Дзмітрый Голухаў: "У кожным выпадку рашэнне аб ІРО беларускіх прадпрыемстваў павінна прымацца індывідуальна"
Беларускі саміт рынкаў капіталу прайшоў на базе Міністэрства эканомікі, дзе прынялі ўдзел прадстаўнікі Dеutsсhе Bаnk, Лонданскай Фондавай Біржы, Сбербанку, ААТ "БПС-Банк", а таксама беларускіх прадпрыемстваў. Мэтай гэтага мерапрыемства была актывізацыя дзейнасці айчынных прадпрыемстваў па прыцягненні інвестыцый на міжнародных рынках капіталу.
— Тыя амбіцыйныя планы, якія ставяцца перад эканомікай Беларусі па значным павышэнні эфектыўнасці, па мадэрнізацыі вытворчасці, задаюць пэўныя патрабаванні да якасці нашай працы, да пошуку крыніц фінансавання. У сувязі з гэтым мы сумесна з нашымі калегамі на беларускім рынку і з калегамі на міжнародным рынку імкнёмся ствараць асяроддзе, якое дазволіць нашым прадпрыемствам насычацца ведамі і выходзіць на новы ўзровень разумення механізмаў функцыянавання міжнародных рынкаў капіталу, тэхналогій прыцягнення капіталу, — сказаў на брыфінгу пасля саміту Дзмітрый Голухаў, намеснік міністра эканомікі. — І ў гэтай сувязі я хачу адзначыць, што з узмацненнем жорсткасці фінансавай дысцыпліны ў бліжэйшы час, што з паглыбленнем разумення працэсаў фінансавання эканомік нам неабходна яшчэ шмат чаму навучыцца.
Аднак пакуль пэўных тэрмінаў і спісу беларускіх прадпрыемстваў, якія будуць выходзіць на міжнародныя рынкі капіталу, няма:
— Ініцыятыва павінна ісці не толькі зверху, але і знізу, ад прадпрыемстваў. Для іх створаны ўмовы, ёсць узаемныя інтарэсы міжнародных фінансавых інстытутаў, ёсць магчымасці, ёсць інфармацыя, — сказаў Дзмітрый Голухаў і дадаў, што працэдуры выхаду на ІРО (публічнае размяшчэнне акцый) патрабуюць шмат часу. — Выхад прадпрыемстваў на ІРО, як мне падаецца, павінен ажыццяўляцца ў рамках адзінай краінавай стратэгіі. Мы на саміце закранулі два пытанні — пазыковае фінансаванне і публічнае размяшчэнне. Збалансаваны адказ, як сябе паводзіць у той ці іншай сітуацыі, вядома, павінен улічваць асаблівасці бізнэсу, на якую міжнародную пляцоўку выходзіць, якія інструменты і працэдуры выкарыстоўваць, як узаемадзейнічаць з інвестарамі, а таксама ўлічваць сённяшні стан міжнародных і беларускага рынкаў. Усе гэтыя пытанні, як мне падаецца, на працягу бліжэйшых 1-2 гадоў будуць вырашацца дастаткова актыўна. Гатовых рашэнняў і гатовых адказаў няма, і, як мне падаецца, у кожным выпадку рашэнне павінна прымацца дастаткова індывідуальна, узважана, для дасягнення эфектыўнасці ў цэлым, з улікам сацыяльнага эфекту, з улікам тых мэт, якія мы, як краіна, ставім перад сабой пры выхадзе нашых прадпрыемстваў на публічнае размяшчэнне.
Дарэчы, ужо створана працоўная група па падрыхтоўцы да ІРО "БелАЗа", куды ў тым ліку ўваходзіць і Dеutsсhе Bаnk.
— Мы разам з іншымі партнёрамі, якія былі запрошаны ўрадам у гэтую працоўную групу, у прыватнасці, з прадстаўнікамі нямецкай біржы, абмяркоўваем крокі, якія неабходна рабіць для падрыхтоўкі публічнага размяшчэння, — патлумачыў Ёрг Бонгартц, старшыня праўлення Dеutsсhе Bаnk. — Гэты працэс займае шмат часу, як правіла, кампаніі могуць на працягу года прадпрымаць такія крокі, а можа, нават і болей. Мы зараз знаходзімся на першым этапе гэтага працэсу, яшчэ не вызначаны канкрэтныя наступныя крокі і, адпаведна, не зусім вядома, якія могуць быць цэнавыя параметры і моманты размяшчэння. Магу сказаць, што працоўная група ўжо актыўна займаецца гэтым пытаннем і мы паэтапна ідзём да наступных крокаў.
Павел БЕРАСНЕЎ.