«Археолаг, як і сапёр, памыляецца толькі раз». Як сапраўдная гісторыя паўстае з зямлі
«Ка-а-а-па-а-аць!» — разлятаецца па востраве гучны кліч археолага Мікалая Плавінскага. Пасля невялікага парапынку валанцёры і археолагі займаюць свае месцы на раскопе. Адны — працуюць рыдлёўкамі, другія — старанна скрабуць зямлю і напаўняюць ёй вёдры, іншыя — яе прасейваюць і пільна ўглядаюцца ў невялікія цвёрдыя аб’екты. Робіцца замалёўка раскаопу, падпісваюцца знаходкі. Праца кіпіць. Штогод падчас экспедыцый беларускія археолагі здабываюць аскепкі нашай багатай гісторыі — тое, чаго яшчэ ніхто не бачыў. Месцаў для даследванняў на тэрыторыі Беларусі хапае, а вось археолагаў — не занадта.

15 жніўня ў Беларусі адзначаецца Дзень археолага. На ўсю краіну іх будзе каля пяцідзесяці. Але датычныя да свята і тыя, хто хаця б аднойчы прымаў удзел у археалагічных даследаваннях як валанцёр і прайшоў абрад пасвячэння ў археолагі — з клятвай і жартаўлівымі археалагічнымі выпрабаваннямі.
Фотакарэспандэнт TUT.BY Вольга Шукайла выправілася на востраў на возеры Неспіш, што ў ваколіцах Браслава, каб паглядзець, як гісторыя паўстае літаральна з зямлі.

Апоўдні ў намётавым лагеры, што месціцца на беразе возера Неспіш ў Слабодцы, пуста. Толькі дзяжурныя гатуюць на вогнішчы сачавіцавы суп. Праз гадзіну гарачы абед даставяць на востраў, дзе на раскопках старога манастыра працуюць археолагі і валанцёры. Раней востраў з берагам злучаў драўляны мост, а зараз — Сцяпан на сваёй пласкадонцы. З «вялікай зямлі» на «малую» ён перавзозіць археолагаў, валанцёраў і журналістаў.


Тым часам на востраве Мікалай Плавінскі, археолаг у другім пакаленні, раздае ўказанні, дзе каму капаць, каму дзе скрабсці, а каму дапамагчы зрабіць замеры. На раскопкі ён трапіў яшчэ падлеткам і правёў «у палях» ужо 25 гадоў. Гэта ўжо 15-ты год, калі археолаг ладзіць свае ўласныя экспедыцыі. Кажа, што прафесію не абіраў з некалькіх. Ужо ў 8−9 класе дакладна ведаў, што будзе археолагам, як бацька.

— Археалогія заражае, — кажа Плавінскі. — Калі людзі кажуць пра яе, шмат хто думае пра рамантыку. Але, па шчырасці, гэта вельмі нудотная і доўгая праца. І капанне зямлі — толькі першы этап. Пасля ідзе навуковая апрацоўка выяўленых матэрыялаў, навукаовыя аналізы, напісанне справаздач. Напэўна, праца бухгалара можа быць больш вясёлай, чым праца археолага. Але, натуральна, момант цікавасці ёсць. У адрозненні ад іншых гуманітарных навук, кожны год археалагічных даследаванняў — гэта штосьці новае. Кожны раскоп, кожны шурф, кожны новы помнік — гэта прынцыпова новая інфармацыя, якой раней не было.


— Археолаг, як і сапёр, памыляецца толькі адзін раз, — лічыць Мікалай Плавінскі. — Напрыклад, можна некалькі разоў пачытаць дакумент ў архіве ці зрабіць апытанне. Але праца архелогаў такая, што яны адначасова даследуюць і знішчаюць археалагічныя помнікі, таму што падчас даследавання культурны слой і некаторыя аб’екты перастаюць існаваць. Другі раз раскапаць той жа культурны слой немагчыма. Гэта вельмі адказна — прымаць кожнае рашэнне: дзе капаць, а дзе — не, выяўляць і фіксаваць інфармацыю.

