Да скарбаў зямных

Источник материала:  
Да скарбаў зямныхНетры Беларусі даследаваны крыху больш чым на сорак працэнтаў. Такую лічбу геолагі паведамілі ў дэпартаменце па геалогіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. А яшчэ ўраджэнцы нашага краю шукалі і шукаюць радовішчы карысных выкапняў у іншых месцах планеты. Увогуле ж беларуская геалогія маладая: ёй крыху больш за 50 гадоў. Тым не менш, даследчыкі нетраў ужо адкрылі на радзіме больш за 5000 радовішчаў і праяўленняў карысных выкапняў.
Пра падземныя скарбы, на якія багатая краіна, пра людзей, якія іх шукаюць — гутарка з намеснікам дырэктара Беларускага навукова-даследчага геолага-разведвальнага інстытута, доктарам геолага-мінералагічных навук Уладзімірам Левашкевічам.
— Уладзімір Георгіевіч, у Беларусі геолагам, безумоўна, яшчэ ёсць што даследаваць. Якія прагнозы на будучыню, ці не марнай тут будзе праца?
— Прагнозы вельмі аптымістычныя. Патэнцыял недраў Беларусі не вывучаны і на палову, і я ўпэўнены: нас яшчэ чакаюць цікавыя, вялікія адкрыцці. Няма, па ўсім відаць, у нас вялікіх запасаў вуглевадароднай сыравіны, але ў дастатку іншых, не менш важных выкапняў. А наконт нафты раскладка такая: адкрыта ў нас 74 радовішчы, здабываем з іх штогод каля двух мільёнаў тон. Спажываем — каля дзесяці, а перапрацаваць можам прыкладна 20 мільёнаў тон. Як бачым, сваіх запасаў для нас малавата. Таму і пачалі на ўзаемавыгадных умовах асвойваць радовішчы гэтых відаў карысных выкапняў у іншых краінах.
— У прыватнасці, у Венесуэле...
— Так. Яшчэ раней беларускія геолагі як добрыя спецыялісты былі запатрабаваныя па ўсім Савецкім Саюзе. У 70-я гады, напрыклад, мы працавалі на Байкала-Амурскай магістралі, крыху пазней шукалі газ у Заходняй Сібіры. Я восем гадоў у свой час працаваў на Кольскім паўвостраве, потым у Баранцавым моры: шукаў там алмазы, нафту, газ. Цяпер нашы спецыялісты працуюць у Паўднёвай Афрыцы, Іране, Венесуэле, Казахстане... Па свеце ёсць нават цэлыя беларускія пасёлкі, што ўзніклі з нагоды розных геолага-разведвальных праектаў, а таксама здабычы карысных выкапняў.
— На якія карысныя выкапні сапраўды багатыя Беларусь?
— Я б назваў найперш калійныя і каменная солі, а таксама прамысловыя расолы (накшталт вялікага падземнага Мёртвага мора), даламіт, фасфарыты, сапрапелі... Мы цалкам забяспечваем сябе будаўнічымі матэрыяламі. А па запасах калійных соляў Беларусь займае чацвёртае месца ў свеце. Невычэрпныя запасы і мінеральных вод: практычна дзе ні зрабі свідравіну — знойдзеш мінералку. Прычым па якасці яна часта не саступае лепшым імпартным аналагам. У некаторых месцах мінералізацыя дасягае да 400 грамаў на літр, і многія айчынныя санаторыі ўжо актыўна скарыстоўваюць гэтыя прыродныя багацці для аздараўлення людзей.

Іда Ганчаровіч

←Беларусь не откажется от дотаций АПК

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика