Экспарт малы, але важны. Што перашкаджае прадпрымальнікам больш актыўна зарабляць на разгрузцы складоў?

Источник материала:  
16.01.2010

Пасля працяглых разваг прадстаўнікі малога бізнесу пачалі з ахвотай набываць беларускія тавары для паставак на экспарт. Дадатковыя стымулюючыя меры, як разлічваюць у Міністэрстве эканомікі, дапамогуць актывізаваць гэты працэс.

“У верасні мінулага года доля малога бізнесу ў рэалізацыі складскіх запасаў складала толькі 8 працэнтаў, — параўноўвае дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтву Мінэканомікі Аляксандр Ліхачэўскі. — А за два тыдні студзеня — ужо 15,1 працэнта”.Прагрэс відавочны. Але, калі разабрацца, заспакойвацца пакуль што вельмі рана. Напрыклад, індывідуальным прадпрымальнікам прапанавалі льготны рэжым паставак беларускіх тавараў у замежжа. Плаціш базавую велічыню (35 тысяч рублёў) за месяц — і працуй на экспарт. Але такую магчымасць скарысталі пакуль што нямногія. “На 1 студзеня было зарэгістравана каля 210 плацельшчыкаў такога збору”, — канстатуе дырэктар дэпартамента. Калі ўлічыць, што ў Беларусі зарэгістравана прыкладна 220 тысяч ІП, дык і сапраўды няшмат.“Трэба ўлічваць сезонны фактар, пэўную інертнасць прадпрымальнікаў, якія падлічваюць, наколькі ім гэта будзе выгадна”, — называе магчымыя прычыны Аляксандр Ліхачэўскі. Акрамя гэтага, і мясцовыя, рэспубліканскія ўлады павінны стварыць дадатковыя спрыяльныя ўмовы.Самі індывідуальныя прадпрымальнікі просяць дазволіць ім для ажыццяўлення экспартных паставак мець хаця б аднаго наёмнага работніка, прычым не блізкага сваяка. Іначай, тлумачаць яны, калі ехаць з таварам у замежжа, дык на каго тады пакінуць гандаль у Беларусі? Пакуль што “не ў павазе” прадпрымальнікі і ў некаторых айчынных прадпрыемстваў-вытворцаў, якія часам не жадаюць працаваць з дробнымі пакупнікамі.У адказ на такія просьбы ў Міністэрстве эканомікі па-ранейшаму прапануюць індывідуальным прадпрымальнікам пераходзіць да дзейнасці ў фармаце юрыдычных асоб. Для гэтага ёсць добрая нагода: для экспарцёраў  айчынных тавараў стаўку падатку знізілі з 8 да 3 працэнтаў.А з занадта непаваротлівымі вытворцамі, якія адмахваюцца ад ІП, у міністэрстве абяцаюць разабрацца.Сёлета кожны аблвыканкам плануе правесці ў блізкім замежжы па 30—40 выстаў-кірмашоў, на якія абавязкова запросіць і айчынных прадпрымальнікаў. І гэта таксама павінна стаць стымулам для прадстаўнікоў малога бізнесу працаваць на экспарт.

Дарэчы

“Народная газета” чарговы раз была прызнана пераможцам штогадовага конкурсу па асвятленні прадпрымальніцкай тэматыкі ў СМІ. Журы Міністэрства эканомікі на чале з намеснікам міністра Андрэем Турам адзначыла ў нашай газеце публікацыі, прысвечаныя развіццю прадпрымальніцтва ў малых гарадах і сельскіх населеных пунктах. У гэтай намінацыі “Народную газету” назвалі лепшай сярод агульнарэспубліканскіх перыядычных выданняў. Сёлета на конкурс накіравалі свае заяўкі 65 СМІ.

←Промышленное производство в Беларуси в 2009 году упало в шести отраслях из девяти

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика