Сям’я Корбаў з Альпеня прыняла ўдзел у абласным этапе рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”. Яго арганізатары – Брэсцкі АК ГА “БРСМ” і галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама.
Конкурс праходзіў першага верасня ў аг. Астромічы Кобрынскага раёна. 11 сем’яў-пераможцаў раённых спаборніцтваў з розных куточкаў Брэсцкай вобласці змагаліся за права прадстаўляць наш рэгіён на рэспубліканскім узроўні.
Маладзёжны праект быў часткай раённага свята-конкурсу традыцыйнай культуры, прымеркаванага да завяршэння ўборкі ўраджаю.
Як расказаў першы сакратар РК ГА “БРСМ” Вадзім Заруба, сям’я з Альпеня заняла пятае месца. Знаёмства з сем’ямі-ўдзельніцамі адбылося ў час конкурсу “Вітаем па-беларуску”. Удзельнікі пелі і танцавалі, расказвалі пра сябе ў вершаванай форме. Асобнай увагі заслугоўваюць касцюмы ў нацыяльнальным стылі, у якія былі апрануты сем’і.
Затым члены журы і госці свята паглядзелі выставы дасягненняў сем’яў, пазнаёміліся з іх падвор’ямі і выстаўкамі, ацанілі кулінарныя здольнасці маладых, але спрытных гаспадынь.
Весела, актыўна прайшлі конкурсы “Сялянская эстафета”, “Па дровы”, “Гаспадар” і “Сямейны дэсант”. Шматлікая публіка падтрымлівала ўдзельнікаў, а гэта, як вядома, дорыць упэўненасць у сабе і зараджае новымі сіламі.
Прадстаўляць Брэстчыну на рэспубліканскім этапе будзе сям’я з Баранавіцкага раёна. Жадаем ёй поспеху!
Дарэчы, упершыню дадзены праект быў праведзены ў Глыбоцкім раёне ў 2007 годзе, праз год стаў рэспубліканскім. За гэты час каля 1800 маладых сем’яў Брэсцкай вобласці прынялі ўдзел у розных этапах “Уладара сяла”.
Святлана МАРОЗ
Конкурсы «Уладар сяла»: абласны этап
06.09.2019
—
Новости Культуры