Газетчыкам трэба асвойваць віртуальную прастору

Источник материала:  

І гэта ўжо не пажаданне, а патрабаванне часу, адзначыла на пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Гомельскага аблвыканкама намеснік начальніка ўпраўлення друкаваных СМІ і знешніх сувязяў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Валянціна Мяшчэрская. Прыкладам плённай працы ў гэтым кірунку стаў сайт Рагачоўскай газеты "Свабоднае слова", якую адносна нядаўна ўзначаліў Андрэй Шышкін.

Малады галоўны рэдактар за непрацяглы тэрмін змог сваю газету зрабіць папулярнай не толькі ў віртуале, але і ў рэальных лічбах. Прынамсі, тыраж вырас з 7654 да 9267 асобнікаў, а самаакупнасць за два гады ўзрасла са 100,1 да 113,2 працэнта. Сярэдняя зарплата павялічылася з 885 тысяч да 1 мільёна 31 тысячы рублёў. Як гаворыць Андрэй Генадзьевіч, у газеце далі "зялёную вуліцу" не толькі рэкламе, але і крытычным матэрыялам. Асабліва чытачы любяць штомесячную тэматычную старонку сатыры і гумару "Слова мае дзед Мярэжа — праўду ён у вочы рэжа". Новы сайт з'явіўся ў "Свабоднага слова" ў жніўні 2010 года. Ранейшы сайт, распрацаваны для раённых газет Гомельшчыны, састарэў у сваіх магчымасцях падачы інфармацыі. У тым ліку не было зваротнай сувязі з чытачом. Новы сайт рэгулярна абнаўляецца і мае сучасныя формы падачы матэрыялу, што забяспечвае пастаянны рост колькасці наведвальнікаў. Так з'явілася і новая крыніца даходу — ад размяшчэння на сайце рэкламы.

На пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Гомельскага аблвыканкама не толькі дзяліліся станоўчым вопытам работы, але і разважалі аб тых напрамках, дзе ёсць яшчэ нямала праблем.

— У нас не можа не выклікаць пытання высокі ўзровень змяняльнасці кадраў, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Гомельскага аблвыканкама Анатоль Каціла. — Як паказала праверка Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2009 годзе, "лаўка запасных" у шэрагу раёнаў падабрана фармальна, а праца з імі вядзецца толькі на паперы. Ёсць і іншыя нявырашаныя пытанні. Так, да гэтага часу мае месца ўскладанне абавязкаў па арганізацыі ідэалагічнай работы на прадпрыемствах і ў установах на службовых асоб, не здольных, не падрыхтаваных да яе правядзення, а часта яны і не маюць элементарнага вопыту работы. Ключавым напрамкам нашай дзейнасці сёлета павінна стаць удасканаленне падбору, падрыхтоўкі і навучання кадраў. Ідэолаг на прадпрыемстве — той стрыжань, на якім маральны дух калектыву трымаецца. Невыпадкова, што яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя вядомы амерыканскі прадпрымальнік Генры Форд укладваў сур'ёзныя грошы менавіта ў сферу ідэалогіі, даваў сваім супрацоўнікам крэдыты на будаўніцтва жылля, і заахвочваў іх паездкамі на адпачынак. Былі і своеасаблівыя капіталістычныя дошкі гонару, і так далей. Хацелася б, каб узаемаадносіны ў калектыве, на прадпрыемстве былі такія, каб чалавеку хацелася ісці на працу.

Летась у вобласці была ўкаранёна новая форма працы з насельніцтвам — грамадскія прыёмныя, створаныя пры структурных падраздзяленнях РГА "Белая Русь". Асабліва станоўчы эфект ад новаўвядзення стаў відавочны напярэдадні і падчас правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Усяго на Гомельшчыне было створана 26 грамадскіх прыёмных, у тым ліку 5 — у абласным цэнтры. Па-ранейшаму важную ролю адыгрываюць інфармацыйна-прапагандысцкія групы. У мінулым годзе іх членамі была праведзена рэкордная колькасць сустрэч. У межах работы ІПГ грамадзян цікавілі пытанні, якія датычацца работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, рамонту дарог, землекарыстання, транспартнага абслугоўвання, добраўпарадкавання населеных пунктаў, аздараўлення, сацыяльнай абароны і іншыя. У гэтым кірунку заслугоўвае ўвагі вопыт работы ідэолагаў Мазырскага райвыканкама. Пра яго падрабязна распавяла начальнік аддзела ідэалагічнай работы Мазырскага райвыканкама Таццяна Ганчарэнка:

— Мы едзем у працоўныя калектывы, каб дапамагчы, а не "накапаць" нешта, каб зразумець болевыя кропкі. У нас кожны спецыяліст райвыканкама замацаваны за пэўным сельсаветам ці пэўнымі населенымі пунктамі. Мы ў краме задавалі самыя розныя пытанні людзям, каб разабрацца, што іх хвалюе на самай справе. Спрацоўвала адваротная сувязь — не проста пачуць, але і вырашыць праблемы, якія ёсць у людзей.

Тое, што большая частка рэгіянальных газет за апошнія гады змяніла ў лепшы бок не толькі свой знешні выгляд, але і змест, сведчаць усе. Відавочна павышэнне іх інфармацыйнай насычанасці, прафесійнага ўзроўню журналістаў, стварэнне ўласных інтэрнэт-рэсурсаў і, як вынік, пашырэнне аўдыторыі. З 2005 года па цяперашні час сярэдні разавы наклад мясцовых газет вырас са 124 да 184 тысяч асобнікаў, падпісны — са 117 да 168 тысяч. Але ж межаў для ўдасканалення няма, — адзначае намеснік начальніка ўпраўлення друкаваных СМІ і знешніх сувязяў Міністэрства інфармацыі Валянціна Мяшчэрская:

— Вялікая ўвага надаецца маладым кадрам, і гэта ўплывае на якасць газет. Сёння сур'ёзных канкурэнтаў на Гомельшчыне з боку недзяржаўных друкаваных СМІ ў дзяржаўных няма. Але гэта сёння. Таму супакойвацца нельга. Калі не будзе развіцця рэгіянальных СМІ, то заўтра такія канкурэнты могуць з'явіцца. Таму патрэбна штодзённая праца і барацьба за свайго чытача. Паколькі ёсць інтэрнэт-версіі, магчыма, за лік віртуальных наведвальнікаў павінна павялічвацца колькасць чытачоў. Сёння чатырохпалосны нумар рэгіянальнай газеты — анахранізм. У адукаваных людзей зусім іншыя, чым раней, патрабаванні да СМІ. Трэба абавязкова развіваць віртуальную прастору. Гэта задача не толькі для галоўных рэдактараў рэгіянальных выданняў, але і аддзелаў ідэалогіі на месцах.

У Гомельскай вобласці працуе сем студый мясцовага тэлебачання: у Гомелі, Мазырскім, Рэчыцкім, Светлагорскім і Жлобінскім раёнах. Але ж, нягледзячы на відавочную дынаміку развіцця рэгіянальнага тэлевяшчання, значнае павелічэнне праграм уласнай вытворчасці, Анатоль Каціла адзначае застой у пашырэнні зоны вяшчання мясцовага тэлебачання:

— Напрыклад, праграмы тэлеканала "Мазыр" маглі б цалкам быць даступнымі ў Ельскім, Калінкавіцкім, Нараўлянскім раёнах; Светлагорскага тэлеканала "Ранак" — у Акцябрскім і гэтак далей. Аднак для гэтага мала толькі ініцыятывы супрацоўнікаў электронных СМІ. У гэтым павінна быць зацікаўленасць выканкамаў, раёны якіх маглі б прымаць вяшчанне. Неабходна ўзмацніць развіццё і інтэрнэт-інфраструктуры рэгіянальных тэлерадыёкампаній. Ідэалагічнай вертыкалі неабходна не проста паспяваць за дынамічнымі зменамі свету і беларускага грамадства, але адэкватна і якасна рабіць усё магчымае для развіцця нашай краіны.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

←Беларусь готовится к распродаже по сходной цене

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика