У трэцім квартале 2010 года Міністэрства гандлю Беларусі правядзе маніторынг
інтэрнет-магазінаў. Аб гэтым паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Мінгандлю Вольга Краўцова 10 жніўня на
прэс-канферэнцыі ў Мінску.
Паводле яе слоў, неабходнасць маніторынгу тлумачыцца тым, што інтэрнет-магазіны «не ў поўнай меры выконваюць заканадаўства».
Як паведаміла Краўцова, вядзецца збор даных аб інтэрнет-магазінах. На першым этапе маніторынгу прадстаўнікі Мінгандлю правераць рэгістрацыю інтэрнет-магазінаў у гандлёвым рэестры. Патрабаванне аб абавязковай рэгістрацыі, што набыла моц 1 ліпеня гэтага года, дае магчымасць знайсці інтэрнет-магазін па імені, якое маецца ў адрасным радку, адзначыла спецыяліст.
Другі этап маніторынгу, паводле яе слоў, прадугледжвае праверку выканання інтэрнет-магазінамі патрабаванняў заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў. Прадстаўнікі Мінгандлю, у прыватнасці правераць, ці ўказаныя на сайтах магазінаў усе неабходныя рэквізіты (месцазнаходжанне, ліцэнзія).
Штраф за парушэнне правілаў гандлю складае ад 5 да 10 базавых велічынь (базавая велічыня — 35 тыс. рублёў). «Пазіцыя органаў па абароне правоў спажыўцоў такая: з прычыны палітыкі лібералізацыі, якая прадугледжвае адмену ліцэнзавання, сертыфікацыі і гэтай далей, адказнасць трэба павялічваць», — падкрэсліла Краўцова.
Паводле звестак Мінгандлю, у гандлёвым рэестры зарэгістраваныя 2 тысячы 954 інтэрнет-магазіны.