Сёлетні год для дзіцячага танцавальнага калектыву “Пралеска” Альманскага сельскага дома культуры юбілейны.
Чвэрць веку існуе творчы ансамбль у маляўнічым куточку Століншчыны. Няўрымслівых, актыўных, энергічных хлопцаў і дзяўчат ведаюць многія жыхары раёна – “Пралеска” часта выступае на разнастайных мерапрыемствах, святах вёскі, канцэртах у розных населеных пунктах раёна.
Карэспандэнт “НП” сустрэўся з мастацкім кіраўніком калектыву Алай Дзенісовіч і загадчыкам Дома культуры Мікалаем Дзенісовічам, каб прыгадаць гісторыю ўзнікнення “Пралескі”.
Ала родам з Брэста. З будучым мужам Мікалаем пазнаёміліся ў Гродзенскім вучылішчы мастацтваў. Прыехала ў Альманы ў 1993 годзе. Маладой дзяўчыне бліжэй было гарадское жыццё. Спачатку апаноўваў лёгкі сум. І ў плане работы, і ад сутыкнення з рэаліямі вясковага жыцця. Калі пачыналі ствараць калектыў, Ала Мікалаеўна хадзіла па вёсцы і запрашала дзяцей. Многія адмаўляліся. Нязвычна гэта было для вяскоўцаў.
А потым Ала Дзенісовіч настолькі прывыкла да гэтай вёскі, людзей, прыроды, лесу, што зараз не ўяўляе сябе ў іншым месцы.
З часам арганізаваўся гурток, пачаліся рэпетыцыі, першыя выступленні. Назва “Пралеска” з’явілася не ў першы год, крыху пазней. Выбрана не выпадкова.
– Я гавару сваім дзяўчатам і хлопцам: вы павінны прыкладаць усе намаганні для добрага выніку, імкнуцца быць першымі, – расказвае кіраўнік. – Як вясновыя кветкі пралескі, якія першымі расцвітаюць і радуюць чалавека.
Рэпетыцыі адбываюцца амаль кожны дзень. Кіраўнік кажа, што ніколі не крытыкуе сваіх падначаленых, але і хваліць празмерна не лічыць правільным – дзіця крыху расслабляецца і вынік будзе не зусім такі, якога чакаеш.
“Пралеску” пазнаюць па такіх танцах, як “Жураўлі над Палессем ляцяць”, “Русский перепляс”, “Вёсачка”, “Дзікія танцы”, цыганскі танец. Каля 15 народна-сцэнічных танцавальных нумароў у скарбонцы калектыву. Пэўным чынам дапапамагае ўрок, а калі дакладней казаць, факультатыў па рытміцы і танцу ў школе для 1-4 класаў, які таксама вядзе Ала Дзенісовіч.
Тое, чым могуць ганарыцца, — сцэнічныя касцюмы і абутак. Яны даставаліся нялёгка. Пэўны час прыходзілася браць у Столінскім ГДК. А пасля па праекце Цэнтра падтрымкі сельскага развіцця і прадпрымальніцтва была выдаткавана вялікая сума грошай для набыцця касцюмаў. Каб гэтая працэдура была здзейснена, дапамаглі і мясцовыя жыхары, і СВК “Струга”, і аддзел культуры.
Зараз удзельнікі калектыву выходзяць на сцэну ў яркіх, прыгожых, якасных убраннях. Кожная дэталь патрабуе свайго падыходу. Напрыклад, для танца “Жураўлі над Палессем ляцяць” нядаўна заказалі палескія ручнікі ручной работы. Каб было сапраўды выразна і вытанчана.
У 2015 годзе Дом культуры змяніў месца “прапіскі” – пераехаў у новы будынак. Гэта дало новыя магчымасці для развіцця калектыву. Каля 40 удзельнікаў розных узростаў заняты ў танцах. Радуе, што ў “Пралеску” прыходзяць і хлопчыкі, юнакі. Вось, напрыклад, адметны і здольны ўдзельнік – Раман Буян. Танцуе ўжо многа гадоў. Аляксандр Шаміч таксама доўгі час быў танцорам калектыву.
Ала Мікалаеўна распавядае: “Мікалай Мікалаевіч мяне ва ўсім падтрымлівае. Ведае, я без работы, стасункаў з дзецьмі не магу. Калі бачыш задаволенага гледача, яго станоўчыя эмоцыі, – гэта лепшая падзяка. Дарэчы, “Пралеска” дала многім маладым людзям пуцёўку ў жыццё. Многія дзеці, якія наведвалі калектыў, звязалі сваё жыццё з культурай. Яны працуюць у Давыд-Гарадку, Пружанах, Баранавічах і ншых гарадах Беларусі”.
У канцы жніўня “Пралеска” ў Альманах прадставіла юбілейную праграму. У яе ўвайшлі найбольш любімыя вяскоўцамі нумары.
– Я заўсёды гавару сваім “пралескам”, – падкрэслівае Ала Дзенісовіч, – харэаграфія – від мастацтва, які развівае ў хлопцах і дзяўчатах многае: эстэтыку, фізічныя здольнасці, знешнюю культуру, стасункі з равеснікамі, цярпенне, вынослівасць. І магчыма, зараз гэта неўпрыкмет, а ў будучыні яно абавязкова праявіцца.
Удзельнікі “Пралескі” дзеляцца сваімі меркаваннямі з “НП”.
Сямікласніца Ульяна Гмір: “Танцую ў “Пралесцы” з першага класа. Вельмі падабаецца: і рэпетыцыі, і выступленні. Мой любімы танец – “Русский перепляс”. Цяжэй за ўсё даецца адпрацоўка рухаў. Але разумею, без працы – не выцягнеш рыбку з сажалкі”.
Марыя Гмір: “Сёлета я паступіла ў Пінскі каледж мастацтваў. Толькі добрыя словы магу сказаць на адрас Алы Мікалаеўны. Вельмі люблю наш калектыў, прыходжу сюды як у роднае месца”.
Дар’я Дзенісовіч: “Амаль сем гадоў займаюся ў “Пралесцы”. Выступаем у розных населеных пунктах раёна – у Струзе, Сямігосцічах, Асавой. Кожная паездка дорыць незабыўныя ўражанні. Мяне падтрымліваюць бацькі. І гэта здорава”.
Валерыя Якуціч: “Сумяшчаць рэпетыцыі і вучобу ў школе можна, было б жаданне. Для мяне харэаграфія – не проста хобі, захапленне. Планую з ёю звязаць сваё жыццё. Хачу вучыць дзяцей танцам. Вельмі падабаецца гэты занятак”.
Святлана
МАРОЗ
Фота аўтара