Крэдыт не бяруць, каб падымаць заробкі
Перад беларускімі ўладамі стаяла дылема: ці браць чарговую порцыю МВФаўскіх грошай, ці не. Падобна, яна вырашаецца на карысць адмовы ад далейшага супрацоўніцтва.
Ранейшыя выказванні чыноўнікаў дазвалялі меркаваць, што ўлада схільная ўзяць грошы. Але цяпер міністр фінансаў Андрэй Харкавец адкрыта заявіў: «Відавочнай патрэбы для Беларусі ў новай праграме «стэнд‑бай» МВФ няма». Маўляў, папярэдняя праграма Міжнароднага валютнага фонду адыграла сваю станоўчую ролю, але з таго часу многае змянілася. «Сітуацыя ў эканоміцы сёння стабільнейшая, бюджэт выконваецца ў тых параметрах, якія мы чакалі, ідзе паступальны рост эканомікі», — сказаў міністр.
Аптымізму яму дадаў і Белстат, які падлічыў рост ВУП у першым квартале. Аказалася — плюс 4% проці леташняга паказчыка. На радасцях Міністэрства эканомікі паабяцала да канца паўгоддзя нарасціць ВУП да 6%. Якія лічбы будуць у канцы года, меркаваць складана. Разбежка складае ад 12%, якіх патрабуе Лукашэнка, да 2,4%, што прадказвае МВФ.
МВФ перашкаджае заробку $500
Міжнародны валютны фонд, пры ўсёй гатоўнасці выдаць Беларусі крэдыт, запатрабаваў бы няўхільнага выканання абавязацельстваў. І галоўнае — абмежаваў бы папулісцкі рост заробкаў беларусаў да $500 у перадвыбарны год. Пакуль што сярэднестатыстычны беларускі работнік зарабляе $348.
Паказчыка $500 дасягнуць рэальна, але такое надзіманне заробкаў парушае гаспадарчы баланс.
А пакуль іншыя паказчыкі эканамічнага развіцця пачынаюць вяртацца да пераддэвальвацыйнага ўзроўню. Ад 19 красавіка Нацбанк паменшыў памер стаўкі рэфінансавання на 0,5%. Цяпер яна будзе складаць 12,5%. Перад змрочным 2 студзеня 2009 года стаўка была роўная 12%.
Што зменіцца ўслед за гэтым рашэннем? Стануць больш даступнымі крэдыты, працэнт якіх змяшчае ў сабе стаўку рэфінансавання, але паменшацца і стаўкі ўкладаў.
Тым не менш, паказчык рэфінансавання ўсё роўна адстае ад тых, што былі зафіксаваныя ў прагнозных дакументах. У Праграме развіцця банкаўскага сектара эканомікі Беларусі на 2006—2010 гады было пазначана, што ў канцы 2010 года стаўка рэфінансавання будзе складаць 4—6%.
Яўген Васількоў