Бізнэс з варыянтам дзяржпадтрымкі

Источник материала:  
17.08.2010 09:17 — Новости Экономики
Перспектыва заняцца прадпрымальніцтвам прываблівае многіх. Аднак не сакрэт: часам намер распачаць сваю справу становіцца вынікам не столькі імкнення да самастойнасці, колькі па сутнасці... вымушанай неабходнасцю. Практыка сведчыць, што значная колькасць грамадзян краіны ідзе ў бізнэс менавіта з беспрацоўных. Прычым варта адразу заўважыць: у такой сітуацыі ёсць усе шанцы скарыстацца дзяржаўнай падтрымкай.

Ад інструментаў да рэкламы


Для пачатку трэба адзначыць: беспрацоўныя, якія вырашаюць заняцца прадпрымальніцтвам у сельскай мясцовасці, пры звароце ў службу занятасці насельніцтва па месцы жыхарства могуць разлічваць на атрыманне дзяржаўнай субсідыі ў памеры 15 бюджэтаў пражытковага мінімуму. А беспрацоўныя, якія распачынаюць уласную справу ў гарадах, — 11 БПМ. Зразумела, што назваць гэтыя сумы "звышвялікімі" нельга. Аднак больш за 3 мільёны рублёў — грошы таксама не лішнія.

— Безумоўна, прадпрымальнік-пачатковец павінен мець і ўласныя сродкі, — кажа намеснік начальніка аддзела рынку працы і арганізацыі новых працоўных месцаў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Галіна Кулакоўская. — І разам з тым дзяржсубсідыя дазваляе зняць многія пытанні — асабліва калі выбіраецца прадпрымальніцкая дзейнасць, якая не патрабуе вялікіх укладанняў. Скажам, на субсідыю можна купіць пэўнае абсталяванне для гандлю, інструменты для апрацоўчых работ, заплаціць за ліцэнзію ці за некалькі першых месяцаў арэнды, абсталяваць для пасажырскіх перавозак уласны аўтамабіль, а таксама правесці невялікую рэкламную кампанію — даць тую ж аб'яву ў газету.

Даць справаздачу. І... пачаць

Дзяржсубсідыя беспрацоўным на арганізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці з'яўляецца бязвыплатнай. Інакш кажучы, вяртаць яе не трэба. Аднак варта заўважыць, што гэтыя грошы — мэтавыя. Адсюль і патрабаванне: на працягу трох месяцаў службе занятасці павінна быць дадзена дакументальная справаздача аб іх выкарыстанні.

— Трэба таксама мець на ўвазе і наступны нюанс, — адзначае Галіна Кулакоўская. — Вызначана, што ў выпадку нездзяйснення прадпрымальніцкай дзейнасці на працягу 12 месяцаў запар пасля дзяржаўнай рэгістрацыі і непаведамлення падаткавікам аб прычынах нездзяйснення такой дзейнасці беспрацоўны абавязаны вярнуць выдаткаваную яму субсідыю на працягу 7 дзён.

Тэсты на "пісьменнасць"

Спецыяльна збіраць якія-небудзь дакументы ў гэтым выпадку не прыйдзецца. Аднак адной з галоўных умоў выдзялення дзяржсубсідыі з'яўляецца рэгістрацыя ў якасці беспрацоўнага. У сваю чаргу "ніжняя" ўзроставая планка для рэгістрацыі беспрацоўным складае 18, а "верхняя" планка — 55 гадоў для жанчын і 60 гадоў для мужчын.

Умова ж другая — распрацоўка ўласнага бізнэс-плана. У ім прэтэндэнту неабходна даць сціслае апісанне будучай дзейнасці, вызначыць форму рэгістрацыі (падтрымка можа быць накіравана як на арганізацыю індывідуальнага прадпрымальніцтва, так і на стварэнне прыватнага ўнітарнага прадпрыемства), патлумачыць свае магчымыя канкурэнтныя перавагі на рынку, нарэшце, неабходна прадставіць фінансавыя разлікі і паказаць веданне заканадаўства — і ў тым ліку падатковага.

— Пры вывучэнні бізнэс-плана становіцца зразумелым, наколькі чалавек падрыхтаваны для прадпрымальніцтва, і гэта становіцца важкім аргументам пры прыняцці рашэння наконт выдзялення субсідыі, — распавядае Галіна Кулакоўская. — Да таго ж нельга не заўважыць, што загадзя падумаць над "планам дзеянняў", зрабіць папярэднія фінансавыя разлікі карысна і для самога прэтэндэнта — у такім разе ён мае больш шанцаў на поспех.

Дарэчы, калі з падрыхтоўкай бізнэс-плана ўзнікаюць праблемы, можна звярнуцца па дапамогу ў службу занятасці па месцы жыхарства. І зноў жа ў службе занятасці можна ўдакладніць, якія віды дзейнасці будуць па-сапраўднаму запатрабаванымі.

Перавагі — сферы паслуг

Бізнэс-план у абавязковым парадку будзе разглядаць служба занятасці. Тут яго прааналізуюць, пры неабходнасці ўдакладняць пэўныя моманты, а затым — запросяць прэтэндэнта на невялікую гутарку. І толькі пасля будзе прынятае канчатковае рашэнне. Калі яно будзе станоўчае, то з прэтэндэнтам заключаць дагавор. А неўзабаве і перавядуць на яго рахунак грошы.

— Канчатковае рашэнне можа быць як станоўчым, так і адмоўным, — падкрэслівае Галіна Кулакоўская. — Прычым пры яго прыняцці звычайна бяруцца пад увагу вопыт і адукацыя прэтэндэнта, а таксама яшчэ адна акалічнасць — наколькі прапанаваны від прадпрымальніцкай дзейнасці стасуецца з рэальнымі патрэбамі таго або іншага населенага пункта ці рэгіёна. Напрыклад, у Мінску ёсць традыцыйны попыт на тыя ж апрацоўчыя работы, транспартныя паслугі і рамонт транспарту, рамонт адзення, абутку і бытавой тэхнікі, а таксама на гандаль.

Справа "пайшла". Што далей?

Як правіла, на саму працэдуру прадастаўлення дзяржсубсідыі спатрэбіцца каля месяца. Прычым адметна: спяшацца з рэгістрацыяй у якасці індывідуальнага прадпрымальніка ці прыватнага ўнітарнага прадпрыемства ў дадзеным выпадку не варта. Зрабіць гэта трэба пасля заключэння дагавора са службай занятасці і пералічэння субсідыі. Да слова, цяпер на рэгістрацыю таго ж прадпрымальніцтва адводзіцца ўсяго адзін дзень.

Што да ліцэнзавання, то тут усё залежыць выключна ад віду дзейнасці. Скажам, ліцэнзаванне спатрэбіцца пры жаданні займацца гандлем. А вось пры намеры выконваць даволі папулярныя на сёння апрацоўчыя работы — ужо не.

— Пры гэтым калі справа "пойдзе", то былы беспрацоўны ўжо ў якасці суб'екта гаспадарання можа шукаць іншыя віды падтрымкі для пашырэння сваёй дзейнасці, — заўважае Галіна Кулакоўская. — Так, пры намеры заняцца ўладкаваннем інвалідаў можна скарыстацца магчымасцю атрымаць кампенсацыйныя выплаты на іх заробкі і выплаты на набыццё абсталявання. А плюс да таго існуе і варыянт праграмы крэдытавання малога бізнэсу пад ільготныя працэнты.
 

←Нынешние погодные условия во всем мире взвинтили цены не только на зерно, но и на картофель.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика