае старшыня. Цяпер жа ніхто не смяецца. Цяпер бачаць: калі нядбайна будзеш выконваць свае абавязкі — заменіць робат.

Першыя робаты поўнасцю акупілі сябе. Цяпер у ААТ «Сакалоўшчына» закладваецца новая ферма на 300 кароў, дзе будуць устаноўлены яшчэ 4 робаты.

У цэлым па Віцебскай вобласці робаты дояць рагуль на 9 фермах.

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

Калі матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома, што ў  ПП УП «Ужыца-Агра» Верхнядзвінскага раёна пачалі закладку малочна-таварнай фермы на 930 галоў, якую будуць абслугоўваць 12 робатаў!

←Тайный «гроссбух» директора Блохина

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика