Сёння, 21 верасня, спаўняецца 100 год з дня нараджэння нашага славутага земляка Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага
Сёння, 21 верасня, спаўняецца 100 год з дня нараджэння нашага славутага земляка Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага — педагога, пісьменніка, мовазнаўцы, доктара філалагічных навук, заслужанага дзеяча навук БССР, аднаго з заснавальнікаў беларускай фразеалогіі і пачынальніка беларускай фразеаграфіі, аўтара шматлікіх слоўнікаў, падручнікаў, мастацкіх кніг.
Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі нарадзіўся 21 верасня 1918 г. у вёсцы Клетнае, тады гэта была Глуская воласць Бабруйскага павета. “Я з вялікай сялянскай сям’і: адзінаццаць душ. Жыла і працавала сям’я на вузкім і цесным, як тады казалі, надзеле зямлі. Разам з сенажаццю яе было меней за чатыры гектары. Але сям’я не ведала ні такой вясны, ні нават такога дня, каб на выбеленым, заўсёды чыстым і з вышыўкаю ручніку не было круглага з блішчастаю скарынкаю хлеба, а ў кубельчыках — скваркі. Працавалі ўсе, працавалі многа, працавалі заўсёды дружна”, — чытаем у яго кнізе “Радасць і боль”. Вучыўся ў пачатковай школе ў Клетным, пасля ў Глускай сямігодцы. Яркае ўражанне з першых вучнёўскіх гадоў — настаўнік Станіслаў Бараноўскі: “Звалі мы яго, нашага настаўніка, проста і хораша — Дзядзька Настаўнік… Вучыў Станіслаў Бараноўскі адразу ўсе чатыры класы майго дарагога ўніверсітэта, дзе рэктарам і лектарам, сакратаром і бібліятэкарам, бухгалтарам быў ён адзін — наш дзядзька настаўнік”.