— Каб даведацца, дзе капаць, трэба вывучыць шмат крыніц. Я не ўмею глядзець праз зямлю. Археалогія — гэта яшчэ момант і выпадак. У маленькім раскопе могуць быць і пабудовы, і пахаванні, і іншыя знаходкі. А можа не быць нічога. Адмоўны вынік — гэта таксама вынік. Нашыя магчымыя адкрыцці залежаць не ад нас, а ад тых археолагаў, якія займаліся гэтым раней. Бо ўсе нашыя першапачатковыя веды мы атрымалі з мінулага.

На летнікі з’язджаюцца самыя розныя людзі, якім цікавая гісторыя і археалогія. За сезон 2019 года ў Мікалая Плавінскага было 2 летнікі, якія сабралі агулам каля 200 чалавек. Былі фізік-ядзершчык і стаматолаг, філосаф і лясны тэхнік, студэнты і людзі сталага ўзросту. Прыязджаюць валанцёры з розных куткоў Беларусі, далучаюцца мясцовыя жыхары.

Па словах кіраўніка экспедыцыі, не ўсе гатовы працаваць па 6−8 гадзін на дзень: скубсці гліну, капаць ровікі, трываць шалёнага начальніка. Валанцёры жывуць у намётах, мыюцца ў возеры, ежу гатуюць на вогнішчы. Размаўляюць, пераважна, па-беларуску. Па словах Плавінскага, за 2 тыдні летніка можна падцянуць сваю беларускую мову. Паступова людзі ўцягваюцца і ў вывучэнне сваёй гісторыі. Але вытрымліваюць не ўсё. Затое, тыя, хто застаецца, застаюцца на гады і нават дзесяцігоддзі.

Археолагі — не Індзіяны Джонсы і не шукаюць сенсацыі, гэта толькі ў фільмах такое бывае. Ну якая можа быць сенсацыя ад вывучэння чарговага крывіцкага кургана? Я вам скажу — з гэтага няма ніякай сенсацыі. Але мы сабралі пэўныя статыстычныя матэрыялы для далейшых даследаванняў. Ці, як на востраве — былі пісьмовыя звесткі пра манастыр, выявы папярэдніх экспедыцый. Наша даследаванне — выявіць, як гэта выглядала на зямлі. Так, у выніку раскопак мы атрымалі выдатную нумізматычную калекцыю, але гэта не галоўнае. Галоўнае, што гэтыя манеты цалкам супадаюць з гістарычнымі этапамі равіцця манастыра і адлюстроўваюць яго жыццё.


Разам з тым існуюць праблемы на мясцовым узроўні: там трэба папулярызаваць веды па гісторыі і археалогіі. Людзі часам не разумеюць, што такое помнік археалогіі і у месцах, дзе стаіць адпаведная шыльда, могуць весціся вырубка і траўля лесу. Тое ж і з чорнымі капацелямі, сярод якіх сустракаюцца людзі, зацікаўленыя гісторыяй. Але яны не разумеюць, што сваімі дзеяннямі незваротна знішчаюць нашую гістарычную спадчыну.

Апроч іншага, Мікалай Плавінскі займаецца папулярызацыяй гісторыі і пашырэннем пэўных гістарычных ведаў.
— Магчыма, самае галоўнае, што нашым прыкладам і нашымі дзеяннямі мы будуем сваю краіну, — кажа навуковец. Беларусы — вельмі маладая палітычная нацыя і важна, каб у людзей фарміравалася разуменне і важнасць сваёй гісторыі, сваёй дзяржавы. Пры гэтым не важна, на якой мове мы размаўляем. У кожнай экспедыцыі мы будуем сваю маленькую Беларусь і хочацца верыць, што рана ці позна яна ператворыцца ў дарослую палітычную нацыю.







